Трапятала чырвонае полымя.
Чалавек падаў паласу аднаму з тых, што сядзелі. Вызваліў другую паласу, крутой дугою выгнутую між двума ціскамі, і падаў суседу першага. Тыя скінулі плашчы і, застаўшыся ў суконных нагавіцах і белых сарочках, пачалі маўклівую і страшную сваёй маўклівасцю гульню ва ўспышках чырвонага святла. Пачалі біць паласой аб паласу, па-рознаму трымаючы іх, білі па чарзе. Потым адзін біў па паласе другога, уторкнутай адным канцом у шчыліну паміж плітамі падлогі. Потым другі біў даволі тоўстай доўбняй па паласе першага.
Адзін з удараў доўбні зламаў метал. І ўладар доўбні моўчкі, са змрочным тварам, развёў рукамі.
І тут успышка небывала чырвонага густога полымя ахапіла сутарэнне. Чалавек над жароўняй стаяў і выскаляў зубы ў патоках чырвонага святла, якія змяіліся ўсё вышэй і вышэй. Рукі ягоныя былі пераможна ўскінутыя ўгору.
Гэта было так страшна, што хлопцы кінуліся прэч і апамяталіся толькі за рогам будыніны.
— Што бачылі? — спытаў Паўлюк.
— Выклікалі кагось, — коратка сказаў Андрэй.
— Каго?
— Не ведаю. Але не на дабро. Пайшлі адсюль.
— А агонь? — напомніў Кандрат.
— Так, агонь, — у Андрэя ўпаў голас.
Яны ўзнялі вочы да акна і ўбачылі, што сіні агеньчык згас. На яго месцы цяпер цямнеў правал акна. Звычайны мёртвы правал. Больш нічога.
І хлопцы адразу адчулі, як жах саступіў месца расчараванню. Агонь быў так блізка, такі высокі і сіні. Хто ведае, якія дзівосы ён асвятляў. І вось яны, дурні, пакінулі яго, дачакаліся, пакуль ён згас.
— Ёлупы, — сказаў Кандрат. — Боўдуры.
Гэта сапраўды было горка, калі ўжо забыцца на страх. Столькі разоў бачыць іскру над шатамі парку, наважыцца, нарэшце, ісці сюды, нацярпецца жаху, убачыць агонь зблізку, такі зменлівы і сіні. І ўсё зглуміць.
— Пайшлі, — сказаў Андрэй.
Зноў сцежка, на гэты раз з уступу, у абход невялікай падковы возера. Зноў пах грыбніцы і стылая раса.
Хлопцы ішлі моўчкі, з апушчанымі галовамі. Было халодна і няўтульна пад шатамі дрэў. Добра, што хаця Янька не плакала, бо ёй было ўсё адно, так яна хацела спаць. Андрэй зняў з сябе світку, і яны падвязалі дзяўчынку на спіне Кандрата, зрабіўшы нешта накшталт мяшка, у якім было цёпла і ўтульна. Кандрат цяпер мог вызваліць рукі, яму стала лягчэй.
— Прыйдзем яшчэ сюды? — ціха спытаў ён у Андрэя.
— Прыйдзем, — падумаўшы, адказаў Андрэй. — Трэба прыйсці.
— Каго ж яны ўсё-ткі выклікалі? — спытаў Кандрат.
Андрэй не адказаў. Ды і што можна было адказаць?
Цемра. Глухія крокі. Сонныя пасопванні Янькі на спіне ў Кандрата. Пачынае прабіраць холад, той санлівы холад, калі сківіцы раздзірае пазяханне і чалавек марыць, як аб вышэйшым шчасці, аб ахапку сена, у які можна зашыцца.
Мужны дух прадпрымальнасці і прыгод заўсёды церпіць ад такіх акалічнасцей.
Яны мінулі возера, з якога патыхала вільготным халадком і рыбнай сырасцю. Парк зноў зрабіўся густы, — не парк, а нейкія нетры з лаўжамі і ветрабоем, з рэдкімі глухімі сцяжынкамі.
Па адной з такіх сцяжынак яны ішлі даволі доўга; ішлі і амаль не спадзяваліся, што калі-небудь ёй будзе канец. Але сцежка ўлілася ў папярочную сцежку, што была шырэйшая і нагадвала хутчэй вузкую дарогу, па якой ледзьве можа праехаць воз. Дарожка гэтая была як тунель, так спляталіся над ёю галіны дрэў, з левага боку яна праз нейкіх пяць сажняў улівалася ў невялічкую паляну. І палянка была таксама цёмная, бо над ёю схіляліся, засцячы неба і ўтвараючы над ёю шацёр, верхнія галіны магутных, вычварна-каржакаватых дрэў. А пад шатром, займаючы амаль усю палянку, стаяла самая дзівосная будыніна, якую ім давялося бачыць у сваім каратусенькім жыцці.
Будыніну абкружаў частакол з завостраных бярвенняў. Над частаколам уздымаліся толькі два-тры вянцы сцен ды трох'ярусны дах з грубай замшэлай шчапы. На вільчаку верхняга яруса нерухома ўзвышаўся "балотны чорт", вычварная карчага, якой вятры і гнілая вада часам надаюць падабенства з пачварным ідалам.
У вянцах сцен там-сям цьмяна блішчалі маленечкія сляпыя акенцы з разьблёнымі ліштвамі. Такая ж разьблёная брама разрывала ў адным месцы частакол. Палі яго вянчалі пабеленыя непагодай конскія чарапы з цёмнымі праваламі вачэй.
Дзеці не ведалі, што гэта была лазня Раўбіча, пабудаваная ў "казачным" стылі, але, дрыжучы, адчувалі гэта казачнае і страшнае. Відаць, сюды, да гэтай брамы, павінны былі прыязджаць, каб загінуць: увечары — светлы дзень, а перад світаннем — чорная ноч.
З цёмнага тунеля дарогі даляцеў стомлены, рэдкі стук капытоў, а потым з'явілася сама ноч, як гэта ёй належыць — на чорным кані і ў чорным плашчы.
Читать дальше