I ўсё ж таму, што Вацлаў ледзь не роў, думаючы аб Наталі і аб тым, якую здраду чыняць у адносінах да яе, і яшчэ таму, што Глебавічна хапала ўсіх за рукі, вырашылі счакаць дзень-два і паглядзець, чым усё скончыцца.
Усё гэта было б нават трохі смешна, каб не вынікі, з якімі вярнуліся секунданты.
На аркушы паперы бездакорным почыркам Франса было выведзена:
"Моn рrіnсе, mon humeur portait 1е сасhеt mais concessions faites de mauvaise grace sont les pires que l'on puisse faire" [58] Князь, мой настрой носіць адбітак журбы, але неахвотна зробленыя ўступкі — найгоршыя з усіх, якія можна было б зрабіць (франц.)
.
— Гэта ён мне? А кодэкс? — спытаў Загорскі.
— Ён перадаў гэта Іллі Хаданскаму, той мне, а я вам. Відаць, хацеў яшчэ мацней уразіць, — сказаў Мсціслаў.
— Усё адно гэта нiкуды не варта, — пацiснуў плячыма Алесь. — Зносiны, няхай i цераз секундантаў, з другiм бокам.
Пан Адам крэкнуў:
— А мне здаецца, тут дваістасць ягонага стану. I адчуванне правіны, і жаданне не мірыцца.
— Хто яго секунданты? — спытаў Алесь.
— Ілля Хаданскі і Міхал Якубовіч, — сказаў Выбіцкі.
Ніхто не рашаўся перайсці да ўмоў двабою. Маўчалі.
— Ну, — сказаў урэшце Алесь.
— Без лекара, — сказаў жорстка Мсціслаў. — Права першага стрэлу за намі няма. Жэрабя. Адлегласць паміж бар'ерам — дваццаць крокаў. У выпадку, калі першыя стрэлы вынікаў не дадуць, праціўнікі абменьваюцца другімі і трэцімі — да смерці аднаго.
— Міла, — сказаў Алесь.
— Ты не пратэстуеш? — спытаў пан Адам.
— Нашто, — паціснуў плячыма Алесь.
— Мы нічога не маглі зрабіць, Алесь, — сказаў Маеўскі. — Жэрабя — гэта па-роўнаму. Яны аднолькава патрабуюць смерці як для цябе, так і для сябе.
Адам з'едліва і сумна ўсміхнуўся:
— Вядома, да таго часу, пакуль жэрабя не кінулі. А потым пачынаецца забойства.
Тыя пайшлі. Вечар быў вельмі цёплы і ціхі. Загоршчынскі парк драмаў пад светлымі зорамі.
Заўтра будуць страляцца. На поплаве. Недалёка ад таго месца, дзе сустрэлі на начлезе Войну… Тады яму, Алесю, было адзінаццаць. Цяпер — дваццаць адзін.
Дзіўна, ён ні аб чым не шкадаваў. Што ж, бывае і так…
Ён сеў і напісаў караценькі ліст дзеду, што помніць яго (перашкаджаць дуэлянтам забаранялася, і дзед, відаць, хоць і пакутаваў, вымушаны быў сядзець дома), дзякуе за ўсё.
Другі ліст быў запавет. Палову ўсёй рухомай і нерухомай маёмасці — панам Маеўскаму і Каліноўскаму "на заснаванне той прамыслова-гандлёвай кампаніі, аб якой яны ўтрох марылі". Адну шостую ўсяго — брату Вацлаву Загорскаму. Другую шостую — Юрыю і Антанідзе Раткевічам, прыпісаным да малодшага роду праз маці, з тым, каб яны карысталіся гэтым роўна і без крыўды. Палову астачы — на стыпендыі студэнтам з Загорскага наваколля, далейшае ўтрыманне школы і багадзельні ў Загоршчыне і дапамогу бедным. Астатняе — Кагутам, Кірдуну і іншым слугам, каб была кампенсацыя за страту службы і забеспячэнне на астатнія гады жыцця… Замежны капітал, тую частку, што належыць асабіста яму, — на дапамогу паэтам, што пішуць на мясцовай мове, стварэнне музея, куды перадае ўсе свае калекцыі, і заахвочванне лінгвістычных, гістарычных, археалагічных і этнаграфічных прац, што датычацца Беларусі.
Вось і ўсё. Душапрыказчыкі — Вежа, Маеўскі і Раткевіч. Кастусю не напісаў. Не зразумее і не ўхваліць.
Кастусю нельга было ўсяго тлумачыць. Ці зразумее Кастусь, як ён, Алесь, заеўся з усім наваколлем, як, не робячы асабістага зла, усё ж стаў ворагам для ўсіх, бо ягоная ідэя была для многіх варожай. Алесь разумеў, гэта не Франс Раўбіч ударыў яго, а падвышанае, хваравітае пачуццё гонару. Напалову мужык па выхаванню, ён міжвольна паўстаў супраць усяго гэтага, супраць стогадовых прымхаў і забабонаў, і гэта яны цяпер забіваюць яго. А ён хоць і мужык, але таксама і князь, і сам аддаваў даніну традыцыям і не можа канчаткова паступіцца дваранінам у сабе: адмовіцца ад дуэлі, выклікаць да сябе агульную пагарду, каб жыць і рабіць далей сваю справу.
Трагедыя? Магчыма. Але колькі ўжо разоў людзей лавілі на тым жа, каб расправіцца. Лавілі, бо яны былі дзецьмі свайго часу і свайго асяроддзя.
Галуа [59] Геніяльны французскі матэматык, забіты ў маладым узросце.
, якога так любіў "матэматычны Грыма". Галуа ледзь паспеў на кавалку паперы ў апошнюю ноч запісаць асноўныя прынцыпы сваёй тэорыі.
Хто яшчэ? Ну, вядома, Пушкін. Чалавек дваццаць першага стагоддзя — і ўсё ж не палічыў за магчымае адмовіцца.
I многія яшчэ будуць так гінуць, не менш годныя, чым Лермантаў. Ёсць, аднак, у гэтым забабоне і другі бок, схаваны пакуль што для ўсіх.
Читать дальше