— Пакладзіце яму на лоб мокрую анучу,— замест таго каб тушыць пажар, раіць Гапа. I ўсё сціхае.
А раніцой мне стала дзіўна: хата цэлая, і знаходжуся я не ў афрыканскіх джунглях, а на печы. Побач сядзіць мурзаты Глыжка і спалоханымі, круглымі вачанятамі глядзіць на мяне. На вокнах снежныя лахматыя кажухі. Шыпяць і страляюць у печы сырыя дровы, грукае ў парозе качарга. Па хаце ходзіць певень з чорным, абмарожаным грэбенем.
— Баб, снедаць,— папрасіў я і сам не пазнаў свайго голасу: нібы сляпое кацяня прапішчала.
Бабуля жвава ўскарабкалася на прыпечак, і мне стала аж смешна: нос вымазаны ў сажу, з-пад хусткі, якую яна сабе зрабіла са старой байкавай коўдры, звісае на лоб рэдкая пасмачка валасоў.
— Ну, значыць, выкараскаўся,— узрадавалася яна.— Гэта ж трэба, паўзімы праваляўся.
Зашорхала па драчцы бульба, загрымела перад печчу патэльня, і вось ужо дымяцца ў місцы гарачыя драчонікі з ружовай скарыначкай. Для такога выпадку старая дзесьці раздабыла нават скварку здору. Я яго ўжо сто гадоў, мабыць, не еў.
Сядзіць бабуля побач са мной на краі чарэні і глядзіць мне ў рот.
— Еш, унук, еш. Бачыш, як Грыша ўмінае...
Добрая ўсё ж у нас бабуля, хоць іншы раз і сварыцца, хоць ёй часта і здаецца, што ў нас растуць рогі, што йы нячысцікі і ідалы... А вось сёння ласказая, спагадлівая. Шкада толькі, што і яна збіраецца паміраць. Пра гэта бабуля часта гаворыць, асабліва, калі мы з Глыжкам не слухаемся.
— Вось будзеце такімі неслухамі,— пагражае яна,— вазьму і памру. Будзе вам тады воля, хоць галовы паскручвайце.
На печы, на гладкай бярозавай жэрдачцы, побач з цыбуляй вісіць вялікі чорны клунак. Вісіць ён даўно, мабыць, з таго часу як і печ зрабілі. Што ў гэтым клунку, бабуля хваліцца не любіць. Хіба што вельмі назаляць станеш. Тады яна адмахнецца, нібы ад надакучлівай мухі, і скажа:
— Адчапіся, смала. Пасаг мой там вісіць. Як да бога на суд пайду — прыбрацца трэба будзе.
Сама бабуля ўсё жыццё ходзіць у чыіх-небудзь неданосках, а свой пасаг не чапае нават у вялікае свята. Асабіста я лічу, што гэта няправільна, і часта даю парады:
— Ды знасі ты, баб. Новае купім.
Калі пры такіх размовах дома былі дарослыя — бацька, маці або гасцявала цётка Марына,— бабуля крадком паглядвала на іх і папракала нас з Глыжкам:
— Вы, унукі, купіце... Ад вас дачакаешся. Выпхнеце потым у рыззі...
Бацька тады браўся за цыгарку, а цётцы Марыне раптам трэба было некуды ісці.
Аднойчы бабуля пераглядала свой клунак, ці не паела яго моль, і я пагледзеў, што ў ім было. Там ляжалі чорная сацінавая спадніца, расшытая па падоле вузенькай зялёнай стужкай, белыя брызентавыя спартыўныя тапачкі з гумавай падэшвай, сподняя кашуля з тонкага льнянога палатна, сіняя паркалёвая кофта ў гарошыну і самая прыгожая рэч — гарусавая хустка. Хустка, відаць, і бабулі падабалася больш за ўсё. Пераклаўшы, ператросшы іншую адзежу, яна доўга, асцярожна гладзіла яе на каленях сваімі каравымі, кашчавымі рукамі. Пры гэтым бабуля схіляла галаву то ў адзін бок, то ў другі. Яна не магла налюбавацца.
А хустка сапраўды была прыгожая: уся ў буйных ружовых кветках, рассыпаных па зялёным полі. Сцяблінкі і лісточкі руж былі такія яркія, як траўка вясной.
Калі бабуля крадком накінула хустку на галаву, я не вытрымаў:
— Баб, а ты прыгожая!
Яна сапраўды быццам памаладзела, упалыя шчокі паружавелі, радаснымі іскрынкамі засвяціліся вочы. Пачуўшы мой голас, бабуля чамусьці спалохалася, хуценька сцягнула гаруску з галавы і няветліва адгукнулася:
— Прыбяры і пень, цык прыгожы стане.
Так і вісіць з той пары чорны клунак побач з цыбуляй.
Сёння бабуля ў добрым настроі. Яна хутка выпаліла ў печы, зачыніла комін, каб дарма не грэць неба, падмяла ў хаце, загнала пад печ курэй, а потым немаведама з якога свята дала нам з Глыжкам па жмені гарбузовых семак. Астатнія зноў кудысьці схавала. Гэта на насенне.
Глыжка не ўмее лузгаць семкі. Ён іх есць з шалупінамі. Вось бабуля і калупае яму старымі чорнымі пазногцямі: абшчыпле беражкі, спрытна расшчэпіць белыя створкі і пакладзе семку на падушку.
— Гусачка,— гаворыць яна.
Семкі сапраўды падобныя на маленькіх гусянятак, зялёненькія, доўгенькія і з дзюбачкай. Глыжка бярэ гэтых гусачак з падушкі і ў рот. Добра, што ў бабулі няма зубоў,— сама ніводнай не з'есць.
Застукалі ў сенцах боты, рыпнулі дзверы, і па хаце пракацілася белае воблачка марознага паветра. Няўмыка паляпаў рукавіцамі, пацёр імі пунсовыя вушы і сказаў:
— Эх і мароз. Пячэ...
Читать дальше