Калі вырашыў быць гаспадаром, дык трэба ўжо быць гаспадаром. Я не спяшаючыся падграбаю рукамі сена да апошняй травінкі, а немцы моўчкі назіраюць за маімі дзеяннямі. Нарэшце я згроб усё ў абярэмак і панёс у двор.
Перада мной пералаз у сад. Пакратаў я пераламаную жардзіну і паківаў галавой: ай-я-яй, усё развальваецца, трэба будзе неяк паладзіць. Уецца над комінам дымок. Гаспадыня, відаць, пячэ бліны або варыць шпонную кашу. А што, калі тут жыве паліцай ці стараста? Вунь якая даміна, і двор з бярвенняў.
А немцы ўжо комгэркаюць, пальцам ківаюць. Ах, гэта паны, а я і не бачыў, думаў, што тут нікога няма. 3 сенам падыходжу да іх.
— Пан, сена карове нясу...
— Гут, гут,— пахвалілі яны мяне і наперабой залапаталі: — Лапата, лапата. Фарштэен зі?
— Якая лапата? — здзіўляюся я.— Не лапаце сена, а скаціне.— I замычаў бычком: — Му-у!
Я прыкідваюся цялём і быццам не разумею, што ім патрэбна ад мяне. Нарэшце адзін з іх не вытрымаў, рассыпаў маё сена на дарогу і павёў завулкам у вёску. Другі застаўся з біноклем назіраць за лесам. Баяцца ўсё ж такі, каб ім партызаны не падсыпалі гарачых вугалькоў.
На душы ў мяне стала лягчэй. Не здагадаліся, хто я такі. А што на акопы гоняць, дык там будзе відаць, колькі я ім накапаю.
У канцы вуліцы пад бярозамі стаяць дзве падводы. Каля іх ходзяць дзяўчаты, жанчыны, падлеткі. Усе з рыдлёўкамі. Штосьці камандуе, размахваючы рукамі, немец у касцы. Мой канваір лянівы, як біцюг, ісці яму да тых бяроз не хочацца, і ён, склаўшы далоні трубой, загарланіў на ўсю вёску:
— Петэр! Петэр!
Ад падвод адгукнуўся Петэр. Яны перакінуліся парай слоў, і я атрымаў штуршок у спіну: бяжы, маўляў, сам, вадзіцца яшчэ тут з табой. Добра з хрэнам, добра і так, як гаворыць мой дзед Мікалай. Петэр махае рукой — хутчэй. А мне што, на пажар? У мяне не гарыць. Петэр адвярнуўся. Я валакуся, як нежывы, нага за нагу чапляецца. Азірнуўся назад — немец, які прывёў мяне сюды, таксама не глядзіць у мой бок.
«Знайшлі дурня»,— падумаў я, у адзін момант сігануў за вугал і пабег з усіх ног. Зараз добра было б заскочыць у які двор ці агарод, пераседзець гэтую навалу, а там ужо буду больш асцярожны. Навучылі. Хопіць.
Мне на вочы трапілася царква. На паперці то адчыняюцца, то зачыняюцца дзверы. За імі хаваюцца бабкі ў чорных, напушчаных на самыя вочы хустках, у доўгіх святочных спадніцах, падпяразаных белымі расшытымі фартухамі. А хто мне не дае забегчы крыху памаліцца?
— О госпадзі,— шарахнуліся ў бакі дзве старэнькія багамолкі, якіх я ледзь не збіў з ног, і нават перахрысціліся. А мне не да іх, можа, там за мной ужо бягуць. Я рвануў за клямку і, нарабіўшы грукату, нібы чорт, уляцеў у храм.
На клірасе маладзіцы і два белабародыя дзяды распяваюць малітвы. Пахне воскам і яшчэ нечым прытарна-салодкім. На грукат аглянулася адна з жанчын і праняла мяне з ног да галавы строгім позіркам. Мабыць, хацела адгадаць, чый я: Хрысцінін, Маланчын ці Парасчын. Здзівілася, што не ведае такога, і бязгучна заварушыла губамі — зашаптала малітву.
Трэба і мне маліцца, а то, чаго добрага, прагоняць. I па прыкладу строгай цёткі таксама старанна заварушыў губамі. Я шапчу, што ў галаву прыйдзе: і немцам пагражаю, і партызанаў прашу, каб хутчэй выйшлі з лесу, і нават песню мармычу. Ды, мабыць, крыху перастараўся, бо на мяне пачалі ўсё часцей азірацца. Каб як-небудзь выправіць становішча, я перахрысціўся, але, мусіць, не ў той бок або не той рукой. 3 кліраса адзін з дзядоў пускае ў мой бок маланкі. Са здзіўленнем глядзяць на мяне са сцен посныя твары святых: што гэта за багамолец такі знайшоўся?
Не дачакаўшыся канца богаслужэння, выйшаў на вуліцу. Немцаў у вёсцы ўжо не было, і гадзіны праз дзве я ўжо далека за Марынінам пёк у прысаку бульбу.
Цэлы тыдзень я блудзіў па лясных дарогах, начаваў пад стагамі то каля адной вёскі, то каля другой, разоў дзесяць адседжваўся ў прыдарожных хмызняках, калі на шляху раўлі нямецкія машыны, а партызанаў знайсці не мог. Аднойчы, пачуўшы страляніну, я кінуўся цераз хмызнякі туды, дзе грымеў бой, але заграз у балоце. Давялося вярнуцца назад. Калі, абышоўшы багну, я выбраўся на дарогу, там ужо ўсё скончылася. У канаве коламі дагары ляжала чорная легкавая машына, а крокаў за дзесяць ад яе дагараў бронетранспарцёр. У яго стальным чэраве трашчалі патроны. Забраўшыся ў густы сасоннік, я доўга плакаў ад злосці, праклінаючы свой нешчаслівы лес.
На другім тыдні ледзь жывы прывалокся дамоў. Бабуля доўга плакала, яна думала, што я пару ўжо дзе-небудзь зямлю, а потым пачала грэць у свіным чыгуне ваду, каб, хоць збольшага, абмыць з мяне бруд.
Читать дальше