Апавяданне Акілы Кіёвага
— Гэна… А я што? Я лесаруб… Прыстаў да іх, хай яно… Лесаруб я… Хаціну меў… гэткую… Ледзь, можа, болей… ну… за дупло… З хаціны… як жа яно… сагналі… Лес стаў запаветны… каралеўскі… Ну і потым, я на зборшчыка падаткаў выпадкова дуб пусціў. Спляжаны. І не сказаць, каб вялікі быў дуб. Так год на семдзесят. Ды, мабыць, трапіў па голым месцы.
— Нішто сабе, — сказаў Лотр.
— Гэна… А чаго «нішто»? На мяне адноечы стогадовы ўпаў. І нічога. Часам толькі… як жа яго… гэна… у вушах страляе.
— М-м, — у адчаі замычаў Басяцкі.
— Клянуся Маці Божай і святым Міхалам, — упадаючы раптам у прыпадак гневу, сказаў Пархвер, — вось каго проста і Бог не дазволіць пакінуць без вогнішча. Ягоны тлушч адзін каштуе больш, чым усё ягонае вартае жалю жыццё.
— Гэна… А чаго маё… гэта… жыццё… Яно мне — нічога.
І тут раптам ускіпеў Багдан:
— Ты… хамуйла… Які ж ты тхор!.. Я пачынаю сівець, ты, шчанюк, і яшчэ нікога не дапікнуў жыццём. Мы памром. Але ты, вось так дакараючы людзей самым каштоўным, што ім дадзена, памрэш раней. А калі дажывеш да маіх год і не атрымаеш плахі ў загрывак ці стралы ў тэльбух — значыць, беларусы сталі быдлам і іхняя высокай пробы храбрасць памерла.
Роскаш быў такі страшны, што, баючыся праклёну асуджанага, у які тады верылі значна больш, чым цяпер, суддзі змоўчалі, і нават Пархвер сцішыў свой гнеў.
— Добра, — ціха сказаў Лотр. — Ну, а ты… наступны?
Наступны, чалавечак год пад сорак, гарбаносы, са сквапным ротам у сетцы буйных жорсткіх зморшчын, з шэрымі, адначасова фанатычнымі і сварлівымі вачыма, раптам закрычаў нейкім бязглузда-страсным голасам:
— А што наступны?! Што наступны?! — Вочы ягоныя бегалі.
— Ну, ты што? — спытаў Басяцкі. — Можа, хаця ты сумленны чалавек?
— Чаго сумленны?! Нашто?! Сярод такіх людцаў ды сумленны?! Я не сумленны, я — мытар! Мытнік я! Мытар!.. Данель Кадушкевіч маё прозвішча.
Братчык усміхнуўся.
— Чаго ж ты з мытараў пайшоў? — у мядзведжых Балвановічавых вочках бліснула цікавасць. — Праца пачэсная… Харошая… Сам апостал Мацей быў мытар.
Апавяданне Данеля Кадушкевіча
— А што Мацей?! Што Мацей?! Яму, старой перачніцы, добра было. Яго Бог да сябе прыблізіў. Ён цуды бачыў. А я нават звера Какадрыла толькі ў гішпанскай кніжцы глядзеў. І манаха марскога не бачыў. Чаго з мытараў пайшоў? А таго. Абрыдла ўсё. Раніцай устанеш, часам памыешся, пад'ясі. А што за ежа? А дзярмо ў нас ежа! Продкі тура елі — хаця б табе тут турыны капыт. Зямля аскудзела. Дзіваў мала. А што?! Няпраўда?! Захоча чалавек разнасол з'есці, звычайнае, скажам, зубрынае вымя, чаго дзяды і за ежу не лічылі, а яму пруць кожан дзень мядзведжую шынку або чорнага бусла. А ён мне абрыднуў, як гнілая рыба… А потым ідзеш мыт браць, вазы чапамі мацаць, каб не везлі недазволенага. А чаго яны там вязуць? Хіба гарэлку?! Няма таго, каб нешта такое, ну, гэтакае… Каб аж вочы на лоб палезлі. Ну, хаця б нейкага там аднарога… А потым дадому ды дадому, ды зноў есці, ды вячэраць, ды жонцы пад бок. Хаця б жонка нейкая… такая… дык не — баба… Каб жа ж гэта яна — мурынка, або… русалка, ці што, або, на горшы выпадак, турэцкая княгіня. Абрыдла мне ўсё. Есці абрыдла, мыта абрыдла, жонка абрыдла. У іншых краінах дзівы здараюцца, каметы кожны дзень, зямля цераз ноч трасецца, у небе тым розныя знакі. А ў нас толькі што цмокі ў Лепельскім возеры паздыхалі, дык я і тых не бачыў… Кінуў я ўсё… Лухта ўсё, лухта! Дзіва бы мне, дзіва, — няма дзіва. Я, можа, увогуле прарокам быць хацеў, а мне — мытарам. А што?! Тфу, вось што.
Лотр паціснуў плячыма. Паказаў на лысага Мірона Жарнакрута:
— Ну, доўга не будзем тут языком мянціць. Вячэраць час. А пра цябе я і так усё ведаю. Былі вы камедыянты. Выгналі цябе за бяздарнасць. Ты пайшоў, а паколькі ўсе спалі, то ты і фургон з вопраткай і іншым з сабою прыхваціў.
Лысы Жарнакрут падціснуў вусны. Вакол іх сабралася мноства зморшчынак, і рот стаў нагадваць зашмаргу каліты. Такія раты бываюць толькі ў з'едлівых і скупых да апошняга людзей.
— Я-як за бяздарнасць?! — спытаў Мірон, і голас ягоны зарыпеў, нібы нехта сапраўды пачаў круціць жорны. — Я?! За бяздарнасць?!
Бровы ягоныя палезлі на лоб, у вачах з'явіўся гнеў. Зашмарга каліты распусцілася, паказаўшы жоўтыя рэдкія зубы. Твар стаў падобны на бяздарна зробленую трагічную маску. Ён засмяяўся, і гэты смех спачатку рыпеў, як жорны, а потым перайшоў у трагічнае «ха-ха-ха».
— Ды я!.. Ды яны… Самі вы бездары. Вось, глядзіце! — Мірон стаў у позу.
Читать дальше