Нават воцат кепска студзіў разжараны метал. І тады варта зноў пусціла ў прадушыны гарачае масла і смалу. У цёмным тунелі на хвіліну засычэла і пацьмянела.
Кляонік з апошнімі падручнымі з усёй сілы кінуўся бегчы прэч ад моста. Яму зусім не хацелася заскварыцца зажыва, калі зноў плюне «аршанскі агонь».
Павольна цяклі хвіліны. Прыбеглі людзі з лесвіцамі. Марка і Ціхон Вус паперадзе ўсіх спусціліся ў зялёную, смярдзючую ваду рва, палезлі да муроў.
На зубцах у тым месцы, дзе прыстаўлялі драбіны, з'явілася варта ў кальчугах. Крычаў на іх, машучы рукамі, сотнік Карніла, разяўляў рот. Да ног абаронцаў паўзлі па сценах, падалі на іх лесвіцы. Варта кінулася разгойдваць, скідаць іх з муроў. Доўгія жэрдкі ўжо ўперліся ў адну, дрыжучы, адштурхнулі разам з тымі, хто лез.
І ў гэты момант заляскалі па бычыных скураных рукавіцах цяцівы лукаў. Пяць з лішнім дзесяткаў лучнікаў пачалі з-за рова страляць па зубцах. Узвілася над імі дудная песня. Трыумфавала, захлыналася. Стрэлы заляскаталі па зубцах. Варту нібы змяло. Відаць, падбадзёрваючы яе, узнік між зубцоў сотнік. Стаяў тварам да вояў, якія перапалохаліся, трос мячом у паветры.
Звякнула нечая цеціва — Карніла пахіснуўся і знік. Дождж са стрэл размерана, шэсць разоў на хвіліну, не рэдка і не часта, як то належыць пры аблозе, падаў на зубцы. Цяпер па лесвіцах лезлі не баючыся.
…Кляонік між тым зразумеў: «Час!»
— Хлопцы, — загарланіў ён шалёна. — На злом!!!
Крык падхапілі. Людзі павольна рушылі наперад.
Павольна, бо чакалі, што вось-вось плюне агнём канон.
І струмень «аршанскага агню» зноў узвіўся ў паветра. Зарана. Людзі не трапілі пад яго. Варта не вытрымала і паспяшалася.
Зноў зарыкаў агнявы шквал. І, нібы не вытрымаўшы ягонага напору, бабухнулася ўніз жалезная брама. Фырнулі, паляцелі з-пад яе галавешкі, бярвенне, жар.
Не зразумеўшы, у чым справа, адчуўшы толькі, як здрыганулася вежа, абаронцы, напэўна, падумалі, што гэта тараняць браму, жадаючы хоць некуды выбрацца з тунеля, заспетыя там полымем абложнікі.
Стрэліў у тунель брамы другі канон. У амаль наглуха закаркаваным праходзе выбухнулі вылітыя раней масла і смала.
Глуха, страшна ахнула нешта. Заслона ўспучылася і ўпала. У клубах агню і дыму рванула штосьці — нібы з гарматнага жарала. З грукатам паляцелі адтуль уламкі кратаў. У паветры свісцела, выбухала, раўло. Агнявыя галкі з шыпам ляцелі ў роў.
Калі дым трохі разышоўся, людзі ўбачылі, што пярэдні мур вежы трохі рассеўся, што з яго і з байніц дымее. І яшчэ ўбачылі агнявое пекла ў брамным тунелі. Унутраная брама ўстаяла. Нават выбух не вываліў, а выбіў яе. Але затое яна палала зыркім гарачым полымем.
— Вось яно, — сказаў Вястун. — Трохі-трохі счакаем, яна і ўпадзе.
З палаючых палавінак ляцелі жарынкі, пырскала расплаўленай бронзай. Абаронцы, відаць, толькі тут апрытомнелі і, пэўна, пачалі ліць прадушынамі ваду. Ім удалося трохі збіць агонь, але затое вежа цяпер стаяла ўся ў хмарах дыму і пары.
— Нічога, гэта нам з рукі, — сказаў Вястун. — Хутчэй згасне агонь.
— Гэта нам тым больш з рукі, што яны зараз кідаюць вежу, — сказаў разьбяр. — У такой лазні жывы чалавек не вытрымае.
Над вежаю стаяў сівы, непразрысты слуп. Калыхаўся. Плыў у ноч.
Пан пісар паставіў на лісце апошні подпіс і скруціў яго ў скрутак.
— Ну вось, — сказаў Лотр. — Страта заўтра на Зітхальным гарбе. — Папросту — на Ўздыхальніцы… Раніцаю, у канцы апошняй начной варты. Хто хоча апошняе суцяшэнне — будзе яно. Апошняе жаданне…
— Каб вы здохлі ад чумы, — сказаў непапраўны Багдан.
— …выканаем… Бог з вамі. Ідзіце, грэшныя душы, і няхай злітуецца з вас Бог і Марыя-заступніца.
Кат падышоў да Братчыка. Барвяны капюшон быў апушчаны на твар.
— Ідзі, — амаль ласкава сказаў ён.
У гэты момант Пархвер стаў чуйна прыслухоўвацца. Усе насцеражыліся. Скора нават глухаватыя пачулі тупат. Ляснулі дзверы, і ў судную залу ўваліўся Карніла. Закураны, з рагамі бруднага поту на твары, ён смярдзеў дзікім зверам.
— Ваша правялебнасць, — загарлаў ён, — даруйце! Не папярэдзілі! Думалі — куды ім.
— Што такое?
— Народ! Народ патрабуе Хрыста!
Муры ў палацы былі такія тоўстыя, што знадворку сюды дагэтуль не даляцеў ніводны гук.
— Лезуць на замак! — крычаў Карніла. — Браму выбіваюць! Рабаваць будуць!
— «Той, хто бацьку разарае — сын сарамотны і несумленны», — сказаў Жаба.
— Дык разгані іх, — сказаў Басяцкі. — Схапі.
Карніла падыходзіў да стала неяк дзіўна, не сваімі нагамі, нібыта з ім нешта здарылася. І толькі калі ён выйшаў на святло, усе ўбачылі прычыну гэтага. У сотнікавым задзе тырчала доўгая, багата апераная страла.
Читать дальше