— Назірай! — загадаў я Саньку, а сам падаўся да машыны. Спачатку іду з такім выглядам, быццам машына мяне і не цікавіць. Проста чалавеку трэба прайсці міма — і ўсё. А сэрца, як злоўлены верабей. Рукі ў кішэнях, а ў спацелай далоні — швайка.
Калі засталося некалькі крокаў, з-пад брызенту высунулася нямецкая каска.
— Цурык! — гаўкнула яна.
А калі немец крычыць цурык — гэта ён не ў госці кліча. Тут варон не лаві, а ўцякай, пакуль цэлы. Ад нечаканасці я аж прысеў, а потым ірвануў з месца і пабег даганяць Саньку.
Адным словам, наша першая дыверсія не ўдалася.
— Каб не гэты пад брызентам,— уздыхнуў я.
— Нічога. Другім разам,— суцешыў мяне Санька, і мы пацягнуліся да Міцькі Малаха. Справы ў нас асаблівай да яго не было. Проста даўно бачыліся.
Аднак да Малаха не дайшлі. У правулку пад вербамі стаялі дзве вайсковыя пафарбаваныя ў зялёны колер фурманкі. Міма іх не пройдзеш — трэба паглядзець, чым нагружаны, тым болыл, што і салдат не відаць, і коні выпражаны.
Падышлі. Паглядзелі. На фурманках нейкія доўгія жалезныя скрынкі. На скрынках незразумелыя надпісы.
— Снарады,— сказаў Санька.
Немцы былі ў двары, і нам ніхто не перашкодзіў гэтыя скрынкі памацаць і нават панюхаць. Пахла не то фарбай, не то нейкім мазутам — не разбярэш. I тут Санька прыдумаў добры план.
— Давай мы загваздкі павыцягваем. Дарогай колы пазвальваюцца — во немцы пакрэкчуць!
Аднак з нямецкай фурманкі не выцягнеш загваздкі. Іх там і няма зусім, а ёсць гайкі. Голымі рукамі не адкруціш.
Мы поўзаем пад фурманкамі, абмацваем гайкі, можа, якая не вельмі туга закручана. Але нічога не выйшла, толькі ў каламазь запэцкаліся па самыя вушы.
Мы вылезлі з-пад фурманак, сталі воддаль і абмяркоўваем правал чарговай дыверсіі, праклінаем каламазь, як раптам:
— Ком гэр! 3 3 Ідзіце сюды! (ням.)
Гэта з двара выйшаў салдат. У адной руцэ ён трымае вядро, а другой за повад вядзе каня.
Мы стаім і прыкідваем: уцякаць ці ісці? Бачыў ён, што мы рабілі, ці не?
Біцюг загрукаў капытамі аб парог варотцаў і высунуўся на вуліцу. Гатовыя ў любы момант кінуцца наўцёкі, мы ўсё ж падышлі.
— Васэр, васэр 4 4 Вада (ням.)
,— паказаў фашыст на калодзеж і сунуў мне ў рукі вядро, а Саньку повад.
Да чаго мы дажыліся! Замест таго каб змагацца супраць фашыстаў, вымушаны паіць іхніх коней. Рыпіць журавель, звонка падаюць у калодзеж кроплі сцюдзёнай вады, а мяне разбірае на Саньку злосць.
— Вось дык герой. Не паспеў яго гэты бугай паклікаць, як ён рад старацца.
— А ты чаго не ўцякаў? — агрызаецца Санька.— Ты смелы, ну і ўцёк бы.
— А можа, я цябе выручыць хацеў?..
Фашыст знік за варотамі. Біцюг фыркае, аж пырскі ляцяць ва ўсе бакі, і так матае галавой, што повада не ўтрымаць. Тут Санька паглядзеў навокал ды як дасць біцюгу кулаком па храпе:
— Стой, Гітлер няшчасны!
Біцюг задраў галаву, падаўся назад, ледзь з рук не вырваўся і, толькі ўбачыўшы ваду, супакоіўся і пацягнуўся да вядра. Санькаў прыклад натхніў і мяне.
— Пі, фашысцкая морда!
I вядром біцюгу ў зубы.
Конь зноў задраў галаву, а потым пастаяў, паклацаў зубамі, быццам набраў у рот камення, і другі раз пацягнуўся да вядра. А я яму яшчэ раз:
— Пі, фашысцкая морда!
Праўда, цяпер атрымалася не вельмі ўдала — паў-вядра вады плюхнулася Саньку на галаву. Цяпер фыркаюць двое — фашысцкі конь і мой таварыш. Санька да ўсяго яшчэ і лаецца:
— Ты ж глядзі, куды льеш, чорт сухарукі.
Затое, калі немец прывёў другога біцюга, першы ўжо і глядзець не хацеў на ваду. Ён пужліва адварочваўся ад вядра і, ідучы задам, цягнуў за повад Саньку.
Другога мы напаілі такім жа чынам і далажылі фурманшчыку:
— Гатова, пан! Не хоча болей.
— Гут, гут 5 5 Добра (ням.)
,— пахваліў нас немец, і мы пабеглі ад калодзежа здаволеныя. Будзем мы іх коней паіць. Знайшлі дурняў.
Я з Глыжкам яшчэ ляжу на печы, чакаю снедання, а бабуля падаіла ўжо карову, бразгае даёнкай па ўслоне, цэдзіць у гладышы малако. У печы дрэнна разгараюцца дровы. Яны шыпяць на розныя лады і гучна страляюць. Бабуля праклінае іх страшнымі праклёнамі і ўсё здзіўляецца, чаму гэта ў багатага поўная печ дроў і ўсе гараць, а ў беднага адна палка і тая толькі куродыміць. У гэты момант рыпнулі дзверы, загрукалі ў парозе боты. Я выглянуў з-за коміна — Ахонька, а з ім мардады немец у касцы. На касцы дзве літары «SS».
— Збірайся,— прагугнявіў бабулі Ахокька.
Бабуля ў плач, у слёзы:
Читать дальше