— Я не праваслаўны. Я — ніякі. А ты пяройдзеш, каб ніколі з тымі не сутыкацца, у каго абароны шукаў.
Памаўчаў.
— Атрымаеце дзве тысячы душ. І кіруйцеся ў сваю вёску. З вачэй прэч. У Вежу і Загоршчыну ёй — ніколі. Грошы будзеце атрымліваць акуратна. Калі ўбачу, што выканаў мае загады, што не будзеш служыць гэтай троннай б… з тандэтнымі ручкамі ды са сляпучай усмешкай, калі даведаюся, што дачка ўцяжала — атрымаеце на ўсе душы даравальную. Усё… Можаш браць і ехаць.
І ўзняўшы яго з крэсла, як ляльку, пацалаваў у лоб:
— Ідзі… сыне.
— Няўжо вы з ёю развітацца не захочаце? Яна ж вас любіць.
— І я яе люблю, — сказаў пан. — Але за тое, што яна забыла, ад чыіх рук яе маці загінула, — няма ёй даравання… майго.
— Я вінен, — насмеліўся малады чалавек. — З мяне і спаганяйце.
— Твая правіна — у гародзе хрэн. На тое мужыкі і ёсць, каб шкодзіць… А яна павінна была ведаць… Усё я табе дараваў… За смеласць, што не пабаяўся са мною звязацца. Такіх людзей, сыне, мала на свеце… Ці мо не ведаў, што гэта такое?
— Ведаў, — шчыра сказаў зяць.
— Ну вось. Можа, я палюбіў бы цябе, каб не бачыліся мы сёння першы і апошні раз… Урэшце, калі ўсё абыдзецца толькі, можаш прыехаць… Адзін.
— Адзін не прыеду.
— Яно і лепей, — сказаў пан. — Гэта вам толькі пашкодзіць. Таму што я смяротнік.
— Чаму?
— Не нарадзіўся яшчэ чалавек, які мяне голымі рукамі ўзяў бы. Дый потым… расстраляным быць — гэта яшчэ нічога. Але мяне за блюзнерства могуць у Салаўкі адправіць… да царкоўных пацукоў. А я лепей са змеямі і аспідамі сядзеў бы. Таму досыць загонавым мой хлеб задарма есці… Хай разам са мною льюць кроў. Я не ў Салаўках памру. Я памру тут. На маёй зямлі, у маіх мурах. Ідзі. Перадай дачцэ маё блаславенне.
Маладыя паехалі. А пан Даніла пачаў умацоўваць Вежу. Вакол камяніцы, у баку ад палаца, дзень і ноч насыпалі валы, усцягвалі гарматы на сцены, пад натужлівы крык кацілі бочкі з порахам. Пад палац таемна падвялі фіцілі, каб, у выпадку чаго, узняць яго ў паветра разам з гасцямі, якія, вядома ж, размесцяцца ў ім падчас аблогі. Пан не хацеў нікому аддаваць свайго дзіва.
Ён ведаў: смерць магла прыйсці кожную раніцу.
Ён не шкадаваў аб гэтым.
…Сына адправілі ў Загоршчыну і, скончыўшы ўсё, сталі чакаць.
Гэта зрабілі ў маі, а ў чэрвені Напалеон перайшоў Нёман. Загорскім не было каму займацца, як і ўсёй прыдняпроўскай зямлёй, аддадзенай ворагу.
— Што ж, — сказаў сябрам Загорскі. — Гуляйце. Прысуд пайшоў на абскарджанне.
Ён чакаў, прыглядаўся. Баі грымелі ўжо за Дняпром.
Напалеон быў яму сім-тым трошкі сімпатычны. Ва ўсякім разе, смелы. Воін. І, потым, усё ж было лепей, чым быць аддадзеным у лапы таму, хто загадваў хапаць людзей. Таму, хто адпраўляў людзей у манастыры.
Але, з другога боку, занадта ўжо радавалася Варшава. Ён нічога не меў супраць палякаў. Іх гонар быў блізкі яму, і ён прызнаваў іх права на крыўду. Але пры чым тут ён, Загорскі? Бацьку выслалі з Варшавы, а цяпер Варшава сама ідзе да яго на французскіх штыхах. Затычкай быць? Не, хопіць. Досыць з яго і праваслаўнай сволачы ў расах. Езуітаў — на ліхтар!
Ён нездарма быў вальтэр'янцам. Раздушыце гадзіну! Раздушыце інквізітараў — усё адно, папоў ці ксяндзоў. Абое рабое.
Таму на пытанні суседзяў ён адказваў ухіліста:
— А што карсіканец? Карсіканскай пачварай я яго называць не хачу. Але і ад Аўгуста ў ім — пшык. Я сам, магчыма, не горшы за яго, толькі рэвалюцыя мяне не падсадзіла да консулаў, арміі не дала.
Потым Напалеон узнамерыўся абмежаваць дамаганні Варшавы, стварыўшы літоўска-крыўскую дзяржаву. Варшаўскае панства пакрыўдзілася. Мясцовыя дваране запалалі неабгрунтаваным энтузіязмам, прапанавалі Загорскаму ўзначаліць рушэнне. Ён адмовіўся.
— Чаму? Вы не ўхваляеце думкі? — спыталі дэпутаты.
— Я не падтрымліваю вас, хаця і дзякую за давер.
Тыя не разумелі.
— Гэта не барацьба за радзіму, панове, — сказаў князь. — Ён убачыў вашу сілу і вырашыў скарыстацца з яе. Гэты спрытнюга мае свой розлік. Бо ён хоча вадзіць вас за нос, панове, і вы, прыдняпроўскія дваране, зараз у незайздроснай ролі ката? які цягае малпе з агню каштаны.
Ён апусціў павекі:
— І яшчэ, панове… Народ не з вамі. Ён ненавідзіць Кур'яна, шпіцрутэны, наборы. Але француз прыйшоў у яго дом, забраў яго сена, расстраляў бацьку, асіраціў дзяцей… Кіпцем зачапіў за сэрца. А вы ведаеце, што такое наш народ, калі яго — кіпцем за сэрца… Дык вось, я невялікі аматар кулагі, лапцяў, народных пахаў. Але супраць народа я не пайду…
Читать дальше