Стафан купіў яшчэ поршнікі для малой. Надта ўжо добрыя былі поршні, як крамныя: ніз суцэльны, вяршок, як андарак, клятчасты, з жоўтых і сіненькіх скураных лычак, а раменьчык, якім зашморгваюць, чырвоны, як мак-відук.
Стафан увесь час даставаў і разглядаў іх, усміхаючыся ў маладыя, густаватыя ўжо вусы, прыемна-залацістыя, як у бацькі. Самы бяскрыўдны з усіх Кагутоў, вады не замуціць, ёнбыў добры муж і добры бацька.
Усе прыезджыя ва ўсіх кнігах хвалілі тутэйшых людзей за тое, што добрыя бацькі і мужы. Але тыя кніг не чыталі, дый здзівіліся б, прачытаўшы: "А як іначай? Малады — дурэй колькі хочаш, хоць у лазу з чаканам ідзі, а ажаніўся — тут ужо не-е!"
Ехалі дадому трохі вясёлыя. У Стафана таксама быў голас, хоць і горшы, чым Андрэеў. Ён спяваў, а Юллян падцягваў яму густым басам:
Былі ў маці тры сыны на раду,
Загадалі ўсім тром на вайну.
Ой, старэйшаму не хочацца,
Малодшаму не прыходзіцца,
А сярэдні меч бярэ, збіраецца,
З бацькам, з матухнай прашчаецца.
"Не кусай вусы, мой татка, пры мне,
Не плач, мая родная матка, пры мне,
Не плач, не плач, мая матухна, пры мне.
Наплачашся, мая мамка, без мяне.
Нагалосішся, наплачашся,
З сіротамі накугачашся".
— Чакай, сказаў Юллян Лапата. — Гэта што?
З ляснога вострава, злева ад дарогі, вылецелі на апошніх конскіх жылах два чалавекі. Па белых світках ясна было: мужыкі. Не асцерагаючыся нават таго, што конь можа трапіць нагою ў хамячыну, гналі каней, як ад смерці.
Юллян пазнаў у адным з коннікаў Корчака. Другі быў невядомы.
— Як на скрут галавы, — сказаў Стафан. — Хто б гэта?
Юллян прамаўчаў.
Коннікі перасеклі біты шлях сажняў за пяцьдзесят перад возам. Стафан глядзеў на іх з цікавасцю. Людзі замарузділі, відаць раздумваючы, куды кінуцца. Лявей ад іх было канаплянае поле, а за ім схіл, зарослы меднымі соснамі. Правей — хмызы, за якімі ляжаў нізкі, на вільготным месцы, лес. Там, на ўзлессі, як волат, стаяла магутная сухая сасна.
Коннікі, відаць, наважыліся: паскакалі левым шляхам, сцежкаю праз каноплі. Калі воз пад'язджаў да месца, дзе яны перабеглі дарогу, Стафан убачыў, што коні, асядаючы і часам знясілена ссоўваючыся ўніз, ужо нясуць людзей па стромым схіле, што зарос хвоямі… Зніклі…
На шляху ляжалі два хлапякі пены.
— Н-ну, — сказаў Стафан. — Загоняць коней.
— Змоўч, — сказаў Лапата. — Не твая справа.
З вострава, адкуль выскачылі коннікі, пачуўся пошчак капытоў.
— Вось чаму, — сказаў Стафан, убачыўшы дзесятак верхавых.
На свежых, амаль не змораных конях коннікі глыталі дарогу ўдвая хутчэй, чым папярэднія, і хутка вылецелі на шлях. Сталі, азіраючыся.
Абліччы былі завешаны белым.
— Гэй! — сказаў адзін. — Не бачылі людзей?
Стафан глядзеў на яго і думаў, казаць ці не. Бадай, не варта было хлусіць: невядома ж, што то былі за людзі, дый звязвацца з гэтымі страшна. Але завешаных было многа, а звычай казаў: бачыш, што шмат людзей гоняцца за адным — не памагай. Ён вагаўся.
— Бачылі, — сказаў Стафан.
Лапата аж сціснуўся. Коннікі пад'ехалі бліжэй. Вочы змрочна блішчалі пад павязкамі.
— Куды памчалі? — спытаў коннік у сінім.
— Два? — спытаў Стафан, марудзячы.
— Але.
— Конна?
— Я вось табе як жыгну, — сказаў другі, з шалёнымі вачыма, уздымаючы карбач.
— Чакай, — сказаў сіні.
— Гэна… як яно… — сказаў Стафан. — Коннікі, значыць, два?
— От варона, — засмяяўся сіні.
— Два коннікі прабягалі вярхом, — сказаў Стафан. — Унечкі туды… Ды не, не туды, а унь туды, бачыце дзе мокры лес.
— А не туды? — шалёны паказаў карбачом на схіл з мядзянымі соснамі.
— Кінь, — сказаў сіні. — Што ім на схіле? Правільна кажа мужык. Там мокры лес, там, відаць, яр.
Яны рванулі ў правы бок, але амаль адразу трапілі ў балаціну і сталі яе аб'язджаць.
— Ты бачыў? — спытаў Лапата.
— Нічога я не бачыў, не бачу і не буду бачыць, — злосна сказаў Стафан.
Шырокае аблічча Юлляна было бледнае. Ён махнуў рукой:
— Гані.
У гэты момант з пушчы, якраз між сухой хвояй і тым схілам, дзе зніклі Корчак з сябрам, вылецеў коннік. Намётам пагнаў да пагоні, махнуў рукою ў бок мядзянага бору.
І Стафан здзівіўся, такое незнаёмае аблічча стала ў Лапаты. Шчокі абцягнуліся, рот нібы праваліўся, моцныя сківіцы дрыжалі.
Маленькі атрад, відаць, спрачаўся. Людзі махалі карбачамі ў розныя бакі.
— Дарма! — тонка крычаў той, што пад'ехаў. — Кажу, часовыя кладкі цераз яр за сабою пабурылі. Скулля вам цяпер, разявакі!
Кагутоў воз імчаўся, хеўра коннікаў рабілася ўсё меншая і меншая. Лапата пашкадаваў, што з ім няма стрэльбы. Той самай, надзейнай, крамянёвай, якая ляжала ў яго на каленях, калі яны раіліся ў чаўнах, а вакол была повень.
Читать дальше