Алесь развёў рукамі:
— Каб жа ж можна было хоць што зрабіць! Школы на сваёй мове, паступовае вызваленне — тады яшчэ сяк-так. Але ж не даюць. Не паўстанеш — будзеш жыць, як усе: жэрці, напівацца, паляваць, ацірацца ля спадніц. Сумленне страціш. А паўстанеш — таксама страшна. Гэта, магчыма, i плаха.
Голас ягоны сарваўся:
— Галоўнае, мала нас, мала! Адзiнкi!
Кастусь лёг на спіну. Доўгі час маўчаў, глядзеў у цемру бліскучымі вачыма. Пасля сказаў глухім, але цвёрдым голасам, нібы канчаткова вырашыў усё:
— Не трэба тысячы, каб пачаць. І не трэба ста, каб пачаць. I не трэба… дваіх, каб пачаць…
Алесь і Усяслаў Грыма ішлі Дамініканскай вуліцай да Святаянскіх муроў. Абодва пераапрануліся з гімназічнай формы ў цывільнае i старалася трымацца далей ад ліхтароў. Хаця гімназістам старэйшага класа i дазвалялася не вельмі пільнавацца гадзіны, пасля якой вучні павінны сядзець дома, але яны iшлi ў дом, наведванне якога магло не спадабацца начальству. Ды i прагулкі без формы не заахвочваліся. А іначай было нельга. Будуць глядзець, як на шчанюкоў.
Ішлі да Адама-Ганорыя Кіркора, рэдактара "Кур'ера Віленскага". У яго збіралася цікавае таварыства, i можна было гаварыць аб жыцці Бывала i музыка, а ўжо спрэчкі — заўсёды. Гаспадар быў з ліберальных, асветнік i не больш, ды яшчэ з памяркоўных. Нехта з дэмакратаў у запале спрэчкі назваў яго аднойчы нават "калабарацыяністам", але гэтага не падтрымалі нават злоснікі. Проста жыў па прынцыпу "абы цixa было", часам запабягаў перад уладамі і імем імператара, але сяды-тады і яго прарывала злосцю. Ён дазваляў збірацца ў сваёй кватэры самым розным людзям, нават з крайнімі naлiтычнымі поглядамі.
Пачатак сакавіка плакаў капяжамі i ўначы. 3 дахаў раз-пораз спаўзаў i ляскаўся цяжкі падталы снег. Святло ліхтароў весела гуляла на сотнях ледзякоў.
Вёў Алеся знаёміць з людзьмі Усяслаў Грыма.
— Пакрычаць там сёння, — сказаў Грыма.
— Усе крычаць, — сказаў Алесь.
Увесь люты ішоў у Парыжы міжнародны кангрэс, які прыляпіў на чало імперыі ярлык слабасці i непатрэбства i завяршыў, урэшце, ганебную разгромную вайну не менш ганебным мірам.
— Haбiлi морду, — бурчаў цельпукаваты Грыма. — Вось вам. На вазах харч вязуць, гарматы разрываюцца. Ваяваць развучыліся. Шпіцрутэны — гэта мы ўмеем.
Кіркор жыў у будынку былога універсітэта. Хлопцы азірнуліся. Паглядзелі ў бок губернатарскага палаца, цікнулі вокам у цёмную арку двара Сарбевіуса. Наглядчык Цэзар Георгіевіч, па класнай мянушцы Цэрбер Гаргонавіч, мог трапіцца паўсюль.
Яны перабеглі вуліцу i нырнулі ў пад'езд. Падняліся па сходах, пастукалі ў дзверы. Сустрэла ix пакаёўка, узяла паліто. Праз шчыліну дзвярэй даляталі галасы.
… Гаспадар, убачыўшы Грыму, развёў pyкi, быццам хацеў абняць. Азызлы, усё яшчэ загарэлы, дарма што зiмa прайшла, твар яго бы пацяплеў ад усмешкі.
— Змена маладая! Надзея мілай радзімы! То што, Усяслаў, гэта i ёсць твой князь?
— Але. Толькі ён не мой, а свой.
— Ухваляю, ухваляю, князь. Рэферат ваш аб народных песнях упадабаў. Выключна. Верце слову бітага этнографа. Прашу, прашу да мяне.
У невялічкай гасцёўні з мяккай мэбляю i ciнiмi сценамі, упрыгожанымі медальёнамі з эмалі i ідылічнымі гравюрамі з народнага побыту, было поўна людзей. Курылі, пiлi каву ля кутняга століка, спрачаліся. Раздаваліся выгукі, смех, воплескі — відаць, узнагарода камусьці за трапнае слова. Змешваліся польская, французская, беларуская мовы.
— Дав-вайце, маладыя людзі, будзьце як дома, — гасцінна запрашаў Кіркор, робячы, магчыма, занадта выразныя pyxi маленькай зграбнай рукой.
Відаць было, што ён — не без славалюбства — ганарыцца i гэтым зборышчам, i гасцёўняй, i людзьмi, сабранымі ў ёй, i атмасферай дасціпнасці, лёгкай ігры мазгавых звілін, спрэчак i ўсяго іншага.
На вялікае сваё засмучэнне, хлопцы амаль адразу ўбачылі аднакласніка, графа Ігнацыя Лізагуба. Ён стаяў з нейкім хударлявым, сухотным на выгляд чалавекам і ледзь адказаў на прывітанне. У чорным бездакорным сурдуце, вельмі стрыманы, вельмі выхаваны. Ён гаварыў i ўсміхаўся белымі зубамі, а ўсмешка была халодная, абыякавая. Валасы бліскучыя ад брыльянціну, нібы карова ягоную галаву лізала. Вочы тытунёвага колеру, абыякава-ўважныя. Нібы не семнаццаць яму, а ўсе пяцьдзесят, такі карэктны.
— Вам пашанцавала, маладыя людзі, — мякка сакатаў Кіркор. — Сёння ў мяне якраз найбольш цікавыя госці. Рэдка бывае так, каб у кожнага знайшоўся вольны вечар. Але сёння вы ўбачыце цвет новай віленскай грамады. Прашу быць як дома.
Читать дальше