— Янка, — падаў голас Мсціслаў. — Няўжо гэта ты ад прыроды такі? Можа, гэта проста таму, што ты мыешся не так, як трэба?
— Я мыюся, — уздыхнуў Янка. — Не, тут ужо нічога не зробіш. I спрабаваць не варта.
— Ну і чорт з ім, — сказаў Алесь. — Падумаеш, бяда вялікая.
Яны сядзелі і гаварылі аб розных цікавых рэчах даволі доўга. Потым здалёк, з лагчынкі пад горкай, ударылі чатыры гарматы. Адным залпам.
— Прыехаў нехта, — з неахвотай падняўся Алесь. — Трэба ісці.
— Сядзі-і, — сказаў Мсціслаў.
— Не, брат, трэба. Можа, гэта дзед. Тады не пахваляць.
— Дзеду тройчы стралялі б… Гэта або Раўбічы, або Кроер.
— Усё адно. Трэба ісці.
Калі яны падыходзілі да круга гонару, на ім, ля самай тэрасы, кідалі павады на рукі слугам два чалавекі. Адзін з іх, худы і жылаваты, вельмі пахмуры, быў незнаёмы Алесю. Гэты чалавек злазіў з белай кабылкі павольна, з падкрэсленай стрыманасцю. Ваўкавата глядзелі вочы з-пад калматых брывоў, доўгія, як вiлы, вусы звісалі на зялёны паляўнічы гарнітур.
Затое другога Алесь пазнаў адразу. Ні з чым нельга было зблытаць гэтыя зеленаватыя, як y рысі, вочы пад брывамі пясочнага колеру. Ні ў кога не было такіх учэпістых рук і такіх кашэчых спрытных рухаў.
Жандарскі паручнік Мусатаў уласнай персонай завітаў y Загоршчыну.
Перадаўшы коней слугам, абодва пайшлі па сходах на тэрасу — адзін справа, другі злева, быццам не жадаючы папіраць нагамі адны і тыя ж прыступкі.
Алесь заспяшаўся. Калі дзеці падышлі да Загорскіх, Клейны і Ісленьева, Мусатаў ужо стаяў перад імі. A пахмуры чалавек чакаў наводдаль, муляўся, быццам не адважваючыся падысці.
— Прабачце, мадам, — сказаў Мусатаў. — У мяне справа да іх сіяцельства.
На абліччы Ісленьева з'явілася грымаса пакуты.
— Ну што яшчэ? — спытаў ён.
Матуля, каб не перашкаджаць віцэ-губернатару, звярнулася да бацькі:
— Чаму ж гэта Кроер не едзе?
— Асмелюся звярнуцца, мадам, — шчоўкнуў абцасамі паручнік. — Пан Кроер не прыедзе.
— Чаму? — спытаў бацька.
— У адной з вёсак пана Кроера бунт, — ціха сказаў Мусатаў.
— Дзе?
— У Півошчах.
— З якой прычыны?
Паручнік паціснуў плячыма. Твар Ісленьева скрывіўся.
— Якія загады вы прынялі? Спадзяюся, ніякіх агіднасцей? Стараліся ўгаварыць?
— Стараліся. На жаль, не дапамагло. Давялося страляць. Ёсць параненыя.
Свежае аблічча графа збялела:
— Ведаеце, чым гэта можа скончыцца?
Голас яго сарваўся. Наступаючы на Мусатава, ён патрасаў перад яго носам белымі сухімі старэчымі рукамі.
— Гэта чорт… Гэта чорт ведае што такое! Beau monde! Notabilités! [34] Свет! Ганаровыя асобы! (франц.) .
Як вы смелі прыехаць да мяне пасля такога?.. Мала было крыві? Мала шыбеніц на верках?
— Супакойцеся, супакойцеся, граф, — дарэмна спрабаваў сказаць слова бацька.
Мусатаў павярнуўся і пайшоў да сходаў, вонкава амаль спакойна. I толькі тут граф, глыбока ўздыхнуўшы, сказаў глухім голасам:
— Стойце… Вазьміце з сабою лекара… Спадзяюся, пан Юры дазволіць…
Вацька моўчкі схіліў галаву.
— Вось, — сказаў Ісленьеў. — Загадайце запрэгчы коней… I запамятайце, вы ніколі не з'яўляліся сюды з вашымі ганебнымі звесткамі. Я нічога не чуў… Я нікога не бачыў…
Голас ягоны перасеў. Ён нагадваў цяпер распатланага драча, які з крыкам робіць вартую жалю скідку, дарэмна імкнучыся адцягнуць увагу сабакі ад чагосьці дарагога яму.
I ён пайшоў y дом, неяк дзіўна заграбаючы правай рукой паветра і не звяртаючы ўвагі на гасцей, якія стаялі наўздалёк, нічога не разумеючы.
— Дастукаўся Канстанцін, — змрочна сказала Клейна. — I падумаць толькі, што ён твой траюрадны брат, Антаніда. Бадай з аднаго гнязда горлінка чыстая і драпежны воўк. Цьфу!.. Спадзяюся, ніхто не памрэ…
— Хто памрэ? — спытаў Алесь y маці. — У каго стралялі?
— Ніхто не памрэ, сынок, — сказаў бацька. — Стралялі проста салдаты… на стрэльбішчы. Лухта ўсё… Ідзі… ідзі да дзяцей. Хутка я цябе паклічу.
I як толькі Алесь аддаліўся, сказаў Клейне:
— Чуў.
— Чуў, але не зразумеў, — сурова сказала старая. — Цяжка зразумець такое.
— A я ж казаў, — прамовіў пан Юры.
Губка маці, пяшчотная губка з мушкай-радзімкай, дрыжала.
— Божа, — сказала яна, — за што ж гэта? За што такое? Мне ён, урэшце, не больш прыемны, чым табе… Такі грубы, такое быдла… I гэты няшчасны, такі жалкі граф… З яго жыццём, з яго маладосцю…
— Э, — сказаў бацька. — Ці мала іх з такой маладосцю? Вось былы наш губернатар, Міхаіл, граф Мураўёў. Пачынаў разам з тымі. Братоў павесілі — a ён y чынах ходзіць. Браты ў Сібіры, a ён член Дзяржаўнай Рады вось-вось будзе, калі ўжо не ёсць…
Читать дальше