Узняў павекі і паглядзеў проста ў вочы дэлегацыі.
— Каб я быў баязліўцам — я, ратуючы сваю шкуру, узначаліў бы ваша рушэнне, каб аддаліць расплату асабіста са мной… Колькі вас? Толькі на Магілёўшчыне каля трыццаці тысяч. Колькі б пайшло дваран з усёй тэрыторыі магчымай — гм! — дзяржавы? Шэсцьдзесят. Шэсцьдзесят тысяч адчайных галоў. Больш, чым карсіканец страціў пры Барадзіне. Карсіканец у Маскве. Шалі вагаў дрыжаць… Скажам, каб была надзея на поспех, — баязлівец у карты не гуляе. Што тады? Марыянеткі ў руках чалавека, якога ненавідзіць мой народ? Вялікая дзяржава Шлезвіг-Сухадольская… "Іх глаўбе, гер Кёніг…" — і рукі па швах.
Ён сумна ўсміхнуўся.
— Гэта не цацкі, панове. Не рабі другому таго, што табе не міла. Не сунь пальцаў паміж дзвярэй. Мой Янка зрабіў з гэтых дзвюх прыказак адну: не сунь пальцаў, дзе табе не міла. Не будзь гарматным мясам для чужых капрызаў. Вы не слугі Кур'яна і не слугі маленькага капрала. Цяпер вы толькі метал пад молатам… Вы яшчэ не раз будзеце глытаць жоўць… Але тыя, белыя, унізе, не з вамі, і не з Капралам, і не з Кур'яном… І вось таму я не буду бараніць свае шкуры, іхняй і вашай, і ўсякай іншае крывёй, а проста пачакаю. Пачакаю сярод вашай магчымай пагарды, пакуль не прыйдзе Кур'ян, каб як мага даражэй прадаць сваё жыццё… Усё.
Частка дваран усё ж пайшла, узброіўшы сваіх мужыкоў і шляхту. Пачуўшы аб гэтым, ён паціснуў плячыма:
— Les sal — lariés [53] Н-найміты (франц.)
.
Ён вымавіў гэта так, што ў слове выразна прагучала спалучэнне "sal" [54] Бруд (па сугучнасці) (франц.)
.
Ах, маленькі капрал, спрытнюга, маленькі абабівач грушак чужымі рукамі! Чаму ж ты тады не збіў з дрэва і нас? Гэта ж так лёгка. У Францыі няма прыгону. Зрабі, каб яго не было і тут, і ў Расіі. Як адразу загрыміць Кур'ян! Ды не, куды табе. У цябе ёсць сілы, — і тое не заўжды, — каб сутыкнуць ілбамі людзей з рознымі славалюбствамі і рознымі страсцямі, але ты не можаш утаймаваць мора. Ты баішся, што яно разбушуецца. І гэта доказ таго, што ты вялікі палкаводзец, але не вялікі чалавек. Вялікі не спалохаўся б мора. А ты спалохаўся. Табе так дорага каштавала закілзаць гэта мора там, у сябе. Ты занадта добра помніш, як кошыкі пад гільяцінай рабіліся слізкія ад крыві. Ты баішся таго ж і ў нас. А чаму? Нашто табе шкадаваць маю галаву? Ты ж не пашкадаваў бы падставіць яе пад кулю на адным з незлічоных рэдутаў. Значыць, справа не ў маёй галаве… Проста ты лялечнік, што тузае ніткі марыянетак, як кожны тыран, у якім заўсёды ёсць і будзе нешта ад халуя. Лялечнік, а не Ладымер з казкі, той самы, што ўзараў нарогам мора.
Ну і чорт з табою! Ты даў мне толькі адну добрую параду. Буду адбівацца, калі па мяне прыйдуць. Але я паспрабую таксама паторгаць за нітачкі, калі да мяне прыйдуць з хітрасцю. Паторгаю проста з цікавасці, каб паглядзець, як яшчэ нізка можа ўпасці чалавек. Я ведаю, што Кур'ян душыцель, але я не ведаю, ці падлюга ён. Я выпрабую гэта на яго халуях. Які гаспадар, такія і слугі.
А дарэмна ты не паспрабаваў раскілзаць мора, карсіканскі дурасліўчык. Дальбог, цікавей загінуць ад рукі мясцовага Рабесп'ера, крывавага і з віламі (на гільяціну ён выдаткавацца не будзе, трымай кішэнь), чым ад Кур'яна з мізэрным задам, зацягнутым у ласіны. Янка-Рабесп'ер, дык гэта хаця цікава. А ты не пажадаў. І вось за гэта накладуць табе аж па самае… І паляціш ты рылам у свой жа гной. І пачнуць жа цябе па замках цягаць, імя гразёю абліваць, узвялічваць, зноў абліваць, пакуль не прыйдуць да вываду, што было дадатнае, а было і адмоўнае, і толькі не вядома, што пераважае, дый наогул, ці варта гэтым займацца, тым болей што ўся твая справа даўно патанула ў цемры вякоў і, за непатрэбнасцю, занесена на антрэсолі архіва матухны-гісторыі.
Косткам і тое спакою не будзе. Павінен быў ведаць гісторыю маленькага Наварца [55] Генрых IV.
. Прыйшоў з поўдня, прамяняў Парыж на імшу, памёр, забальзаміравалі італьянскім спосабам, на вякі. Паклалі ў нейкае там абацтва… Сен-Дэні, ці што? А тут Рабесп'ер… Санкюлоты падумалі-падумалі. Добры, здаецца, быў кароль, песенькі пра яго спяваюць.
"Vive Henri guatre…" [56] Віват Генрых Чацвёрты… (франц.)
Ды і работы чалавечай шкада… А потым, далей ад граху, у агонь, разам з Людовікам Адзінаццатым, Акаянным… Так і табе будзе. Тваю Вандомскую калону абавязкова нехта скіне рана ці позна. Твой прах, які, ты мяркуеш, пакладуць у дом інвалідаў, — нехта выкіне.
Ну вось, ведаеш, а пнешся.
А дарэмна ты не паспрабаваў раскілзаць мора!..
Такім думкам аддаваўся Даніла Загорскі, усё яшчэ ўмацоўваючы камяніцу, рыхтуючы яшчэ адну хітрасць і п'ючы, бы ў пустыні. А потым, калі Карсіканец сапраўды загрымеў, з Пецярбурга прыехаў рэвізор, каб расследаваць справу пра манастыр, генерал-ад'ютант Баранаў…
Читать дальше