— Georges, — умольна сказала маці, — я прашу цябе, ніколі больш не гавары пра забойствы… Прашу.
— Добра, — сказаў бацька. — Я толькі думаю… Трэба аб'явіць гасцям.
— Так, канешне ж так, — заспяшалася маці. — Адразу ж зрабі.
— Ану маўчыце… вераб'і, — сказала Клейна.
— Што? — спытала маці.
— Глупства не вярзіце, — сказала старая. — Свята юнаку сапсуеце — чым ён вінаваты? Ён, ці што, з дурным дзядзькам сваволіў ды з паручнікам страляў?
— Што ж рабіць? — жаласна спытала маці.
— Маўчаць, — кінула Клейна.
— Гэта цяжка, — сказаў бацька.
— A вы цяжар y душы нясіце… Гэта вам пакута за дурнога сваяка…
Уздыхнула. Сказала ўжо больш спакойна:
— Святкуйце… Святкуйце, каб сынок ніколі не быў такі.
— Я ведаю, — небывала сур'ёзна сказаў бацька. — Я і сам хацеў гэтага.
— За гэта я і люблю цябе, князь-вісус, — сказала Клейна.
…A ў гэты час Алесь пытаў y Мсціслава:
— Што там адбылося? Нічога не разумею.
— I я не разумею, — сказаў Мсціслаў. — Дарослыя… Ты вось скажы мне, ведаеш ты таго даўгавусага?
— A я ведаю, — весела віскнула Ядзя, амаль дагодліва гледзячы ў Алесевы вочы.
Дзяўчынка, здаволеная тым, што і яна, нарэшце, можа быць карыснай y такой цудоўнай кампаніі, весела засакатала:
— Мы з маці былі аднойчы ў старога Вежы… Стары Вежа маці паважае… I гэтага даўгавусага мы там бачылі… Гэта Кандраці, малочны брат старога Вежы. Ён наглядае за яго лясамі.
…А бацька, між тым, таксама заўважыў даўгавусага.
— Вось ён, Антаніда, — сказаў пан Юры. — Напэўна і з Вежам нешта не да ладу.
Кандраці наблізіўся да паноў. Глядзеў на іх трохі нават вінавата. Але ганарыста выступала з-пад доўгіх вусоў крутая ніжняя сківіца.
— Што здарылася, Кандраці? — спытала маці Антаніда.
— Стары пан просіць прабачэння, — суха сказаў даглядчык. — Ён не зможа прыехаць… У яго… гм… падагра…
— Што за чорт, — сказаў бацька, — ніколі ў яго ніякай падагры не было.
— Я ўсё разумею, любы, — сумна сказала пані Антаніда.
Кандраці крэкнуў ад шкадобы.
— Пан просіць прабачэння, — са скрухай паўтарыў ён. — Падарункі княжычу едуць. Будуць тут праз гадзіну… Пан таксама пасылае пані і сыну сваю любоў. I пані Клейне пасылае сваю любоў…
— Патрэбна яна мне ўжо дужа, тая любоў, — сказала Клейна. — I тут не мог як усе людзі зрабіць, казёл стары… A я з ім яшчэ менуэт калісь танцавала.
— …і пану Графу Ісленьеву — сваю любоў, — спяшаўся Кандраці. — A маладому князю сваю непарушную любоў і блаславенне… A сам просіць прабачэння…
— Кандраці, — сказала матухна. — Скажы, чаму ён так зрабіў?
— Не магу ведаць, — апусціў вочы даглядчык.
— I ўсё ж? На нас злуецца?
Наглядчык яшчэ ніжэй апусціў галаву.
— Ён сказаў… Ён сказаў… "Халуi ўсе".
Бацька толькі рукою махнуў:
— Ну i добра. Заставайся тады ты замест яго. I на месца яго за сталом сядзеш.
Кандраці пакланіўся:
— I ён мне так сказаў… Сказаў, што шчаслівы быў бы, каб я мог замяніць яго… Ды толькі прабачце, пан Юры, прабачце, паніматка, я гэтага аніяк не магу, бо я хаця і вольнаадпушчанік, a ўсё адно свайму малочнаму брату раб, a фаміліі вашай давеку ўдзячны і шкодзіць яе гонару аніяк не згодны.
На твары Загорскага быў такі разгублены выраз, што Клейна няўлоўна ўсміхнулася, a ў вачах яе загарэўся гарэзлівы, амаль дзіцячы, малады агеньчык.
— Ідзі, бацюхна, — сказала яна бацьку. — Ідзі, пазнаём сына з Раўбічамі. Я ўжо тут неяк сама спраўлюся, можа… Ану, хадзем са мною, пане Кандрат. Паходзім між гасцей. Ты мяне, старую, пад руку паводзіш — хай госцейкі шаноўныя асудзяць. Калі Вежа так сказаў, дык мы яго ўважым…
— Яны не наважацца, — змрочна сказаў Кандраці.
— Правільна, — згадзілася старая. — У тым і бяда, што ён мае рацыю, стары казёл. Халуі ўсе. Што б дужы ні зрабіў — змоўчаць. Вольнасць y ix адабралі — змоўчалі. Са старых паселішчаў сагналі — змоўчалі. Прымусілі права на шляхецтва даводзіць — і тут яны змоўчалі.
Моцна сціснула локаць Кандрацію, давяральна шапнула яму на вуха:
— Ты прабач, Кандраці. Ты ідзі і рабі выгляд, што цябе вядуць, што табе няёмка… Я прыдумала — мой і адказ… Надта ўжо мне, старой, ix падражніць хочацца.
— A вы падумалі, як гэта мне? — спытаў Кандраці.
— Падумала, — вельмі сур'ёзна сказала Клейна. — Падумала, бацюхна. Ведаю — цяжка. Але ж я цябе, чортавага сына, люблю, сам ведаеш. Дык ты паступіся, паступіся на хвіліну гонарам… Няўжо вялікая цана, каб поўху ўсім гэтым хвостміжножнікам даць? Га?
Кандраці глядзеў на яе, сурова выпнуўшы крутую сківіцу. Потым y яго вачах таксама зацепліліся іскаркі. Ён рашуча крэкнуў, вызваліў перадплечча з пальцаў Клейны і далікатна ўзяў яе пад локаць.
Читать дальше