— Маўчы, Анея, — голас Юрасёў быў безжыццёвы. — Не пніся, брат Іосія. А то здарыцца з табою нешта — толькі людзей насмяшыш. Ну іх да д'ябла! Нявартыя яны і нашага смуроду.
Глядзеў проста ў вочы псу Божаму:
— Маё слова, кот ты мой аксамітны, не тваё слова. Дык вось: ты гэтых дваіх у човен пасадзіш. Цэлы, не дзіравы, як большасць тваіх людзей сёння, пасля бяседы са мною. Вёслы дасі. Самалічна адштурхнеш іх ад берага. І як толькі яны будуць на сярэдзіне ракі — я кіну меч. Іначай…
— Слова? — усміхнуўся мніх. — Я даю слова, — і ён мармытнуў: — juzo [112] Клянуся.
.
— Слова.
Анея крычала і вырывалася ўвесь час, пакуль яе неслі ў човен. Давялося скруціць ёй рукі і ногі.
— Беражы сябе! — крычаў з урвішча Юрась. — Беражы! Можа, дзіця будзе.
— Не! Не! Не-е-е!
Іуда ішоў за ёю, як забіты. Сеў у човен, бяссіла апусціўшы рукі.
— Раввуні! Раввуні! Калі дасі ёй выскачыць — прадасі мяне! Прадасі!
— Добра! Добра! — душачыся рыданнямі, казаў Раввуні.
Човен адштурхнулі. Шалёная плынь закруціла, панесла яго на сярэдзіну. Юрась бачыў, як адбіваюцца ў Нёмане берагі, і сляпуча белыя аблокі, і шапкі дрэў, шызыя лясы на даляглядзе — уся гэтая зямля, па якой столькі хадзілі ягоныя ногі і па якой ім болей не хадзіць.
І тады, каб ужо не шкадаваць болей, ён кінуў меч:
— Ваш час і ўлада цемры.
Яго схапілі.
І паразіў Філісцімляніна ў лоб, так што камень упіўся ў лоб ягоны.
Першая кніга Царстваў, гл. 17, ст. 49
Усё яшчэ раўла і раўла над горадам дуда. Над параненымі, над трупамі, над мортусамі, над марадзёрамі, над усім гэтым крывавым, гнойным сметнікам, у які імем Бога ператварылі вялікі і прыгожы беларускі горад, дыямент Нёмана, Гародню.
Гэты гук трывожыў, нагадваў, пагражаў. І тады на вострыя дахі бліжніх дамоў даслалі лучнікаў.
Дудар трубіў, яму больш нічога не заставалася. Трохі нават саладжавы твар «братачкі» цяпер быў нібы з каменя. Крочце, тапчыце зямлю, мёртвыя Божыя легіёны. Устаньце, зняслаўленыя, дайце адпор тым, хто наругаўся з вас, адрачыцеся таго, хто вас прадаў.
Рыдала дуда. Лучнік нацягнуў лук. Гучна ляснула па бычынай пальчатцы цеціва. Страла прабіла мяхі і ўпілася дудару ў ямку на мяжы грудзей і шыі, туды, дзе «жыве душа».
…Цішыня лягла над трупамі, і яе пачулі ўсе. Пачулі яе і Раввуні ў чоўне, і Братчык на беразе. Толькі Іуда ўбачыў страшнае раней, таму што да Хрыста якраз падыходзіў Лотр. У руцэ ў пастыра была кошка — сяміхвосты карбач з кручком на кожным канцы.
— Ілжэнастаўнік! Ерэсіярх! — толькі тут ярасць на ягоным твары плесканулася наверх, змываючы апошнія рэшткі самавітасці. — Брудны схізмат!
Увесь збарвавеўшы тварам, ён секануў кошкаю, здзіраючы ў Братчыка з пляча вопратку і скуру. Замахнуўся другі раз — Басяцкі і Камар схапілі яго за рукі: зразумелі, здзярэ са схопленага скуру без суда.
Братчык плюнуў Лотру пад ногі.
— Бач, спалохаўся як! Ну чаго ты? Шкуру з мяне дзяруць — чаго ж ты гарлаеш! Прызнавайся, нунцый, колькі разоў ад жаху ўграшыўся, пакуль я вас калаціў, як хацеў?
Ён прагнуў, каб яго хутчэй забілі. Тут, на месцы. Ён баяўся катавання. Але ён не ведаў, якое катаванне яны падрыхтавалі яму. Убачыў, што ўсе глядзяць то на яго, то на раку, зірнуў і ўпершыню страціў самавалоданне.
— Дзе ж твой гонар, Лотр?! Дзе ж тваё слова, Басяцкі?! Дзе, вашывыя пастыры?!
Два чаўны адчальвалі ад берага, рыхтуючыся ў пагоню. У кожным было па чатыры ўзброеныя весляры.
— З табою ды гонар? — спытаў Лотр.
— Басяцкі, ты ж сказаў juzo! Дзе тваё сумленне?!
— Ну, — пёс Божы ўсміхнуўся амаль прыемнай разумнай усмешкай. — Маё сумленне, вядома, не вынесла б гэтага, але ты не заўважыў, не дачуў — я замест juzo сказаў іzо [113] Гару.
. Ты занадта прастадушны, сын мой. Мужчына можа маўчаць, калі бачыць несправядлівасць, і застацца сумленным. А жанчына — скажам, яна — маўчаць перад гвалтаўніком, і гэта не зганьбіць яе, і застанецца яна такой самай вернай або непарушнай нават.
Хрыстос паспрабаваў ударыць яго нагою ў пах, але не дастаў. Яго адцягнулі. Нават ён, у сто разоў спрытнейшы за любога з гэтых, поўны ўладар свайго цела да апошняга нерва, нічога не мог зрабіць, калі дзесяць чалавек трымаюць яго.
— Рабі, што хочаш, — з рота ў Басяцкага нібы плыў смярдзючы гной, нібы травінка-джала высоўвалася з-пад языка, — толькі ўнутрана ў гэтым не ўдзельнічай, юны мой сябра.
— …шчанюк, — плюнуў Хрыстос. — Думаеш, за тыя некалькі год ты бачыў, ты думаў больш за мяне? Гнойны робак. Ты сонца не бачыў, вякоў не бачыў, быдла!
Читать дальше