Падкова на лобе Кандратавым аж пачырванела, так ён думаў. Заб'е. Зімою ці вясною, улетку ці ўвосень — заб'е. У слату ці ў ясны дзень — заб'е. Уначы ці ўранні — заб'е. Ого-го, як бы гэта лёгка было жыць на зямлі, каб за кожнае паскудства паскуднік чакаў немінучай кары.
Вой, як павалюся я на тваю магілачку,
Як закуваю я цяпер па табе кукулечкай.
Дружыначка ж ты мая, нашто ж ты мяне… пакідаеш?
А ці дабра ты ад дзетак, ад жонкі… не маеш?
Як жа ж нам цяпер… пражыць?
Як нам жыццё без цябе… прабыць?
Як мы цябе забываць… будзем?
Адкуль мы цябе дажыдаць… будзем?
Кандрат сціснуў кулакі на вясле і рыўком папаслаў човен з корстай нябожчыка да недалёкай ужо царквы на выспе.
Да каго ж мне ўначы цяпер цмокам прысмактацца?
Адкуль жа мне парады цяпер дажыдацца?
Адляцеў ты ад мяне цяпер, саколiк-голуб шызы — укулечка!
Згас ты цяпер для мяне, васілёк ты мой — сонейка — Пралесачка!
Ціхі і страшны лямант бабы ляцеў над вадой да астраўка, адкуль плылі насустрач яму рэдкія ўдары хаўтурнага звона.
…Назад Кандрат і Алесь ехалі ў чаўне адны. Далёка перагналі ўсю чараду чаўноў.
— Слухай, Кандрат, вазьмі мяне з сабою.
— Куды?
— Ты ведаеш…
— Не, — сказаў Кандрат. — Нiчога я не ведаю.
Яны плылi, а вакол быў блакiт i гарачае паветра.
— Глядзі, што гэта? — сказаў Алесь.
Кандрат азірнуўся, і на хвіліну абодва яны замерлі, уражаныя тым, што адбывалася над ракой.
На беразе, наводдаль, уставаў у паветры вялізны чорны слуп — ад зямлі да неба. Ён здаваўся б нерухомы, каб не круціліся ў ім з шалёнай хуткасцю жмуты сухой травы.
Нехта ўсмоктваў іх у неба, і яны ўзляталі ў яго вышэй і вышэй. Магутны тромб ішоў да берага, набліжаўся. Чорны, як дым, ён клубіўся і пераліваўся тым, што было ўнутры, як змяя, што скідае скуру. Тлустая, уся хвалямі, яна, павольна звужаючыся, паўзла некуды: не разбярэш, ці ўгору, ці ўніз.
Віхур тромба спусціўся на ваду і пайшоў проста на іхні човен. Як зачараваныя, яны не рухаліся. А смерч наліваўся яшчэ больш, чарнеў.
Бліснула недзе, на вышыні добрай званіцы, доўгае срэбнае цела рыбы.
У наступнае імгненне волат ірвануўся паўз іх і перасунуўся трохі далей, як папярэджанне. 3 чорнага нутра яго дзьмухнула магільным холадам.
Усё хутчэй і хутчэй рушыў ад іх тромб, перайшоў раку, пачарнеў, узляцеўшы на бераг.
Яны ніколі не бачылі такога.
Волат блукаў у палях, ішоў у палі, меншаў. Знікаў.
…Калі ён знік — яны зірнулі адзін на аднаго.
— Бяда будзе, — шапянуў Кандрат.
— Кінь лухту вярзці!
— Х-фу-у, — заплюшчыў вочы Кандрат. — Добра. Вязі мяне на бераг. Высадзі.
— Вазьмі, кажу, з сабою.
— Не!!! — рэзка і злосна кінуў Кагут. — Не дый не. Чорт з імі, з тромбамі… Трэба і іх — грудзінай…
Калі постаць ягоная знікла, ускараскаўшыся на крутаяр, Алесь чамусьці ўспомніў Майку і спалохаўся, што ледзь не загінулі. Цераз дзень яны павінны былі сустрэцца і канчаткова вырашыць, як быць.
Кандрат ужо цэлую чвэрць сонечнай дугі чакаў, седзячы ў зарасцях ля мосціка. Сонечнае святло пахла шкіпінарам, гарачай мятай, ядучым пахам вампірніку. Ад хваёвага гуду — недзе над верхавінамі хадзіў вецер — шумела ў галаве і хацелася задрамаць.
Ён сядзеў у зарасцях за вялікім, як хата, каменем непадалёку ад рачулкі. Над каменем, на адхоне, васьмісотгадовы дуб цягнуў да сонца свае ледзь апераныя галіны. Поўзалі па ягонай, глыбока — на дзве далоні — зрэзанай зморшчынамі, кары чырвоныя кузуркі з чорнымі мордачкамі на спінах. Яны былі падобныя, гэтыя мордачкі-рыскі, на маскі, якія носяць вадохрышчам. Поўзалі яны самотна, спараныя, і кара дуба, відаць, здавалася ім ярамі амаль без дна і высокімі градамі ўзгоркаў.
Проста перад Кандратам звінела Азяранка, несла хвалі ў Дняпро. А над ёю цягнуўся лядашты мост. Кандрат тройчы ўжо ссоўваў з яго дзве плахі. Пасля кожнага праезду. Дзядзькі лаяліся, клалі іх на месца і рушылі далей. А ён зноў выходзіў, зноў ссоваў плахі і зноў сядаў на месца, сціскаючы цёплы ад рук прыклад дубальтоўкі.
Пушча хадзіла і хадзіла над галавой. I Кагут пад яе шум думаў ні аб чым і аб усім, але толькі не аб тым, што хацеў зрабіць. Усё, што датычылася гэтага, ён абдумаў даўно.
…Таркайла з'явіўся нечакана. Адзін. Мільгануў на ўзгорку і знік, з'язджаючы да мосціка. I тады Кандрат выйшаў з-за каменя, як сто разоў гэта ўяўляў сабе, перабег да пераезду яшчэ бліжэй і прысеў у хмызах, зусім блізка ад ссунутых плах.
Ён паспеў яшчэ цікнуць вышэй па дарожцы абодва бакі. Там нікога не было. Нават калі з'явяцца, то адтуль яны яго, Кагута, не пазнаюць. Каня і фурманку яшчэ можна пазнаць, і то калі ведаеш, каго чакаеш, а чалавека — не.
Читать дальше