Пакрысе, завязваецца размова: колькі хто служыць, што пішуць з дому.
Пераходзім у другі пакой, тут байцоў больш. Трапляем пад абстрэл роспытаў.
— А Шолахава ведаеце? Бачылі толькі? А Фадзеева?
— Разам песні спявалі, быў у нас у гасцях...
— Праўда? Дык, можа, з намі папяём? Спяваць пакуль не час. Пераходзім на вершы: чытаем і слухаем, на заставе — два сваіх паэты.
Але служба ёсць служба. Начальнік заставы прапануе стаць на лыжы. Рыхтуецца на адыход чарговы нарад.
Каля аднаго з пагранічнікаў вялікі, амаль у пояс яму, сабака — увесь увага і пільнасць. Да гэтага абавязвае сур'ёзнасць моманту і сабранасць ягонага гаспадара — і пёс напагатове.
Думкі цьмяніць невыразная трывога: «А як там мой Дзік? Ці жывы хаця?»
Падзеі разгортваюцца далей. Журботныя развагі крыху адступаюцца. Праз нейкія паўгадзіны чуем: на блізкай палянцы валтузня. Дужы псіна валіць у снег чалавека і шматае на ім адзенне.
Нам паказваюць інсцэніраванае затрыманне парушальніка. Павадыр сабакі і сам чатырохлапы выканаўца атрымліваюць падзяку за спрыт і адвагу. Добра было б і сабе пагладзіць таго сабачку, аднак нельга, не паложана.
Пазней, перад адбоем, урачыстасць, якою канчаецца кожны дзень, вячэрняя паверка.
Застава выстраена на тым самым пляцы каля помніка. Першым называецца імя былога начальніка, Героя Савецкага Саюза. Пакуль страляла рука, пакуль дыхалі грудзі, баранілі байцы родную зямлю. I ўсе чыста палеглі — ад першага да апошняга...
Назаўтра не заўважылі, калі і як, час гасцін мінуўся. Прыбыло ўражанняў, знаёмстваў, нават такія-сякія радкі зараіліся.
На расстапне поціскі рук — ад душы, пальцы млеюць — ну і, вядома, узаемныя пажаданні поспехаў.
Учарашняя бліскучая дарожка прыцярушана снегам, едзем даўжэй. А мне ўсё нецярплівіцца: калі ўжо тое Гродна! Двое сутак няма вестак, як там дома, што з хворым.
На жаль, тэлефонная размова не дала палёгкі. Голас у Гаспадыні быў засмучаны: дома не палепшала, Дзік не ўстае і ежы не прымае... Ветэрынар заходзіць штодня, стараецца дапамагчы. А больш паціскае плячыма: «Дзіва, як з яго духі не выбілі. Скура ж — рана на ране, струп на струпе».
I мне адразу ўявілася Дзікава кватэра — куток паміж буфетам і дзвярыма на тэрасу. I там дажывае, можа, апошнія хвіліны сябар.
Нямы і нерухомы.
Чуе знаёмыя крокі, а самому не ўстаць, не падбегчы насустрач — не служаць, не хочуць слухацца лапы. Адчувае, Гаспадыня лёгка датыкаецца рукою, гладзіць, а яму ні зірнуць — не расплюшчваюцца вочы, ні палашчыцца, вільнуць хвастом — не можа варухнуцца хвост. I стук у дзверы яму чуцён — чужы ці свой? — а не ўскочыць і не загаўкае — немаведама дзе падзеліся голас і сіла.
У нумар гасцініцы зайшоў харыст Шырмавага хору, напамянуў, што Рыгор Раманавіч чакае на рэпетыцыю. Гэта было сапраўднае свята — нам паказалі амаль увесь рэпуртуар, а ён быў і класічны, і фальклорны, і, галоўнае, у бездакорным выкананні.
Наперадзе чакала яшчэ адна сустрэча.
Размаўляем, больш слухаем, не менш за гадзіну. I што далей, то цікавей. Мікіта Фёдаравіч Карацупа ўзначальвае службу расшукных сабак на мяжы. Не дужа гаваркі, прыветлівы. Як быццам адчувае, пра што будзеш пытацца, пачынае сам, нібыта і яго гэта вельмі цікаваць. Так узнікаюць давяральныя, можна сказаць, сяброўскія адносіны.
Знаёмлюся з ягоным Інгусам. Не з тым, самым першым, якога ён выгадаваў з выпадкова падабранага шчанюка. Тады стаяла пагроза адкамандзіравання з пагранічнай школы: у яго не было сабакі. А што ж ты за пагранічнік без разумнага хваста?
Карацупа пасміхаецца:
— Разумны хвост — гэта наш жаргон. Я паўгода цукру не каштаваў, усё — яму. Знайшоў, сляпога, пад мостам. Рос туга, худы, нягеглы. Колькі кпін давялося перацерпець. Дзякуй начальству — паверыла, не адкамандзіравала.
Калі памочнік вырас, на рызыкоўныя, амаль неверагодныя затрыманні хадзіў з ім Мікіта Фёдаравіч. Шкада, рана загінуў, падстрэлілі пры сутычцы. Мала паслужыў і яго наступнік, новы Інгус. З морды і паставы акурат такі самы, як і той, таму і быў ахрышчаны традыцыйна.
Прысутнічае пры нашай размове на кватэры ў Карацупы чарговы службіст. Далікатна трымаецца каля гаспадаровай нагі: не відзён і не чуцён. А бразнуць дзверы ў пад'ездзе або госць ледзь-ледзь павысіць голас і — падымаецца галава, вушы насцярожваюцца.
З'явіўся ён на нашу размову адменным чынам. Мікіта Фёдаравіч пазваніў у гадавальнік, дзяжурнаму:
— Пакліч мне Інгуса.
Читать дальше