Зоры ззялі над галавою. Яна ішла і ішла алеямі, нібы ў сне, не ў змозе даць сабе адказ на пытанне, куды і чаго яна ідзе.
Зоры ззялі над галавою. Раптам нібы нехта сыпануў іх і ў траву. Слабыя, зеленаватыя, яны мігцелі ў ёй, амаль пад нагамі.
Гэта былі светлякі.
Цалкам неасэнсавана яна брала халодныя агеньчыкі ў руку. Урэшце рука заззяла, нібы ў ёй ірдзеў зялёны жар.
Вытаргнуўшы з галаўной сецi некалькi срэбных нiцей, яна спрытна пляла iх пальцамi.
Яна рабіла гэта, не ведаючы, што сотні пакаленняў жанчын рабілі гэта да яе. Рабіла, нібы ў сне.
Потым яна ўзняла гатовую дыядэму і павязала яе вакол галавы. У змроку над яе чалом успыхнуў німб з зеленаватых халодных зорак.
…Алея за алеяй. Майку чамусьці цягнула да става, дзе стаяла "крохкая" вярба. Але яна не паспела дайсці да яе. Калі да става асталося ўжо зусім нямнога і адтуль дыхнула вільготным павевам, яна ўбачыла цень, што рухаўся ёй насустрач.
— Ты? — спытаў цень.
— Я.
Ніколі яшчэ яму не здавалася такім патрэбным быць з ёю. І ніколі яшчэ ён так не гневаўся.
— Вазьмі свой медальён, — сказаў ён. — Я не думаў, што гэта будзе так. Але, відаць, праўда, што на зямлі няма нічога вечнага.
Зоры ззялі над яе галавою. Зоры ззялі ў валасах.
— І ты можаш? — глуха спытала яна.
— Нічога, у мяне застанецца яшчэ адзін. Гэта цётчын медальён. Ён, як яна казала, тройчы тры разы ўратуе мяне. Лухта. Шкада, што яна не дала мне нічога ад дробных жаночых учынкаў. Урэшце, нічога. Спраўлюся сам.
І працягнуў ланцужок:
— Вазьмі.
Яна раптам зрабіла яшчэ адзін крок. Бязвольна і пакорліва ўпала галавою на ягоныя грудзі. Ён стаяў, працягнуўшы рукі ўздоўжз тулава.
— Алесь, — сказала яна. — Алесь…
Была ноч і вярба. Быў усход. А потым было сонца.
І, калі яно ўзнялося над дрэвамі, ад круглых лістоў вадзяных гарлачыкаў ляглі на дно цені.
І цені белых вадзяных лілей на дне става былі, як заўсёды, чамусьці не круглыя, а нагадвалі разарваныя пальмавыя лісты.
Лета было летам шчасця. Не разумеючы яшчэ да канца, што такое каханне, Алесь ведаў, што яго кахаюць і ён сам кахае. Майка часта бывала ў Загоршчыне і была такая ласкавая, такая добрая з ім, як добрае лета, што стаяла вакол.
Бываў ён у Раўбічах. І там таксама ўсе любілі яго. Нават Франс супакоіўся. Асабліва пасля таго, як упэўніўся, што Алесь ні ў чым яму не пагражае, а Ядзечка, хаця і сумуе, усё ж мірыцца з новым становішчам і ставіцца да Франса памяркоўна і мякка, бо ён харошы хлопец і ёй добра з ім.
Мсціслаў месяца паўтара жыў у Алеся. Таму ўсім было весела. Ездзілі ўсім хаўрусам і да Кагутоў, і да Клейнаў, і да Мнішкаў. Паўсюль было весела.
А ў Раўбічах асабліва. Таму што Вацлаў і Стась пасябравалі, выкідвалі, разам з Наталяй, розныя дурыкі.
Да таго ўсё было добра, што нават Майчына нянька, старая Тэкля, палюбіла Алеся і, калі чула, што ён павінен прыехаць, буркатала:
— Во і сонейка маё прыедзе. Бог таму дасць, хто яго любіць. А хто такому дачку аддасць — таму бог дасць удвая.
Бывалі і ў дзеда, і там было лягчэй за ўсё. Вежа не перашкаджаў нічым. Хіба што трохі іранізаваў над маладымі людзьмі. І здзіўляўся сам сабе. Чаго гэта ён, стары сугней, якому пакутай было бачыць людзей, аніяк не пакутуе з той прычыны, што дом поўны моладзі, што паўсюль гучаць галасы, песні, смех, што нельга сесці ва ўлюбёнае крэсла, не сеўшы пры гэтым на партабак Франса, нельга зайсці ў галерэю, каб не перашкодзіць юнакам, якія наладзілі там танцы. Дзіўна, гэта аніяк яму не перашкаджала. Наадварот, нават падабалася.
Пакутаваў спачатку адзін Мсціслаў. Гэтаму, нават пры ягонай легкаважнасці, даводзілася дрэнна. Падабаецца табе дзяўчына, а ёй падабаецца твой лепшы сябра. Гэта яшчэ няхай! З сябрам, тым больш пастрыжным братам, біцца не палезеш. Але пастрыжны брат адступіўся. Дык што б вы думалі? Знайшла другога сябра. Каго хочаце, абы не яго.
Ён быў лёгкі чалавек, але такой ганьбы нават для яго было занадта. Таму хлопец крута змяніў сваё жыццё. Замест весялосці і танцаў браў сабаку і ішоў з ім у палі. Блукаў там, поўны меланхоліі, вёў размовы з сабакам, чытаў сентыментальныя раманы, якія яму зусім не падабаліся. Паспрабаваў нават пісаць вершы, поўныя тугі і сардэчных уздыханняў. Уздыханняў было шмат, рыфмаў — трохі меней, складу і мілагучнасці — зусім мала. Плюнуў.
Скончылася гэта зусім нечакана. Рытуал патрабаваў, каб закаханы наведаў тыя месцы, дзе ён бываў шчаслівы. Мсціслаў меў такіх месцаў няшмат, асабліва ў Азярышчы, куды сябры прыехалі наведаць Кагутоў. Маеўскі пайшоў да вялізнай адрыны, дзе калісьці ён і Алесь лазілі па сене, точачы ў ім хады між стогам і латамі страхі.
Читать дальше