Крыж пацягнулі на вяршыню ўзгорка, дзе падручныя ката ўжо капалі яму. Ляцела адтуль і рассыпалася па схілах жоўтая зямля. Хрыстос стаяў і цяжка дыхаў. Вочы былі заплюшчаныя. Натоўп маўчаў. Калі смерць зусім блізка — нават у ворагаў з'яўляецца нейкае падабенства павагі.
Людзі стаялі так цесна, што каб нехта самлеў — ён так бы і астаўся стаяць на нагах. Суседзі не далі б упасці.
Рыбнік стаяў у гэтым натоўпе і рабіў дзіўную справу: трымаў у роце вялізнага вэнджанага ляшча. Вырачаныя вочы безуважна глядзелі некуды. Свідравалі натоўп, аддаляючыся ад гэтага месца, Ціхон Вус і Фама. Ухмыляліся злосна.
— Ты вось што… — сказаў Тумаш. — Як станем на зручнае месца, як падам знак — прыкрый мяне плашчом. Буду страляць…
— Фама, — сказаў Вус, — мучыцца як ён будзе, ты разумееш? Ты ўяві…
— Не, — кінуў Фама, здагадаўшыся, пра што кажа друг. — Не здолею. Не падымецца рука. На яго не падымецца рука… Але ўжо іншым…
— Ведаю. І ў мяне не паднялася б.
Нейкі стары, з цікаўных, тым часам усё заглядаў і заглядаў у твар рыбніку. Дужа здзіўляўся. І ўрэшце наважыўся, звярнуўся да дзіўнага суседа:
— Закусваеш, мілы? І смачна, пэўна?
Рыбнік маўчаў.
— Бачыце? — звярнуўся дзядуля да суседзяў. — Маўчыць, дзівак. Чаго маўчыш?
— Ды ён, мабыць, скана-аў! — здагадалася нейкая цётка.
Народ шарахнуўся, расціснуўшы кола. І тады рыбнік упаў. З маху. Усім целам.
— Папрацавалі, — буркнуў Фама. — І яшчэ папрацуем. Я б вось так цэлы дзень хадзіў і цюкаў. Вылюдак разумнее — мёртвы.
Яны прыткнуліся за адным з кантрфорсаў. Фама стаў за спіною Вуса. Проста перад імі была Ўздыхальня, а трохі далей — гульбішча.
…Дыханне хрыпата вырывалася з горла ў асуджанага. Кроў і гразь капалі на адзенне, падсыхалі коркай на твары. Запалёныя вочы прыжмурваліся ад пякучага, нясцерпнага сонечнага святла. Нешта нібы молатам валіла ў вушы і чэрап. Плылі перад вачыма сляпуча-зялёныя і барвяныя колы. Бронзава-зялёныя, вялізныя мухі круціліся над абліччам, над рассечанай галавой, каля парэпаных вуснаў.
Басяцкі на гульбішчы ўсміхнуўся. Ён быў вопытны. Ён бачыў, што Хрыстос, што вораг вось-вось упадзе.
— Гэй, ілжэ-Хрыстос! — крыкнуў ён. — Папі!
І кінуў з гульбішча біклагу. Вартавы спрытна спаймаў яе ў паветры. Убачыў вочы Басяцкага і, з разуменнем справы, апусціў павекі.
— На, — працягнуў, не выпускаючы з рукі.
Юрась аблізнуў вусны. І тады вартавы хвастануў з біклагі яму ў твар. Братчык заплюшчыў вочы. З валасоў, з аблічча плыло, мяшаючыся з граззю і крывёю, чырвонае віно. Вусны Хрыстовы затрэсліся.
Бекеш глядзеў на гэта і сціскаў кулакі.
— Паршывыя свінні, — шаптаў ён. — Аксамітныя каты. Кажаны. Якая брыда!
А вакол нарастаў і нарастаў рогат. Жарт спадабаўся лепшым людзям. Натоўп рагатаў. І толькі дзіця на руках у нейкай жанчыны надрывалася ў нячутным сярод рогату плачы.
Карніла глядзеў на дзіця. Нягледзячы ні на што, ён любіў дзяцей, бо яны былі зусім слабыя, і не мог выносіць, калі яны плачуць. Акрамя таго, ён шмат перажыў за апошні час. І вось ён стаяў і глядзеў, і нават старонняму воку было відаць, як нешта варочаецца за гэтым нізкім лобам.
Ён не сказаў ніводнага слова. Ён проста ўзяў вартавога сваёй страшнай ручышчай за шыю, трохі сціснуў і, без усякага выразу на абліччы, стукнуў лобам аб касцёр бярвенняў. Гэтага выявілася досыць: вартавы ляжаў нерухома. Карніла махнуў рукой і пайшоў да гульбішча.
Дзіўна, гэтая крыўда і гэты рогат нібы вярнулі Хрысту сілы. Хвіліна слабасці трывала нядоўга. Калі перасталі дрыжэць вусны, ён расплюшчыў вочы.
— Басяцкі! Лотр! Камар! — Голас гучаў хрыпата і шорхла і раптам нібы прарэзаўся, затрубіў, загрымеў: — Вы — антыхрысты! Вы — гніль! Я памру! Я выклікаю вас на суд Божы. Месяца не пройдзе, як мы сустрэнемся. Месяца! Месяца! І тады будзеце піць сваю чашу вы!
Пагроза была жахлівая. Рогат нібы адсекла. І ў цішыні, што ўпала раптам, пачуўся меладычны кароткі гук, нібы нехта крануў струну.
— Пі, — шапнуў Фама. — Пі першы. Да гэтага жарту я хацеў — не цябе…
Гульбішча было зроблена па тым жа прынцыпе, што і канстанцінопальская кафізма; падлога ад глухой балюстрады паніжалася: адступіш крок і знік. І таму ніхто не заўважыў, як і калі знік, як адступіў, як упаў на спіну мніх — каплан касцёла Дамініканаў, сябра Лайёлы і яго аднадумец Фларыян Басяцкі.
Езуіт па сутнасці і думках, ён так і не дажыў да таго дня, калі папа прызнае пачварнае старэнне яго сябры, не стаў членам ордэна , не ўбачыў яго магутнасці.
Читать дальше