— Ды яно ж, тым часам, і ў другіх не бачыў, і ў цябе. Я чалавек рахманы. Ды і бацька мой, a іхні дзед, таксама не абы-што, і ўсім, вядома, можна, калі ўжо так, і сказаць. Вось яно, тым часам, і так.
— Данясеш? — на чыстату спытаў Пакiвач. — Дзецi не данясуць, яны простыя душы. A ты?
Міхал паглядзеў проста ў вочы Паківачу.
— Не, — сказаў ён. — Не данясу.
Калі завознікі паехалі, млынар, трошкі супакоены, пайшоў да імшаніка. Перад дзвярыма спыніўся, думаючы аб тым, што трэба будзе ўсё ж перанесці параненага ў будан ля бортнага ўрочышча. I не таму, што Кагут данясе. Ведаючы дзеда Данілу, гэтага можна было не апасацца. Проста далей ад граху. A раптам нехта налезе. Розныя бываюць людзі. Прыйдзе, калі цябе няма, і давай шныпарыць…
З гэтымі думкамі ён адчыніў дзверы. Марта сядзела над параненым.
— Непрытомны, — ціха сказала яна.
Корчак не быў непрытомны. Проста яму трэба было застацца са сваімі думкамі, і ён не хацеў адгукацца.
Так, для яго больш не было роднай хаты і роднай дзяжы. Таму што яго аднаго гналі, таму што адной ягонай крыві хацелі за падзеі ў Півошчах. A хіба яго трэба судзіць? Хіба гэта ён страляў? Не, пачаў страляць Кроер. Скончыў той паручнік з рысінымі вачыма.
Корчак быў спакойны. Ён проста разважаў.
Караць павінны ix, a караюць яго. Калі зямны суд такі хлуслівы, такі няправедны — чаму б не судзіць кожнаму, папраўляючы яго. Чаму не губернатару? Чаму не дзядзькаванаму смаркачу Загорскаму? Чаму не… мне? Чаму сапраўды?
Ён няўлоўна ўсміхнуўся навізне і небяспечнасці гэтых думак.
Так ён і зробіць. Суд дык суд. I ўсім, хто страляў y крыжы, не пайсці жывымі. Ён заступіцца за свайго Хрыста. Усе яны адкажуць перад праўдай. Таму што яны не дапамагалі хлебу расці, не дапамагалі зямлі-маці раджаць. Яны толькі глумілі яе, і таму праўды ў іх не было, і яны былі ваўкі. A з ваўкамі — па-воўчы…
Выйшлі з двара надвячоркам, калі ўздоўж вуліцы наскрозь ружавеў ад сонца ўзняты каровамі пыл. Мэкалі авечкі, непаразумела штурхаючыся ля варот, і адусюль даляталі лісліва-абыякавыя галасы гаспадынь:
— Шу-шу-шу.
— Красуля, Красуля… Ах, каб ты здарова была…
Чуліся рыпенне, шумныя ўздыхі, звонкія жаночыя галасы і добрыя плескачы па крыжах жывёл — гукі звычайнай вячэрняй сумятні.
Але нават у неспакоі быў спакой, таму што быў вечар. І, нібы падкрэсліваючы гэтую стому і спакой, сярэдзінай вуліцы ішоў на вячэру ў чарговы дом азярышчанскі пастух Данька, ляніва, ад няма чаго рабіць, прыкладаючы часам да вуснаў даўгую берасцяную трубу.
Гукі былі чыстыя і гучныя: Данька мог круціць трубы, як ніхто іншы. Дзеці ішлі насустрач яму, а пастух ішоў, так спакойна заграбаючы скуранымі поршнямі пыл, што аж зайздрасць брала. Дай бог быць на вялікдзень папом, узімку катом, а ўлетку пастухом. Дай бог! Бо нічога няма лепшага за гэты вечар, чыстыя гукі трубы і патаемныя позіркі дзевак на гожага пастуха.
Падышоўшы да дзяцей, Данька, які зусім і не глядзеў на іх, нечакана паднёс раструб берасцянкі да вуха Кандрату і раўнуў так, што хлопец аж падскочыў.
— Да-нька, каб на цябе!
— А чаго, чаго ты пасярэдзіне вуліцы ідзеш? — усміхнуўся роўнымі зубамі Данька.
— Ты, Данька, кінь, — сказала Янька. — Няможна.
Яна сядзела на закарках у Андрэя: пабойвалася кароў. Глядзела на Даньку з асуджэннем і павагай. Такі гарэзнік, а кароў не баіцца.
— Не буду, Янечка, — сказаў Данька, усмiхаючыся. — Дальбог, не буду, гаспадынечка. А хто ж мяне тады вячэраю накормiць, як не ты.
Ён гэты тыдзень харчаваўся ў Кагутоў і быў здаволены: есці давалі добра.
Кожная гаспадыня ўлешчвае пастуха.
— Чакайце, хлопцы, — сказаў Данька. — Бярыце вось.
Ён палез за пазуху і пачаў даставаць дзічкі, зеленаватыя, з карычнева-ляжалымі плямамі: кожнаму па жмені.
— Буйныя якія дзічкі, — сказаў Паўлюк, набіваючы рот.
— М-гу, — сказаў Данька, сакавіта чамкаючы вялікай дзічкай. — То ж посеркі [46] Асабліва буйныя дзічкі, якія растуць ля затравелых лясных сцежак і дарог. У Прыдняпроўі некалі верылі, что яны выраслі з памёту мядзведзяў і дзікоў і таму былі такія вялікія.
. Гэтыя есці мо-ожна.
Усе елі дзічкі. Данька, гарэзуючы, даваў Яньцы адну за адной. Дзічак было многа, яны не змяшчаліся ўжо ў дзіцячых далоньках, а пастух, такі спакуснік, даваў яшчэ і яшчэ. Дзеўка глядзела на яго ўмольна, не ведаючы, што рабіць.
— Кінь, Янечка, — сказаў гаспадарлівы Паўлюк. — Злазь з карка, тут кароў няма. Ну вось… А цяпер глядзі.
Ён палез у Данькаву запазуху і там падчапіў далонню, як каўшом, цэлую горку дзічак.
Читать дальше