— Уга, ізноў пан у «дурнях» сядзіць!
— Каб пан у чыстым полі каменем сеў, як я сяджу!
Ахрэм Верацённік давай раскідваць зямлю рыдлёўкай, вокны ды дзверы вызваляць. І вось паны выпаўзаюць са сваёй зямлянкі, тварамі зялёныя, з няголенай шчэццю, з доўгімі пазурамі. Сурдуты іхнія сатлелі, голыя рэбры скрозь лахманы свецяцца. Ахрэм Верацённік назбіраў грыбоў, памыў чыгун ды зварыў на вогнішчы поліўку. Пад'еўшы, пан Кубліцкі з панам Заблоцкім пачынаюць спрачацца, каму чыгун сыць. А не прыйшоўшы да згоды, ізноў сядаюць гуляць у карты. Нават Ахрэму за паратунак не падзякавалі. Яшчэ на яго ж і бурчэлі, што перапыніў гульню.
От жа натурыстыя, каб іх віхор падхапіў ды панёс!
СЛУЖКА, ВЫДЗЬ З-ПАД ЛУЖКА!
Паны гуляюць у карты: у «воза», у «курыцу», у «дурня», але ім дужа назаляюць мухі. Абседзелі ўсю столь, сцены, пачалі падбірацца нават да лысіны пана Заблоцкага.
— Гэта самае, — задуменна кажа пан Кубліцкі, — трэба наняць служку, каб мух адганяла.
— Яшчэ каб поліўку варыла ды чыгун мыла, — дадае пан Заблоцкі.
Сказаць лёгка. А дзе яе знайсці, тую служку? Выбраліся паны з хаты, пайшлі полем, лугам... Бачаць — пасвіць карову дзеўка Дрыпа — задрыпана ззаду світа. Бярозавым дубцом ад каровы аваднёў адганяе; як шасне — з дзесятак адразу заб'е.
— От спраўная дзеўка, — хваліць пан Заблоцкі, — глядзі, як па аваднях смаліць.
— Здаровая будзь, красуня, — звяртаецца да дзеўкі пан Кубліцкі. — Хадзі да нас у служкі. Табе ў нас будзе добра. Мы дазволім табе ўзяць з сабой карову ды даіць для нас малако.
— А што? І пайду, — кажа дзеўка Дрыпа. — Адно каб паны пасля не шкадавалі. Бо ў мяне ў галаве, ведаеце, фантазіі розныя, лятункі...
— Якія яшчэ лятункі? — рагочуць паны.
— Якія, якія... Усялякія. От як стрэльне што ў голаў, дык усё раблю па-свойму. Натура такая.
— Натура ў ёй... — бурчыць пан Заблоцкі. — У нас таксама натура. Паглядзім, хто з нас натурысцей.
Служыць дзеўка Дрыпа ў паноў, і спачатку ўсё йдзе як мае быць. Паны рэжуцца ў карты, дзеўка Дрыпа непадалёк карову пасвіць. Калі-нікалі паны згадаюць, што ў іх ёсць служка, пакладуць карты дый гукнуць у вакенца:
— Служка! Выдзь з-пад лужка!
— Чаго вам? — адгукаецца дзеўка Дрыпа.
— Падай панам лапці.
Дзеўка Дрыпа прынясе лапці, паны абуюцца ды выправяцца на шпацыр. А ўвечары п'юць сырадой ад Дрыпінай каровы. Але аднаго разу паны гукнулі: «Служка, выдзь з-пад лужка!» — а служкі няма. Дзе ж яна? А ў лес пайшла і карову з сабой пагнала. Такая ёй фантазія ў голаў стрэліла. А ў хаце бруд, смецце, мухі аджылі — лётаюць, гудуць над вухам. Паны лаюцца.
Надвячоркам дзеўка Дрыпа вяртаецца з лесу, прыносіць кош грыбоў. Паны спадылба на яе зіркаюць, але Дрыпа хоць бы што. Яна ставіць на агонь чыгун і пачынае варыць грыбную поліўку. Паны цярпліва чакаюць вячэры.
Але ў хаце пачынае тварыцца якоесь дзіва: поліўка бурапеніць, пара шугае пад столь, а са столі пачынаюць падаць непрытомныя мухі. Паны дзівяцца, круцяць насамі: што за праява такая, усе мухі павыдыхалі. Нядаўна аж паветра звінела, а цяпер нейк ціха стала, самотна. Нават пан Кубліцкі нясмела пытаецца:
— Мо гэта ад грыбоў мухі гэтак самлелі?
— Чаго ім млець? — пакрыўдзілася дзеўка Дрыпа. — Грыбы добрыя. Галоўнае, прыгожыя. Чырвоненькія такія, у белы гарошак.
Пан Кубліцкі робіцца белы, што папера. Пан Заблоцкі б'е нагою ў чыгун, і поліўка выплюхваецца долу.
— Дык ты што гэта, бледная паганка, шляхту надумалася атруціць?! Мухаморамі частуеш?!
— А што мухаморы, — адказвае дзеўка Дрыпа, — не грыбы хіба? Лось еў, сама бачыла. А шляхта і пагатоў з'есць, халера ёй не зробіцца.
Тут паны й самлелі. А трохі ачомаўшыся, далі дзеўцы іншае заданне:
— Ты, галубка, болей у лес не хадзі. Мы зараз самі ў лес пойдзем, на прагулянку. Ты вось што: прыбяры добранька ў хаце, падлогу памый, каб тутака ўсё блішчэла. Глядзі, вады не шкадуй.
Не варта было панам гэтак казаць. Бо дзеўка Дрыпа вады не пашкадавала. Што ёй? Дзеўка дзябёлая — цягае й цягае вёдрамі са студні. Гэтак шчыруе, проста спыніцца не можа. Вяртаюцца паны з прагулянкі й бачаць: вакол хаты цэлая сажалка ўтварылася. Пасярэдзіне сажалкі тырчыць з вады комін, на коміне сядзіць дзеўка Дрыпа з дзеркачом у руках, нагамі боўтае. Адпачывае, добра нарабіўшыся. У сажалцы качкі плаваюць, жабы кпэкчуць.
— Плывіце сюды, — махае панам Дрыпа. — Падзівіцеся, якая вакол чысціня.
Але паны ўжо паваліліся на зямлю, нібы два снапы.
— От жа далікатныя якія, — кажа дзеўка Дрыпа. — Ізноў не ўладзіла. Панове, панове, ды падымайцеся вы хутчэй! Што вы ўжо гэтак зажурыліся? Знайшлі бяду. От пачакайце крыху: я налаўлю ў сажалцы карасёў, звару юшку, пасля дзякаваць будзеце.
Читать дальше