Напярэдадні дня страты ў цэлю да яго прыйшлі Лотр, войт Цыкмун Жаба і — упершыню за ўвесь час — бурмістр Юстын. Першы, каб прапанаваць споведзь і прычасціць, другі, каб прысутнічаць пры гэтым і пасля змацаваць сваім подпісам канфірмацыю на смерць. Трэці, каб спытаць аб апошніх жаданнях асуджанага, атрымаць прыватныя даручэнні (накшталт: «Хустку перадайце такой і такой на вуліцу Грунтвагі; пацалунак мой, бо я любіў яго, такому і такому; частку грошай — на штогадовую імшу па душы маёй, рэшту — жабракам, а вопратку маю кату не аддаваць, як то звычай кажа, а спаліць, а кату заплаціць за яе во гэтымі грашыма, на якія я зараз плюнуў») і прабавіць з вязнем апошні вечар перад тым, як адыдзе ён да сну або думак.
…Хрыстос сядзеў на ложку голы да пояса, накінуўшы толькі сабе на плечы плашч. Ён зарос, шчокі праваліліся, на грудзях былі чырвоныя плямы. Глядзеў іранічна на Лотра, які добрую гадзіну кленчыў ля яго і вось цяпер апошні раз талдычыў сваю прапанову:
— І яшчэ раз кажу, што літасці маці-царквы няма мяжы, што і табе яна не хоча адмовіць у суцяшэнні. Табе, ілжэ-Хрысту.
— А я шкадую аб тым, што звалілася на мяне гэтае імя, можа, больш за вас.
— Гэта чаму? — узрадаваўся Лотр.
— А так. Якія б мае намеры ні былі — я імем сваім шкоду прынёс. Марную надзею ў сэрцах пасяліў. Маўляў, не толькі ў душах, маўляў, і на небе можа быці дабрыня.
— Вось бачыш, мы яе табе і нясём.
— Кінь. Сам жа ты ў гэта ані храна не верыш. Іначай, не было б такім паскудствам жыццё тваё… Ну, перад кім я спавядацца буду? Чаго, з чыіх рук прычашчуся? Што, мала было людзей, якім вы ў аблатцы яд падавалі? Чаго ж Бог глядзеў? Зрабіў бы, каб у гэтым пачастунку яд знік. Га?
— Развязаў язык, — сказаў Жаба. — На прэнгу дык маўчаў.
— А мы з табой розныя людзі. Ты, для прыкладу, на прэнгу такія б прамовы ды крыкі закатваў, што д'яблаў бы ў пекле вараціла, а тут бы маўчаў, як ёлуп, бо ты ў разумнай бяседзе і двух словаў не звяжаш, асляк.
— Братчык… — Лотр відавочна чакаў адказу.
— Не марнуй ты, куме, каштоўных сілаў, — сказаў Хрыстос. — Прыдадуцца ў доме распусты. Ну, ты ж ведаеш мае думкі. І на цямніцах вашых пячаць сатаны, і прычасць ваша — прычасць сатаны, і дабрыня — дабрыня сатаны. І ўвогуле, чаго ж гэта Бог, калі ён ужо такі боскі, цямніцы дзеля добрых церпіць? А калі ён злы, то нашто ён?
Лотр развёў рукамі. Пасля ён і Жаба выйшлі, пакінуўшы Юстына ў цэлі.
— Непатрэбна мне суцяшэнне, — ужо іншым тонам сказаў Хрыстос. — І прычасць з брудных рук. Голы чалавек на зямлі без чалавека. І нашто яму багі?
Свяцільнік кідаў чырвонае святло на выснажаны твар Хрыста і шырокае, пасечанае шнарамі, Юстынава аблічча. Стаяў пачатак месяца верасоў, і праз краты павявала аднекуль з-за замка, з-за Нёмана, цеплынёй і мёдам.
— Ты ведаеш, што цябе спаляць? — глуха спытаў Юстын.
— Н-не, — голас на імгненне асекся. — Думаў, шыбеніца.
— Спаляць. Калі войт паўторыць на эшафоце словы аб вогнішчы. Калі нешта яму перашкодзіць — знойдуць іншы сродак.
— Няхай, — сказаў Хрыстос.
— Баішся? — дапытліва сказаў бурмістр.
— Ясна — баюся. Але ж хаця б я парадзіхаю галасіў — нічога не зменіцца.
— Я загадаю класці сырыя дровы. Каб страціў прытомнасць да агню, — буркнуў Юстын.
— Дзякуй.
Панавала няёмкае маўчанне. І раптам Юстын са скрухаю крэкнуў:
— Казаў жа я табе, нядоўга гэта будзе. Чаго ты мяне жывога пакінуў? Каб сумленне балела? Ранейшы я, ранейшы… Нічога ж ты і ніхто іншы не зробяць з людзей.
— А ты не ранейшы.
— Няхай так. Мне ад гэтага не лягчэй, калі чалавек менавіта такая свіння, як я і думаў.
Хрыстос глядзеў і глядзеў Юстыну ў вочы. Жудасныя гэта былі вочы. Усё яны бачылі: вайну, інтрыгі, сутычкі, распусту, яд і вераломства. Усяму на свеце яны ведалі цану. Але, відаць, не ўсяму, таму што бурмістр не вытрымаў і апусціў галаву.
— Разумееш, Юстын, — сказаў Братчык, — быў і я накшталт бязгрэшнага анёла. Глядзеў на ўсё цялячымі вачыма і ўсміхаўся ўсяму. Не разумеў. Пасля махляром быў. Такой свіннёй мяне зрабілі, — ды не, і сам сябе зрабіў! — успомніць страшна. Бог ты мой, якія бязодні, якое пекла я прайшоў! Але цяпер я ведаю . Гляджу на неба, на зоры, так, як і раней глядзеў, але толькі ўсё памятаю, усё ведаю. І ведання свайго ніколі не аддам.
Памаўчаў.
— Думаеш, я адзін так?
— Не, не думаю, — з цяжкасцю выціснуў бурмістр.
— Бачыш? Нараджаецца на гэтай цвердзі новая парода людзей. З веданнем і чысцінёй думак. Што ты з імі зробіш? Знішчыш хіба? І тое не дапаможа. Памяць… памяць аб іх куды дзенеш? Вось Іуда. Тумаш, Кляонік, сотні іншых… Дый ты робіш першы крок.
Читать дальше