…Увесь вечар яна была зменлівая, як красавіцкі вільготны вецер — за кожным кутам хаты дастане. Магла сама шукаць яго вачыма і магла не звяртаць увагі на тое, што ён шукае яе. Магла завесці з Мсціславам размову аб тым, якія смешныя інтанацыі ў мове мужыкоў і як яны дзіўна, нязграбна рухаюцца. I хаця гэта было несправядліва, Мсціслаў пакутліва чырванеў за сябра і яшчэ за сябе, бо яна з ім загаварыла, a яму гэта было прыемна.
Алесь з кожным танцам падыходзіў да яе і адразу бачыў, як мяняецца яе капрызны тварык, робіцца пакорлівы і амаль бязвольны: апушчаныя доўгія вейкі, крыху ўсмешлівы рот. Яна ішла з ім y танцы менавіта так, як хацеў ён, a y перапынках зноў расплюшчвала вочы і казала:
— Шкада, што ў дзяцей няма бальных запісных кніжак… О, каб былі!.. На гэты баль y ёй стаялі б дваццаць прозвішчаў — кожны запісваў бы сваё… I я танцавала б увесь вечар з рознымі.
I ён зноў злаваўся: аднойчы нават пайшоў скакаць мазурку з маленькай Ядзенькай Клейнай. Заўважыў, як ахвотна яна падала яму ручку, як уздыхнула з радасці, што ён падышоў, аж заззялі яе лялечныя, вялікія вочы.
…А потым быў перапынак, калі разносілі марожанае. I тут Ядзенькай заняўся Франс. Сам прынёс ёй вазачку, сам стаяў ля яе, сам потым павёў да дзвярэй на тэрасу.
Тут і падышла да хлопца Майка. Хлопец пайшоў са злосці на веранду і стаяў там, гледзячы на рознакаляровыя кітайскія ліхтарыкі, якія прыгожа беглі ў цемру алей. A яна адшукала там яго, стала побач, хутаючы плечы ў белую мантылью.
— Сумна, калі няма танцаў, — сказала яна. — Я танцавала б тры дні… A вы?
Ён памаўчаў, a потым усміхнуўся:
— Я таксама. Мне падабаецца, як вы танцуеце…
— Праўда? — загарэлася яна. — Ядзенька ж лепей?
— I гэта так… Але мне падабаецца, як танцуеце вы.
Размова ішла па-французску, і яму часам даводзілася шукаць словы. Таму ён наўмысна гаварыў запаволена, з паўзамі.
— Давайце ўцячом адсюль на некалькі хвілін, — сказала яна. — Пойдзем y парк. Тут горача…
У парку асветлены былі толькі галоўныя алеі. Спачатку па іх ішлі ланцужкі ліхтарыкаў: аранжавыя, блакітныя, чырвоныя, яны пагойдваліся сярод лістоты. Потым пайшлі звычайныя зыркія каганцы. Іхняе полымя мігцела часам ад нячутнага ветрыку, і сетка, сплеценая з ценю і святла, бегала па жвіры, па галінках, па ствалах магутных дрэў, па дзвюх маленькіх фігурках, якія ішлі ў ноч.
Каганцы таксама скончыліся, зусім непадалёку ад стаўка, над якім схіліліся вербы.
I тут іх агарнула ноч з ціхім шалёсканнем маленькіх хваль на вадзе.
Над стаўком перакочваўся ў хмарках бледны месяц. Некаторы час дзеці стаялі моўчкі, гледзячы на месячную дарожку, яркую ля другога берага і зусім цьмяную ля іхніх ног.
— Вы ўвесь час так маўчыцё? — спытала яна.
Яна не разумела, што ў ціхі час людзі павінны маўчаць, што мова ў такую часіну не гучыць. Непадрыхтаваны, ён шукаў слоў, якія павінны былі легчы на ноты цішыні. Але новыя ўражанні ў яго былі яшчэ кароткія і мізэрныя, ён міжволі звярнуўся да старых, больш моцных.
— Рыба любіць цёмныя ночы, — сказаў ён. — Але ўсё адно ў такую ноч яе лавіць прыгажэй. Дзеці апранаюць цёплае… рыззё і ідуць з… таптухай. — Дзіўна гучала ў французскім сказе слова "таптуха". — Падстаўляюць яе пад вадзяныя хмызы, топчуць… I рыба ў сетцы ўся блішчыць, як блакітны жар. Пераліваецца, скача… A месяц плыве…
Ён асекся, заўважыўшы, як грэбліва апусціўся куточак яе рота.
— Я гэтых забаў не разумею, — быццам назнарок, быццам жадаючы падражніць, сказала яна. — "Таптуха", "рыззё"… Мілагучныя словы, нічога не скажаш.
Тут раззлаваўся і ён:
— A ў чым жа яшчэ па рыбу лазіць… У гэтай маёй маскараднай чузе?.. У вашай мантыльі? Смеху варта…
— Чым гэта вам не спадабалася мая мантылья? — іранічна, зусім як дарослая, спытала яна.
— A тым, што няма чаго выпінацца. A тым, што гэтыя словы аніяк не горшыя за вашы, — ён сыпаў гэта па-мужыцку, быццам праз бур'ян лез без дарогі. — A тым, што сорам удаваць з сябе дарослую і смяяцца з людзей, якіх не ведаеш.
— Я і не хачу ведаць, — нейкім асаблівым, вельмі агідным тонам сказала яна. — Вядома, y вас была дагэтуль зусім асобная кампанія. La compagnie exception-nelle [36] Адборнае кола (франц.)
.
Яна асабліва падкрэсліла гэтыя словы:
— La compagnie ex-ceptee з "тап-ту-хай".
У гэты момант яна здалася яму такой дурніцай, што ён зарагатаў. Гэта, здавалася, збянтэжыла яе. Ужо значна менш упэўнена, але ўсё яшчэ з гонарам яна сказала:
— Je n'aime pas le gros rire [37] Я не люблю грубага смеху (франц.)
.
Читать дальше