Бацька аж ускочыў з лаўкі.
— Што гэта?
— Здаецца, вайна,— няўпэўнена адказаў Буслік, потым згроб свае абцужкі, адвёрткі, шрубкі-болцікі і, махнуўшы рукой на бутэльку, якую бацька паставіў на стол, выбег з хаты.
Вайна. Бацька надзеў на галаву шапку і таксама ляпнуў дзвярыма.
Што такое вайна, я ведаю. Вайна — гэта калі бацьку прыносяць з сельсавета павестку, каб ён хуценька збіраўся ў нейкі там ваенкамат. Тут маці пачынае плакаць і збіраць торбу. Бабуля таксама ходзіць па хаце з кута ў кут і гаворыць, што якой толькі пошасці на чалавека не прыдумаюць. I ў мяне шкрабаюць на душы кошкі, але я трымаюся, стараюся, каб не заплакаць. Я мужчына.
Як я памятаю, ён адзін раз ужо хадзіў ваяваць. Пайшоў летам 2 2 Верасень 1939 года. Вызваленне Чырвонай Арміяй з-пад улады буржуазна-памешчыцкай Польшчы Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі.
, а вярнуўся аж вясной. Гасцінец прынёс: чырвонаармейскую шапку, папругу і абмоткі. У шапцы з чырвонай зоркай красаваўся я, папругай ён сам падпяразваўся, а абмоткі аддаў маці. 3 іх добрыя супонькі выйшлі. Маці насіла на базар малако, гародніну і ўсё хваліла тыя абмоткі: трывалыя, мяккія, плячо не рэжуць.
Дні праз два ці тры пасля таго, як Буслік паладзіў радыё, бацька зноў атрымаў павестку. Цяпер у нас поўная хата радні і суседзяў. Першым прыйшоў дзед Мікалай — бацькаў дзядзька. У яго вялікія будзёнаўскія вусы і сівая галава. Здаецца, ён толькі што прыехаў з млына і не паспеў абцерушыць мучны пыл з валасоў. Дзед прывітаўся, сеў на лаўку і сказаў:
— Ну вось... дажыліся, ліха яго бацьку няхай.
Затым прыкульгаў наш сусед Захар Маляўка. Некалькі год назад яму бервяном у лесе пераламала нагу. 3 таго часу, наступаючы на яе, ён неяк смешна падскаквае. Мабыць, таму і мянушка за ім замацавалася — Скок. Спытай у людзей, дзе Захар Маляўка жыве, дык некаторыя плячыма паціснуць і пачнуць успамінаць, хто ж гэта такі. А скажы Скок — адразу пакажуць.
Дзядзька Захар жвава пераскочыў цераз парог, паставіў свой кіёк ля парога і, прызітаўшыся, спытаў:
— А мой жа ты татка, дык што ж гэта яно будзе?
Што яно будзе, яму ніхто не сказаў. Усе прамаўчалі.
Другі сусед, дзед Мірон, хмуры і маўклівы, калматы і здаравенны, як мядзведзь, не прыйшоў. У яго ў самога госці. Сына адпраўляе — Васіля. Мы з Санькам гэтаму рады. Толькі ўчора дзед абяцаў панакручваць нам вушы — у сад лазілі. I хто ведае, як бы ён паглядзеў на нас, калі б зайшоў у хату.
Мая цётка Марына з'явілася са сваім мужам дзядзькам Андрэем. Сама цётка нізенькая, кругленькая, як пампушка, затое дзядзька Андрэй худы і высокі, нібы жэрдка. На вайну ён не пойдзе. Кажуць, у яго трухлявая сярэдзіна.
— Дзякуй богу, там такія не трэба,— радуецца цётка.
— Не хвалюйся, і тут насярбаешся,— папярэджвае яе дзядзька Андрэй.
Само сабой зразумела, былі тут і мы з Санькам. Без нас, як без солі.
Госці сядзяць, выпіваюць і закусваюць. Звычайна ў такіх выпадках бацька гаворыць, што мне няма чаго рабіць за сталом, а сёння прамаўчаў. Таму мы з Санькам таксама сядзім разам з усімі,— праўда, выпіваць не выпіваем, а толькі налягаем на пампушкі са смятанай ды слухаем, што кажуць людзі.
Мой бацька густа дыміць цыгаркай і разважае:
— Гэтага трэба было чакаць. Тыдні два назад сустрэў я кума на базары. Яго старэйшага сына забралі ў армію. Дык вось кум і кажа: «Дрэнь справы, Кірыла. Выдалі ім вінтоўкі з патронамі і гэтыя, як іх, каскі. Відаць, пачнецца...»
Дзед Мікалай задуменна ківае сівой галавой:
— Ну, калі казкі выдалі, значыць, шабаш...
— Ды не, тат,— умешваюся я ў размову,— не казкі, а каскі.
— Адзін чорт,— адмахваецца бацька,— казкі ці каскі. Куля не паглядзіць.
Тут мне захацелася растлумачыць, што каску, мабыць, куля ўсё ж не праб'е, але падышла бабуля і тузанула за рукаў. Гэта, каб я не быў разумнікам і не лез куды не трэба.
— Я іх бачыў на польскай,— працягваў бацька.— Яны і тады на нас коса глядзелі.
Дзядзька Андрэй хрупае радыску і ў знак згоды ківае галавой. Яго востры кадык бегае па доўгай, нібы ў гусака, шыі, то ўткнецца ў падбародак, то схаваецца пад каўняром кашулі. Калі кадык супакоіўся, дзядзька заявіў:
— Атмасфера даўно зараджана порахам.
Ён заўсёды гаворыць па-вучонаму, асабліва калі пад чаркай.
— А куды ж, мой татка, мы глядзелі? — спытаў дзядзька Захар. Голас у яго тонкі, высокі. Сусед гаворыць, быццам на дудачцы грае.
— Туды і глядзелі,— адгукнуўся дзед.
— Давайце мы лепш спяём,— перабіла мужчынскія размовы цётка і, не чакаючы згоды, зацягнула высокім, прарэзлівым голасам. У нас з Сакькам аж у вушах зазвінела.
Читать дальше