А жывёл, якія звар'яцелі ад жаху, галечы і цяжкай працы, амаль не было вакол, і нельга было так паплюжыць гэтых людзей.
Быў просты рахманы і вельмі мужны народ. Добры, верны сябрам і страшны ворагам, вольналюбівы, чысты і горды.
Ісленьеў успамінаў. Півошчынская вайнішка і многія дзесяткі другіх бунтаў… Звычаі… Песні… Абліччы людзей з загорскага наваколля і твар самога Загорскага, бацькі ягонага і дзеда… Раўбічы… Клейны… Корчакаўскія напады… Чорны Война і ягоны аднаасобны, дзесяцігоддзямі, бунт… Апошняе забойства…
Быў пашматаваны, закуты, але вялікі народ. I Ісленьеў не мог не бачыць ягоных пакут і ягонай велічы.
— I ўсё ж? — спытаў Iсленьеў.
Хлоп маўчаў. I раптам віцэ-губернатар пачуў стогн, нібы ў таго раздзіралася нешта ў грудзях.
— Пане… Пане літасцівы, — сказаў мужык. — Забярыце вы яго ад нас. Забярыце, не дайце грэх на душу ўзяць.
— Чаго ты?
Барыс раптам узняў на губернатара светлыя вочы:
— Дзеля яго забярыце. Вытанчаецца ўжо цярпенне наша. Хочаце — на каразн пасылайце, хочаце — літуйце мяне, а як бы ён гарэлкі не глынуў ці гарачым пяском не пагрэўся.
— Аб чым ты? — сурова спытаў Ісленьеў.
— Пагаворваюць ужо… Увальюць спірытусу ў глотку, а нос ды рот заціснуць… торбай з гарачым пяском пузыр мачавы раздушаць — і гамон!.. I слядоў не знойдуць… Не дазвольце грэх узяць!
3 Ісленьевым ехаў на гэты раз новы яго асабісты сакратар, Паноў.
— А я вось за цябе вазьмуся, — сказаў Паноў, вельмі паважны ад усведамлення свайго новага становішча, — дзе гэта ты такое чуў?
— Кінь, — грэбліва сказаў Ісленьеў.
— Рэжце мяне на кавалкі, не баюся, — захлынаўся мужык. — Няма пекла, акрамя таго, што ад нараджэння да смерці.
…Палац нібы вымер. Нікога не было на верасовай пустцы вакол. Нікога не было ля канавязяў і пабудоў. Ніхто не стаяў на ганку.
Вялізная камяніца са сляпымі вокнамі. Цішыня. Мокры верас вакол. Хмары над дахам.
Аднекуль здалёк, можа, з Гарыпяціцкай ці Браніборскай бажніцы, даляталі рэдкія, разарваныя яшчэ і вялікай адлегласцю, удары хаўтурных званоў.
Ісленьеў і Паноў падымаліся па сходах.
Нікога. На тэрасе з застаялымі лужынамі ад дажджу — таксама нікога. Ніхто не выйшаў насустрач.
Штурхнулі дзверы, пайшлі пакоямі. Запыленыя люстры і вокны. У зале, дзе калісьці стаяла труна, — ані жывога духу.
— Гэй! — крыкнуў Паноў. — Ёсць хто?
У непаразуменні, куды маглі разбегчыся слугі, дзве постаці ішлі абрыдліва запушчанымі пакоямі.
У адным пакоі стаяў сабраны стол персон на дваццаць, і ля яго таксама нікога.
Рыпнулі недзе дзверы, і людзі заспяшалі туды, але гэта была пройма. Яна расчыніла дзверы, і яны штурхнулі бутэльку, што ляжала на падлозе. Бутэлька яшчэ ракатала па шчарбатым паркеце, нібы нехта нябачны каціў яе.
Стала жудасна.
Яны знайшлі таго, каго шукалі, толькі ў наступным пакоі. Тут усё стаяла на сваіх месцах, было нават сяк-так прыбрана.
Кроер ляжаў на падлозе, закінуўшы аблічча, з мёртвай рукою, усё яшчэ працягнутай да санеткі.
Магчыма, і званіў. Але не прыйшоў ніхто. Ці баяліся зайсці? Ці проста разбегліся? Хто мог сказаць, што тут было і што ён адчуваў у апошнія хвіліны.
— Nemesis divina [55] Боская адплата (лац.)
, — сказаў Паноў.
Ён быў малады чалавек і любіў ужыць лацінскае слова.
Ісленьеў пакасіўся на яго і нічога не сказаў.
Тры чалавекі стаялі ў вільготным пасля лёгкага дажджу бярозавым гаі.
— Вось што, — сказаў Франс Раўбіч. — Я ўжо сказаў, што мой бацька дрыжыць ад злосці, калі нехта толькі ўспомніць ваша імя, князь. Я не хачу, каб ён памёр, нават калі гэтай бессаромніцы ўсё адно.
Алесь пакасіўся на Міхаліну. Усё было б лепей за гэтае раптоўна перарванае, нібы патаемнае, спатканне. Сустрэліся, і вось на іх выпадкова натрапіў Франс.
— Жонка, якая хоча ўбачыць мужа, бессаромніца? — мякка спытаў Алесь. — Не трэба табе гэтага, Раўбіч.
— Я ўжо сказаў, я не дазволю ёй заганяць у магілу бацьку.
Франс гарачыўся.
— Пану Раўбічу лепей.
— Усё адно… Я даў слова: нават калі з бацькам нешта здарыцца — ты хутчэй будзеш ягонай удавою, чым жонкай. Вось і ўсё.
Майка аж калацілася:
— Слухай, Франс. Што гэта за глупства? Што за злоснасць? Гатовыя жэрці адзін аднаго. Злітуйся ты, урэшце, з мяне, з яго, з сябе, нізкі ты чалавек.
— Майка… — сказаў ён.
Вочы дзяўчыны пашырыліся:
— Я злітавалася з цябе, я пашкадавала бацьку. Але цяпер я шкадую, што я выйшла тады з царквы, паверыла вам.
Алесь узяў яе за плечы і адвёў. Усміхнуўся:
Читать дальше