"Славяне" лупілі яйкі і запівалі іх квасам, які пакідаў пад носам чырвоныя вусы. Елі сала, выціраючы рукі аб падстрыжаныя "страхою", на купецкі манер, валасы.
Цяпер смяяліся, заціскаючы раты, дзесяткі людзей.
— Украінафільства, якое падаграваюць аўстрыйскія агенты… Гэтая справа з Шаўчэнкам і нейкай Наталкай-Палтаўкай на чале… Абмежаваная колькасць фантазёраў, якія лічаць, што Маларосія, маларосы з'яўляюцца чымсьці асаблівым са сваёй нераспрацаванай гаворкай і сваімі чумакамі і могуць існаваць, не адчуваючы патрэбы ў агульнай славянскай айчыне, імператары і ўсходнім праваслаўі…
Грыма глядзеў на гаршчочак кашы з непамерным здзіўленнем. Выгляд у яго быў такі, што бліжэйшыя рады грымнулі смехам. Грыма неўразумела паглядзеў на іх. Рогат выбухнуў мацней.
Палічыўшы гэта рэакцыяй на свой неадольны гумар, прафесар перайшоў на пафас.
— Як у немцаў Германія вышэй за ўсё, так у нас наш гасудар вышэй за ўсё. І мы маем поўнае права крыкнуць: рукі прэч, і няхай будзе наш народ з яго гасударам вырашальнікам лёсу народаў!
Усяслаў урэшце здагадаўся, як быць з кашай. Выняў з вачніцы манокль і пачаў чэрпаць ім кашу.
І тут рады не стрымаліся: пакаціўся па лавах вышэй і ніжэй, захапляючы ўсё новыя сектары, неадольны, магутны, гамерычны рогат.
Калі Рунін зразумеў, што смяюцца зусім не з ягоных жартаў, было позна: смех апанаваў усіх да апошняга. Ён паспешна кінуў на пераноссе пенснэ і ўбачыў усё.
Ад рогату, ад магутных, як прыбой, перакатаў ходырна трэсліся рады.
Рунін пачаў падымацца па прыступках. І тады Алесь стаў, каб закрыць Грыму спіной. Адсунуў яго плечуком.
Чацвёрка памагатых разам з суседзямі схапіла Грыму стаў і пацягнула далей ад прахода. Ён супраціўляўся і крычаў, але рогат заглушыў яго крыкі… Хлопцы зацягнулі Усяслава далёка за спіны.
— Вы? — спытаў Рунін. — Вы, князь?
Некаторыя ўжо не маглі смяяцца і толькі пазяхалі, як рыба на пяску.
— Я з самага пачатку бачыў гэта, — сказай бледны Рунін. — Чаму вы зрабілі…
— Патрыёт стайні! — крыкнуў з-за спін Грым і здушана замыкаў.
— Хто яшчэ там? — спытаў Рунін.
— Хіба вам мала мяне аднаго? — спытаў Алесь.
— Я хачу ведаць, хто яшчэ?
— Як бачыце, усе.
Рогат рабіўся нясцерпны.
— Прычыны?
— Нежаданне бачыць вас тут. Нежаданне, каб нас вучыў розуму, — а праўдзівей — розуму— маразму, — такі, як вы… даносчык… цемрашал… згубіцель юных і чыстых…
— Без асабістых абраз!
І тады Алесь узняў руку.
— Жарты прэч… Нам абрыдзеў ваш панславіцкі смярдзёж… Абрыдла гэта маска драпежнасці… Нам абрыдлі вы. Вы пэцкаеце самае імя нашай радзімы, наша імя, наш незаплямлены гонар.
— Вы не патрыёты!
— Мы патрыёты больш на вас. Але мы не хочам велічы за кошт іншых народаў. Бо ўсе людзі зямлі — браты. І ўсе яны падобныя адзін на аднаго і на нас. На свеце няма горшых народаў… А калі ёсць, то іх робяць такія, як вы.
— Відаць, я яшчэ не скончыў ачысткі універсітэта.
— І не скончыце, — спакойна сказаў Алесь. — Я пайду адсюль, але пойдзеце і вы разам з вашымі ванітамі. Іначай вам на кожнай лекцыі будуць чыніць абструкцыю.
— Пасмешышча! — крычалі з радоў. — Квасны Платон!
Зноў успыхнуў рогат. Хлопцы з мясцовага зямляцтва зацягнулі па-руску забаронены пасля паўстання "Марш Кошута". Амаль без слоў, якія ведалі нямногія, але грозна ляцела мелодыя. У адказ ёй плесканулася недзе пад столлю марсельеза.
Амфітэатр віраваў. Кожны цяпер не разумеў, як маглі яны цярпець гэтую брыду і гніль хоць яшчэ адну хвіліну, як маглі забыць аб выключаных, як маглі мірыцца з прынізлівымі разважаннямі гэтай макрыцы.
Аўдыторыя выбухнула крыкамі.
— Ганьба! Мазгі лыкавыя! Вон! Вон!
Свіст, здаецца, ірваў муры і прымушаў дрыжаць шыбы.
Яны стаялі на пероне і, як заўсёды ў апошнія хвіліны, не ведалі, аб чым гаварыць.
— І ўсё ж гэта блазнаванне, — сказаў Кастусь. — Мужыкі з голаду ядуць траву, а ты дзеля няпэўнай асалоды звесці рахункі з гэтай старой малпай вылецеў.
— Хай яны мне з двума дыпломамі солі на хвост насыплюць, — сказаў Алесь. — Што ж, па-твойму, дазволіць яму атручваць мазгі і даносіць далей? А так яго прыбралі. Ды і з хлопцаў цяпер ніхто такому трызненню не паверыць.
— Добра, што Грыму не выдалі. Вось гэта была легкаважнасць, памятаючы нашу размову.
— Папусціцца Руніну было нельга. Стрывалі б гэта — сцярпелі б і большае.
Кастусь па чарзе пакусваў губы. Спачатку верхнюю — ніжнімі зубамі, потым ніжнюю — верхнімі. І раптам зарагатаў.
Читать дальше