…З Раўбічамі, сапраўды, было па-ранейшаму. Не віталіся нават у зборні. Калі на баль прыязджала адна сям'я, другой амаль ніколі не было. Пан Яраш рашуча забараніў дачцэ сустрэчы. Алесь бачыў Міхаліну вельмі рэдка, дый то з дапамогай Мсціслава.
Мсціслаў за год змяніўмя. Самастойнае жыццё наклала адбітак. Узмужнеў, вочы сталі суровыя і светлыя. Перавёў мужыкоў на аброк і падрыхтоўваў вызваленне. Патроху гаварыў з вернымі хлопцамі. А сам бавіў час амаль толькі за паляваннем. Гойсаў на кані з сабакам і стрэльбай па навакольных пушчах і паплавах, часта чамусьці заязджаючы ў Азярышча.
Нічога, здаецца, не змянілася ў загорскім наваколлі. Толькі змяніўся — і ў трывожны бок — пан Юры. Невядома, што здарылася, але хутчэй за ўсё — глыбокае нездавальненне жыццём і сабою. І яно так мяняла яго, што, каб гэта было са старым Вежам, людзі маглі б падумаць пра дрэннае.
Але бацьку споўнілася толькі сорак восем, і яшчэ два гады назад яму давалі дзесяткам менш. У ім заўсёды было шмат хлапечага. Бацька любіў жартаваць, быў здатны на самыя нечаканыя выбрыкі. Гэта ён, у маладыя гады, ледзь толькі зляцеў з магілёўскага губернатарства Міхаіл Мураўёў, прыехаў да яго наступніка, маладога Ягора Бажанава, у накладных вусах, барадзе і кучме валасоў — пад выглядам віцебскага архірэя і, не даўшы нікому падставы ўсумніцца ў сваёй прыналежнасці да царквы, спрачаўся па багаслоўскіх пытаннях. Потым яны з Бажанавым сталі сябрамі.
І гэта пан Юры зрабіў аднойчы так, што адзіны заяц, забіты на паляванні выдомым хвальком і хлусам Вірскім, трымаў у лапках запіску з надпісам: "За што?!"
У наваколлі Копыся вадзіліся надзвычай рэдкія чорныя зайцы. І гэта бацька ў змове з кушняром Вежы, славутым майстрам, запэўніў аднаго з Вітахмовічаў, Сымона, што бываюць і зайцы паласатыя, і ў доказ гэтага паказаў шкурку і сказаў, што за другі экземпляр не пашкадуе і тысячы рублёў. Сымон цэлы год днямі і начамі цягаўся па вапняковых пустках ля Рамінавічаў, спаў у халупах пастухоў або проста пад чыстым небам, піў казінае малако, і вядома ж, нічога не забіў. Затое вылечыўся ад сухотаў.
Цяпер на пана Юрыя балюча было глядзець.
У вачах часта з'яўлялася абыякавасць і пустата.
Ажываў ён толькі на паляванні. Але і там аднойчы, калі начавалі ля вогнішча, каб раніцай ісці "сцяжыць" ваўкоў, не вытрымаў. Слухаў-слухаў сына, а потым ціха сказаў:
— Скончана, брат, жыццё. Не так пражылі. Яшчэ год дваццаць сумоты, а там і да пані Пясэцкай у ложак.
— Бацька, ты што?
— Непатрэбна ўсё гэта нiкому. Нi гэтыя рэформы, калi ўся гэтая механiка патрабуе молата, нi мая гэтая мiтусянiна. Нiч-чога!
…Настрой гэты пачаў мінацца ў пана Юрыя з першымі адзнакамі "вясны вады", з прадчуваннем клічу паплавоў і балот, з першым жывым ўяўленнем таго, як хутка ўжо стане "капаць" і "скрогаць" у пушчы глушэц.
Нібы кожная сіняя кропля з ледзюка падбаўляла сіні ў бацькавы вочы. Затое цяпер, прадчуваючы страляніну, пачала загадзя пакутаваць маці.
Паўтаралася звыклая гісторыя кожнай вясны.
Бацька ўжо крадком рыхтаваўся. Лілі шрот, выбівалі прабойнікамі з лямцу клакі, выпрабоўвалі порах. Як ціскі для катавання, ляскаў у руках Карпа барклай.
— Што, брат, зробіш? Страсць! Прашліхтуе нам з табою маці вантробы.
Як чорт, блішчаў сінімі вачыма:
Уцымбаліў дождж па вяршыначках,
Па ядлоўнічку, па бярэзнічку…
Шэрым конікам сухенька стаяць,
Нам, стралкам-малайцам, мокранька сядзець.
Шэры конiкi пад свiткамi ўграваюцца,
Мы ўкрываемся, стралочкі, босаю спіной…
Спяваў патаемна і так, што аж страшнавата рабілася.
І раптам пляваў:
— Чорт ведае што… Разбойніцкая!.. Во паслухалі б людзі. Ды яшчэ каб раптам кісцень на руку: ведаеш, такі шар з шыпамі ды рамень вакол запясця. Ды ў людскую, ды ў тры пальцы — свісь! "А-дзі, каму шкура дарагая!" Або лепей да Фельдбаўха.
Пан Юры ўдаў разгублены нямецкі твар пана Людвіка. Потым на гэтым твары з'явілася недаверлівая ўсмешка:
— Ша-лун-ка! Das ist mir nicht Wurst! Да пані-мутэрхен Антаніда я зараз прабяжалься! Разам гэтых разбойнік ганяць! Nuch?!
Алесь быў здаволены, што да пана Юрыя вярнуўся ранейшы настрой. Бог з ім, няхай нават паляванне — грэшны і сорамны занятак, няхай панервуецца пару дзён маці — усё адно добра, што яно ёсць, паляванне, бо праз яго стомленыя людзі пачынаюць любіць жыццё.
…Бацька з маці пасварыліся ў гэты год нязвыкла рана, задоўга да пачатку вясенняга палявання, і Алесь амаль узрадаваўся гэтаму: хутчэй пройдзе матчына туга, і ён, Алесь, на качак паедзе разам з бацькам, а дома будзе ўжо цішыня і мір. Не мог ён бачыць дакору ў вачах маці. І не мог, як і пан Юры, адмовіцца ад стрэльбы, вогнішча і ветру.
Читать дальше