Прыйшоў туды і ўбачыў там дзевак, што якраз тапталі сена. Дзеўкі заўважылі хлопца і ўзрадаваліся магчымасці падурэць.
— Паніч прыйшоў! Вой, ды які ж харошанькі!
Дзеўкі спаймалі яго, пакацілі па сене і скончылі тым, што напхалі яму мурагу між целам і вопраткай. Ганьба была страшэнная. Дзеўкі!.. Мужчыну!.. Калі яны пусцілі яго, Мсціслаў выглядаў так, нібы яго надзьмулі.
Бараніла яго толькі дзевяцігадовая Янька Кагут. Крычала на дзевак, штурхала іх як магла і цягнула за ногі. Гаравала, што напалі на аднаго.
Мсціслаў вызваліўся як мог ад сена, а потым стаў нападаць на дзевак па адной. Раскідваў і валяў іх, як коз. Падстаўляў ножку, скідаў са стога і не даваўся, каб зноў схапілі.
Урэшце зразумеў, што ўсё адно спаймаюць, і разам з Янькай уцёк дамоў. З таго часу хадзіў з ёю і на рыбу, і па маліны, і "глядзець ласёў". Жартам называў "нявестай".
— А што? На восем год маладзейшая. Скончу вось універсітэт — ажанюся. Я дваранін, з невялікіх, яна — вольная сялянка. Рамантыка! Карамзін!
Рабіў выгляд, што падыходзіць да хаціны. Скідаў шапку:
— Здравствуй, добрая старушка. Чувствительное сердце твое не может отказать стрелку. Ибо и старые поселянки любить умеют, под сению дерев пляша. Не можешь ли ты дать мне стакан горячего молока?
Усе рагаталі. А ён з таго часу пакінуў гуляць у расчараванага каханка.
У жніўні Алеся і Вацлава запрасілі ў Раўбічы.
Пан Яраш сустрэў іх ветліва і цёпла, але дзіўна. Алесю адразу здалося, што Раўбіч быў бы куды больш узрадаваны, каб яны прыехалі праз дзень або паслязаўтра. Нешта такое было ў ягонай усмешцы, у залішняй гасціннасці, у тым, што ён, здаецца, не ведаў, куды яму падзець вочы.
Таму Загорскі адразу папрасіў дазволу пакінуць Вацака з Наталяй і Стасем, а самому ўзяць Майку і паехаць з ёй вярхі. Да вечара. Ён казаў гэта, не зводзячы позірку з вачэй пана Яраша. І ён упэўніўся ў тым, што яму сапраўды лепей знікнуць адсюль да самай ночы. І Майцы — таксама. Таму што пан Яраш зусім няўлоўна для старонняга вока, але ўзрадаваўся.
— Магчыма, мы заедзем да Басак-Яроцкага, — не адводзячы вачэй, сказаў Алесь. — Тады ён, вядома, не адпусціць нас.
— Не, сынок, — сказаў пан Яраш, — гэтага не трэба. Вядома, калі вы захочаце астацца ў пана Яроцкага, тады справа іншая. Думаю, у яго можа быць цікава, тым болей што ні Міхаліна, ні ты там яшчэ не былі. Але толькі ў тым выпадку, калі вам сапраўды захочацца там астацца.
— Добра, — сказаў Алесь. — Мы астанемся, толькі калі заедзем туды.
Пан Яраш першы адвёў вочы. Яму на хвіліну стала страшна ад недзіцячай пранікласці хлопца.
— Добра, — сказаў ён, — я дам Майцы загад збірацца. Пачакаем, пакуль тое, на стайні.
У тыя часы на Прыдняпроўі ў багатых дзедзіцаў заўсёды існавалі пры стайні, манежы, праварыне і бегавых дарожках — словам, пры ўсім, што складала конскі завод — некалькі пакояў, штосьці накшталт мужчынскага клуба.
Там заўсёды былі канапы, каб госці маглі адпачыць. Госці ацэньвалі коней, спрачаліся, мянялі і куплялі, заключалі пагадненні, пілі каву, закусвалі.
У пакоі, куды Раўбіч прывёў Алеся, стаяла вялізная турэцкая сафа, стол з бутэлькамі і закускай і некалькі крэслаў.
Алесь зайшоў і адразу страшэнна здзівіўся: у крэсле за сталом сядзеў чалавек, якога яму менш за ўсё хацелася бачыць і якога ён менш за ўсё спадзяваўся сустрэць тут. Слаба загарэлы, з празрыста-ружовым румянцам на тугіх шчоках, пан Мусатаў сядзеў за сталом і папіваў ледзяную ваду з лімонным сокам.
Вузкія, зеленаватыя, як у рысі, вочы пільна і весела глядзелі на княжыча. Учэпістыя, прыхавана-нервовыя рукі сціскалі сплюшчанымі на канцах, як долата, пальцамі вузкую шклянку, усю запацела-дымную, у пацерачках кропель.
— Што такое, пане Аляксандр? — спытаў Мусатаў. — Вы не чакалі бачыць мяне тут?
— Чаму не, — сказаў Алесь. — Кожны мужчына можа прыехаць на стайню да пана Раўбіча.
Выйшла падобна на поўху, і Алесь пашкадаваў аб гэтым, убачыўшы Раўбічавы вочы.
— Яны, відаць, таксама не чакалі, — усміхнуўся ружовымі вуснамі жандар.
Алесь азірнуўся і ўбачыў пана Мнішака і Юлляна Раткевіча, таго самага прадстаўніка малодшага роду, які некалі на дваранскай зборні падаў запіску аб неабходнасці вызвалення сялян. Нервовае жаўтаватае аблічча Раткевіча было стрымана-злоснае.
— Я прасіў бы вас не жартаваць так, — спакойна сказаў Раўбіч. — Я, урэшце, сам запрасіў вас да сябе.
— Прабачце, — сказаў Мусатаў. — Я прыехаў не ўчора і не заўтра, як вы мяне запрашалі, а сёння. Самі ведаеце, справы… Але я ад усёй душы ўдзячны вам за лаяльнасць і за пастаянную гатоўнасць памагаць уладам.
Читать дальше