Падаюць белыя сняжынкі, кружацца, прыліпаюць да маіх шчок і скочваюцца расой. А на матчыным твары не растаюць, не растаюць на губах. Паляжаць, паляжаць, пакуль не здзьме іх вецер, і падаюць новыя.
Глыжка цягнецца побач са мной. Ен не скардзіцца на глыбокі снег. Ен нічога ў мяне не пытае, а проста са здзіўленнем глядзіць на ўсё, што робіцца навокал, і маўчыць. Спачатку Глыжка не хацеў ісці, а хацеў ехаць разам з маткай на санях. Дзед не дазволіў — замерзне, прастудзіцца.
...Усе моўчкі сядзяць за сталом. Скачыха і баба Гапа носяць міскі з гарачым баршчом. А на куце спалохана мігае лампадка, іскрыцца пазалота багамацеры, вастраносай, худой, з вялікімі сумнымі вачыма.
Глуха стукнуў кавалак хлеба аб стол, як мёрзлы камяк зямлі аб века дамавіны. Гэта дзед Мікалай, наразаючы лусты, незнарок упусціў акраец. I вось заскрабалі па місках лыжкі...
— Паспытайце, дзеткі, канону. Паспытайце,— просіць нас Чмышыха. А сама ўжо пхае за абедзве шчакі. Канон — гэта хлеб, накрышаны ў ваду, падсалоджаную мёдам. Канон пахне свечкай, якую маці трымала ў руках, і ён мне не лезе ў горла. Але для прыліку трэба ж хоць лыжку памачыць.
А Глыжку канон спадабаўся: салодкі. Калі ўсе сваякі і суседзі яго паспрабавалі, Глыжка падцягнуў да сябе міску і пачаў скрабаць па дну.
— Дзіцё. Што яму? — уздыхнула баба Гапа і ражком хусткі выцерла вочы.
— Бог даў, бог і ўзяў,— адгукнулася на гэта Маўра, са смакам абгрызаючы костку.
— Выпіце яшчэ па адной! — просіць Скачыха, наліваючы з запацелай бутэлькі мутную самагонку,— няхай ёй зямля пухам будзе.
Ад выпітай гарэлкі, ад гарачага баршчу ўсе разамлелі, у многіх пачалі заплятацца языкі. Расчырванеліся жанчыны. Ім стала вельмі шкада нас з Глыжкам.
— Ей цяпер што? — чуецца з аднаго боку.— Вось гэтым дастанецца...
— Пакуль баба жывая, не памруць,— абнадзейвае хтось з другога боку.
— А колькі той бабы засталося?
— Слухайце; дзеткі, бабу. Слухайце,— са слязьмі ў голасе просіць цётка Марына. За апошнія дні яна асунулася, схуднела, вочы чырвоныя, наплаканыя, і яе цудоўны, звонкі голас стаў хрыплы: сарвала, галасіўшы.
— Э-э, каб бацька быў,— уздыхае нехта.
— Калі бацька памрэ, дзеці пры матцы, а калі маці памрэ — дзеці сіроты! — адрэзала манашка, жуючы пампушку.
— Што праўда, то праўда,— згадзілася Скачыха.— Прыйдзе, мачыху возьме, бабу выганіць...
Тут дзед Мікалай не вытрымаў, памацаў свае вусы і буркнуў:
— Добра з хрэнам, добра і так. Пра дзікае вы журыцеся, а яно абрасце — і ў вырай. Няхай спачатку прыйдзе...
Я быў удзячны дзеду. Чаго яны прычапіліся? Лепш бы грызлі свае косткі ды сёрбалі боршч.
Спалохана мігае перад багародзіцай лампада. За вокнамі цёмна і страшна. Усе даўно разышліся, толькі суседка і цётка Марына дапамагаюць бабулі прыбраць са стала. Яны грукаюць лыжкамі, міскамі, чыгункамі, і я чую, як Скачыха дае парады:
— Ты памыі злівай у ражку — кабанчык паесць...
— А няхай ён выпрастаецца,— кляне яго ў адчаі бабуля.
Мы з Глыжкам ляжым на печы. Брат спалохана прыціснуўся да мяне, збіраецца плакаць. «Шкадуй браціка»,— сказала маці. I я заплакаў першы. Няхай толькі хто яго пальцам кране — у зубы дам.
Ласкава прыгравае спадыспаду чарэнь, шамаціць па сценах калючы снег ды завывае ў коміне вецер. Холадна на вуліцы, холадна на могілках, холадна, відаць, і там, дзе зараз мой бацька. Возьме ён мачыху ці не возьме, а хутчэй бы прыйшоў.
21. Мой кажушок i Германiя
На дварэ зіма, а мне трызніцца спякотная, сонечная Афрыка. Я начытаўся пра яе ў кніжках, што нацягаў са школы. У Афрыцы душна і страшна і навокал ні кропелькі вады. Я прабіраюся праз непралазныя джунглі, галіны дзівосных дрэў б'юць мяне па твары гарачым лісцем.
— Вады! Вады! — крычу я.
А за маёй спіной трашчыць буралом. Гляджу — тыгр! Вялізны тыгр падрыхтаваўся да скачка. У маіх руках вінтоўка і побач скрынка патронаў, якія мы знайшлі з Санькам, але ў вінтоўкі не адкрываецца затвор... Цэлюся, а тыгр шэпча:
— Госпадзі, божа мой, і за што такая напасць...
А потым кідаецца на мяне і абдымае гарачымі, ласкавымі лапамі.
— Не раскрывайся,— просіць ён.
Тыгр пахне кажухом.
Затым у нейкім ружовым тумане ўзнікае баба Гапа. Яна водзіць перад маім тварам гарачым вугальком, плюе ў розныя бакі і шэптам загадвае, каб хтосьці з мяне выйшаў, ды на чыстае поле, ды на сухі лес... 7 7 Словы з загавораў, якімі «лячылі» бабкі-шаптухі.
А потым загарзлася наша хата. Я кідаюся па печы, хачу выскачыць з полымя і куды ні ткнуся — сцяна.
Читать дальше