У сярэдзіне сакавіка здарылася непрыемная гісторыя ў Татарскай Грэблі.
Вёска ляжала ў той самай пушчы, куды дзеці калісьці хадзілі глядзець выйсце крыніц, на паўночны ўсход ад Паківачовага млына і таму трохі бліжэй да Вежы. Гэта была самая глухая з вёсак пана Юрыя: на поўнач, поўночны захад і захад ад яе пушча цягнулася на некалькі дзён дарогі.
Пушча спала яшчэ. Не было нават праталін. Вялікія гарады мурашынага народу драмалі пад снегам. Толькі крумкач, каб не плаціць мурашкам за прайграны калісьці заклад уласнымі дзецьмі [36] Па легендзе, крумкач і мурашкі аб нечым паспрачаліся і заклаліся на дзяцей. Крумкач прайграў і цяпер выводзіць дзяцей у мароз, каб не плаціць пройгрышу.
, спяшаўся паставіць крумкачанят на крыло, пакуль гарады ворага былі проста мёртвай ігліцай.
У гэтыя дні з'явіўся ў Татарскую Грэблю нежаданы госць: вялізны і схуднелы самец-мядзведзь.
Без пары ўстаўшы з мярла, зусім яшчэ нават не вылінялы, галодны, за адну ноч разваляў вуллі ў імшаніку мужыка Шпіркі Брыжуна і тыдзень не з'яўляўся, а потым, уначы, залез у стайню Нічыпара Шчэрбы, паваліў там кабылу з жарабяткам, адзіным набыткам сям'і, і напіўся цёплай конскай крыві.
Яго гнаў голад. Наступнай ночу ён з'явіўся на загуменнях вёскі, раскідаў аўчарню і задзёр яшчэ аднаго каня, а раніцай адабраў кошык з яйкамі ў Веркі Падапры-Комін. Баба несла кошык у Сухадол, на рынак.
Адзіны паляўнічы вёскі Шчупак Лабудовіч (у Грэблі акрамя хрышчоных імён былі і свае) зрабіў быў засаду, але мядзведзь нечакана зайшоў амаль яму ў спіну і раўнуў так, што Шчупак кінуў фузію і бег аж да вёскі. Мядзведзь разбіў стрэльбу ў трэскі і той жа ноччу зрабіў спробу ўдзерціся ў хлеў Шчупака, па ягонага каня. Нібы помсціў.
Тэрарызаваная вёска забіралася з захадам сонца ў хаты і сядзела так да раніцы. Мядзведзь ніколі не чапае людзей — да першай крыві, усё адно — мядзведжай або чалавечай. Мядзведзь не чапае і вялікай жывёлы. Гэтага прымусіла да разбою мёртвая пушча. І ў разбоі ён быў неўтаймаваны і разумны. Міжвольна ўспаміналіся словы падання, якое казала, што мядзведзі — гэта людзі, толькі што аброслыя. Ды больш разумныя, бо ўцяклі ў лес, каб іх не прымусілі працаваць.
Мужыкі скардзіліся. Пан Юры пачаў рыхтавацца. Матуля пакутліва моршчыла бровы.
— Ну нашто?
— Коней вaліць, любая. Людзей абяздольвае.
— Спалохайце ды праганіце. Снег, а ў яго, адзінага са звяроў, голыя пяткі.
— Нехта яму вінаваты, — пасмейваўся пан Юры. — Ты ведаеш, чаму мядзведзь устае? Ён улетку загуляецца з мядзведзіхамі даўжэй за астатніх ды не паспее тлушчу назапасіць… Мядзведзь — дон-жуан, як сказала адна дурная гарадская паненка.
— Юрась! — кідала маці апошні козыр.
— Ну што ты? Ну, пяткі голыя? То сам вінаваты… "Мядзведзі ў пушчы чарніцы збіралі, мядзведзі чарніцы на ток рассыпалі. Мядзведзі ўвесь дзень па чарніцах хадзілі, ляпёшкі з чарніцаў на пятках сушылі. Чатыры нагі аж пад сонца ўздымалі, усю зімку чарнічныя лапы смакталі… Сма-аш-ненька!.."
З Грэблі данеслі, што мядзведзь пасля кожнага разбою вяртаецца ў сваё мярло і робіць спробу заснуць зноў. Відаць, таму, што прачнуўся так рана. І засынае часам. На дзень ці на два.
…У дзень палявання Алесь вырашыў быў не ўставаць, каб лішне не псаваць настрою чужымі зборамі, але ў чатыры гадзіны, у цемры, пан Юры заспяваў, ідучы ў збройную, і толькі ля дзвярэй сына змоўк: успомніў, што той не едзе і гэты радасны спеў можа на цэлы дзень засмуціць сына.
Алесь са злосцю захутаўся ў коўдру, збіраючыся заснуць, але не мог. Усё адно трэба было ўставаць і ісці на цукроўню. Дый не мог ён прапусціць збораў: відовішча, магчыма, яшчэ больш хвалюючае, чым само паляванне.
…На двары, у падмёрзлым снезе, пераступалі капытамі коні. Рыпелі палазы. Асветленыя ліхтарамі і паходнямі, сноўдалі сюды-туды людзі. Біскуповіч і Юллян Раткевіч распараджаліся. У плямах святла вымалёўваліся сухарлявыя сілуэты сабак.
Псяры трымалі іх на шворках. Сабак сёння чакала цяжкая работа: хапаць звера ззаду "за нагавіцы", адцягваць яго ад паляўнічых.
Шляхта з малодшых радоў — сем чалавек — раз-пораз ставіла стрэльбы і рацішчы ля ганка і ішла ў пакой паляўнічых, куды яшчэ звечара паставілі сталы: закусваць. Вярталіся адтуль чырвоныя, тугія на раннім марозіку, як памідоры. Пахла ад іх віном, свежым марозам, скурай і конскім потам.
Пераступалі з нагі на нагу, рыпелі белымі высокімі вайлакамі, ходнямі і ботамі.
Ліхтары згасілі, і снег стаў ліловы, калі ўрэшце з'явіўся бацька. Сінявокі, смуглявы, белазубы. Убачыў Алеся і вінавата пшыкнуў румянымі вуснамі.
Читать дальше