Ведаеце, Лота ўвечары не хоча класцiся спаць. Я таксама не вельмi ахвотна раблю гэта. Але ў нашай мамы дзiўныя звычкi! Увечары, калi мы не хочам спаць, яна прымушае нас класцiся, а ранiцай, калi мы хочам спаць, яна прымушае нас уставаць.
Лоце, нарэшце, трэба было прыняць гэтае лякарства, бо на наступны дзень у яе пацякло з носа i яна стала кашляць яшчэ больш. Мама не дазволiла ёй выходзiць з дому. Яна папрасiла мяне схадзiць да Вулвэрса i купiць нешта для яе. Я хуценька пабегла. Калi ўжо была ля прылаўка i чакала прадаўца, нечакана ўвайшла Лота. З яе носа цякло яшчэ больш.
— Iдзi дадому, — сказала я.
— Не пайду, — адказала Лота. — Мне таксама падабаецца ў Вулвэрса.
Яна чхала i чхала, i нарэшце жанчына, якая стаяла побач з намi, спытала ў яе:
— У цябе ёсць насоўка?
— Ёсць. Але я не пазычаю яе незнаёмым, — адказала Лота.
Аднойчы мама павяла нас да дантыста — Джонаса, мяне i Лоту. Мама заўважыла маленькую дзiрачку ў адным з зубоў Лоты. Дантыст збiраўся запламбаваць яе.
— Калi ты добра сябе будзеш паводзiць у дантыста, я дам табе дзесяць пенсаў, — паабяцала мама Лоце.
Мама чакала нас у прыёмным пакоi, пакуль мы былi ў дантыста. Спачатку ён паглядзеў мае зубы, але ў мяне не было нiякiх дзiрак, i я пайшла да мамы ў прыёмны пакой. Мы доўга чакалi Джонаса i Лоту.
Нарэшце мама сказала:
— Дзiўна, што Лота не крычыць!
Праз хвiлiну адчынiлiся дзверы i выйшла Лота.
— Ты добра сябе паводзiла? — спытала мама.
— Ён вырваў зуб, — адказала Лота.
— I ты не плакала? Якая ж ты смелая дзяўчынка!
— Не, я не плакала, — адказала Лота.
— Ты сапраўды вельмi паслухмяная дзяўчынка, — сказала мама. — Вось твае дзесяць пенсаў.
Лота ўзяла дзесяць пенсаў i паклала iх у кiшэню. Яна была вельмi задаволена.
— Дай я зiрну, можа, кроў цячэ? — запыталася я.
Лота разявiла рот, i я вельмi здзiвiлася:
— Ён жа не вырваў нiводнага зуба!
— Не, вырваў... у Джонаса, — адказала Лота.
Потым выйшаў Джонас з дантыстам.
— Я нiчога не мог зрабiць з вашай маленькай дзяўчынкай, яна так i не адкрыла рот, — сказаў дантыст.
— Нам усюды i заўжды сорамна за гэтае дзiця, — сказаў Джонас, калi мы iшлi дадому.
— Але ж я яго зусiм не ведаю, — сказала Лота. — Чаму я павiнна адкрываць рот перад тым, каго я не ведаю?!
Тата заўсёды гаворыць, што Лота ўпартая, як стары мул.
Мiсiс Берг — наша суседка. Нам вельмi падабаецца гасцяваць у яе. Памiж яе садам i нашым — плот, якi мы з Джонасам пералезцi можам, а Лота не. Але сабака мiсiс Берг вырыў яму пад плотам, i Лота магла прапаўзцi там.
Гэтымi днямi мы былi ў мiсiс Берг. У яе ёсць камода з маленькiмi шуфлядкамi, якiя напоўнены цiкавымi рэчамi.
— Мiсiс Берг, дазвольце, калi ласка, паглядзець на гэтыя цiкавыя рэчы, папрасiў Джонас.
— Добра, — адказала яна i паказала ляльку, з якой яна гуляла, калi была яшчэ маленькай. Ляльку звалi Роза.
Мiсiс Берг — вельмi старая, але ж не такая старая, якой яе ўяўляе сабе Лота.
— Цi бралi вы Розу з сабой у Ноеў каўчэг? — спыталася Лота.
Нядаўна тата расказваў нам пра Ноеў каўчэг i пра тое, як стары Ной пабудаваў вялiзную лодку, якая i звалася каўчэгам. А потым, на працягу некалькiх тыдняў, iшоў моцны дождж, i ўсе людзi, хто не быў з Ноем у лодцы, патанулi. Гэта здарылася шмат вякоў таму назад.
Мiсiс Берг засмяялася i адказала:
— Лота, даражэнькая, я не была ў Ноевым каўчэгу!
— Як жа тады здарылася, што вы не патанулi? — спыталася Лота.
Потым мiсiс Берг паказала нам, як яна зрабiла з адной з шуфлядак ложак для Розы. Матрац быў зроблены з ружовай тканiны, а коўдра — з зялёнага сацiну. На Розе была блакiтная вопратка.
У другой шуфлядцы я ўбачыла маленькi шкляны кошык з ружовымi кветачкамi ў iм.
— Можна, мы пагуляем з Розай i з гэтым кошыкам? — спыталася Лота.
Мiсiс Берг дазволiла, i мы павесiлi гэты кошык на руку Лоце, як быццам яна — Чырвоная Шапачка, якая iдзе да сваёй бабулi i нясе ёй ежу i бутэльку з сокам. На пiянiна стаяла ваза з цукеркамi. Цукеркi былi падобны на бутэлечкi i закручаны ў блiскучыя паперкi.
Мы паклалi ў кошык адну з цукерак, а таксама разынкi i мiндаль, якiя нам дала мiсiс Берг. Сабака мiсiс Берг, Скоцi, быў ваўком. Я была бабуляй, а Джонас быў паляўнiчым, якi прыйдзе i заб'е ваўка.
— А што мне рабiць? — закрычала Лота. — Цi ж вы не хочаце, каб я была кiмсьцi?
Мы далi Лоце Розу i шкляны кошык i сказалi, што трэба рабiць Чырвонай Шапачцы. Але калi Чырвоная Шапачка прыйшла да бабулi — а гэта была гасцiная мiсiс Берг, — у кошыку не было ўжо нi разынак, нi мiндаля.
— А дзе ежа для бабулi? — спытаў Джонас.
Читать дальше