Зірнуўшы на яго, нельга было не сказаць: "Ах, які добры чалавек!"
— А ото нашы два Вінцукі, — знаёміў гаспадар. — Абодва паэты. Абодва добрыя грамадзяне. Абодва добрыя мужы.
— Ну, проста хоць ікону з мяне пішы, — буркнуў мужыкаваты.
— Абодва добрыя патрыёты. Любяць радзіму. Любяць. Знаёмцеся.
— Каратынскі, — зноў жа з выклікам працягнуў Алесю руку мужыкаваты.
I Алесь падумаў, што гэты падкрэслены выклік — ад неабходнасці сцвярджаць сваю годнасць. Відаць, худародны. Можа, нават з сялян.
— Дунін-Марцінкевіч, — падаючы пульхную руку, мяккім голасам сказаў гарбун. — Прашу не блытаць з Марцінкевiчамi-Асановічамі i Марцінкевічамі-Мустафамі. Я пакуль што не татарын. Хаця? — I ён засмяяўся. — Татарынам тутэйшым быць, дальбог, нядрэнна. Мова — адна. "Кітаб" нічым не горшы за блажэннага Аўгустына. І жонак можна аж сем мець.
Ягонае кругленькае цела калыхалася ад дабрадушнага смеху.
— Ды ён яшчэ i вальтэр'янец, — заўважыў з карэктным гумарам Ходзька. — Будзеце адказваць на тым свеце, пане Вінцук.
— I не буду. I зусім не буду, — калыхаўся гарбун. — У жартах граху няма. І што ж, што татарын. Усякае дыханне хваліць пана бога.
Кіркору, відаць, было замала рэкамендацый, хаця для Алеся абодва паэты, як людзі, было ўжо зразумелыя.
— Абодва на гаворцы пішуць. На літоўска-мужыцкай.
Алесь звёў бровы:
— Па-беларуску, значыць?
Ходзька нахмурыўся. А вочы Марцінкевіча раптам, на адно імгненне, перасталі быць усмешлівыя, зірнулі на хлопца добразычліва, цвёрда.
"Эге, — падумаў Алесь. — Не такі ты, відаць, прасцячок, не такая божая душа. Ты, брат, дзе трэба, i характар можаш паказаць". I супакоіўся, што знайшоў зразумелага i блізкага чалавека.
— Бачыце, — сказаў Ходзька. — Вось ён, першы плён вашай працы. 3'явіўся ўжо беларус, ды яшчэ i князь. Глядзіце, каб хутка не з'явілася яшчэ, замест мужыцкай гаворкі, нейкая беларуская мова.
— Я не чытаў твораў пана Марцінкевіча, — сказаў Алесь. — Але існаванне беларускай мовы не залежыць ад нашых з вамі жаданняў, пане Ходзька. Як яе ні называй, яна проста — icнye.
Непачцівы Грыма, як заўсёды, рэзнуў проста ў Ходзькавы вочы:
— Разважаеце вы, шаноўны пане, з багатай магнацкай званіцы. Гэтыя словы аб "гаворцы" нам у зубах навязлі. Вы тутэйшы, але, прабачце, чым тады гэтыя вашы разважанні адрозніваюцца ад разважанняў нябожчыка імператара?
Кіркор азірнуўся. Зyciм непрыкметна для іншых. I адразу супакоіўся, заўважыўшы, што ніхто не звярнуў yвaгi, што ўсе свае, што ўсе з цікавасцю чакаюць працягу спрэчкі.
Ходзька холадна сказаў:
— Я — паляк беларускага паходжання. Памятаючы гэта, вы не можаце ўпікнуць мяне ў чужой крыві, у нелюбові да зямлі, на якой я нарадзіўся, у няведанні гаворкі, на якой гавораць яе мужыкі. Я павінен яе ведаць, бо як тады іначай весцi гаспадарку. Выйдзе нешта накшталт непрыемнасці з вaвiлонскай вежай. Але, я лічу, гэтая гаворка зжыла сябе, як зжыла сябе яшчэ некалькі стагоддзяў назад беларуская ідэя. Нічога не зрабілі, акрамя войнаў i звад…
— Толькі Біблію адны з першых надрукавалі, — сказаў Алесь. — Першыя сярод усходніх славян.
У вачах Марцінкевіча Алесь заўважыў пыльную цікавасць.
— Можа, вы не будзеце мяне перабіваць? — сказаў Ходзька.
— Калі ласка, — сказаў Алесь. — Я проста ўдакладніў некаторыя не зусім… пэўныя пастулаты пана.
— Дык вось, — сказаў Ходзька. — Ідэя скампраметавала сябе.
— Або вы яе скампраметавалі, — буркнуў Грыма.
— Ажыўляць нябожчыкаў — гэта не справа гicторый. Мы проста адгалінаванне польскага племені, слабое, чэзлае, якое ідзе дарогаю апалячвання. І хоць гэтай гаворкай гавораць пяць мільёнаў, але яна проста "рабочая мова", каб работнікі рознага паходжання разумелі адзін аднаго.
— Пяць мільёнаў!.. Цi не занадта многа для "рабочай гаворкі"? — сказаў Алесь.
— Я паважаю вашы пачуцці, — сказаў Ходзька. — Але цi не занадта вы малады, каб…
— Чакайце, — сказаў са свайго кута Сыракомля. — Гэта забаронены ўдар.
— Чаму забаронены? — умяшаўся Лізагуб. — Мы сапраўды яшчэ мала ведаем у параунанні з панам Ходзькам.
— Малады чалавек, — сказаў Сыракомля. — Веды i вера ў радзіму — розныя рэчы.
— Магчыма, пане Кандратовіч, — у голасе Лiзaгуба прарвалася непрыязная нотка. — Я проста кажу, што некарэктна перапыняць старэйшага госця.
Ходзька кінуў на яго ўхвальны позірк:
— Я ўдзячны вам. Не турбуйцеся. У мяне яшчэ няма старэчага маразму.
— Паважаю пана, — сказаў Лiзагуб. — Але дадам толькi адно. Брыдка, калi адукаваны чалавек, князь, пачынае насiць лапцi праз нейкiя там меркаваннi. Гаворка гэтая для людзей вашай культуры — тое самае, што лапцi замест чаравiкаў.
Читать дальше