Доказ быў варты некалькіх рублёў.
Агледзіны інстытутаў, дзе ў даследчых мэтах прымалі валачашчых сабак, таксама не далі вынікаў.
У клопаце, амаль у жалобе, мінуў дзень, а за ім другі. Шукаць ужо не было дзе, чакаць — не ставала сілы. I я сабраўся ехаць да пагранічнікаў.
Міналася яшчэ адна бяссонная ноч. Недзе блізка поўначы каля акна пачулася хрыплае «цяў!».
Адчыняць беглі ўсёю сям'ёю. Дзік ляжаў на снезе каля ганка, быў памкнуўся ўстаць — не змог, толькі крыху пасунуўся на чэраве, падпіраючыся лапамі.
Я ўнёс яго ў дом. На шыі сабакі замест фасоністага нашыйніка з мядзянай насечкаю быў туга закручаны драцяны абруч. Другі абруч з яшчэ таўсцейшага дроту апяразваў тулава пад пярэднімі лапамі.
Да яго нельга было дакрануцца: скура на спіне і сцегняках уся ў пісагах і ўзялася гноем, сімпатычнай морды не пазнаць, распухла, адно вока зусім заплыло, другое — штохвіліны плюшчылася.
У якое пекла трапіў, што вытваралі з ім? I, галоўнае, як вызваліўся адтуль? Няйначай, недзе злавілі і мерыліся ўзяць на прывязь. Сабака не даваўся, напэўна, пусціў у ход зубы, тады яго білі, пакуль не знясілеў. Потым, не спадзяваўшыся на звычайны ланцуг, абматалі ў некалькі столак дротам.
Якія яшчэ пакуты выцерпеў небарака, мы толькі здагадваліся. Зразумела было адно, сабака не здаваўся, стаяў за сябе, таму і быў гэтак скатаваны. Але ўсё ж вырваўся, выграбся, выплішчыўся неяк са зняволення, прыпоўз у свой дом.
З дапамогай абцугоў я перакусваў смяротныя драты, сабака ўздрыгваў ад болю, не вішчаў, не меў сілы, толькі час ад часу мордаю адпіхаў руку, быццам прасіў: пакінь, не чапай, няўжо ты не адчуваеш, як мне баліць.
Не чакаючы ветэрынара, калі яго яшчэ ўдасца выклікаць, пачалі даваць рады самі, найбольш Гаспадыня і Наташа. Іна калацілася ў начной кашульцы, стоячы на парозе ў кухню, і паўтарала праз слёзы: «Ой-ой! Яму ж балюча!»
А мы пераводзілі бінты, абціраючы бруд і гной, абмывалі марганцоўкаю адкрытыя раны і прысыпалі крыху стрэнтацыдам.
— Ну, Дзічок,— падахвоціў я,— патупаем на месца...
Зачуўшы знаёмую каманду «на месца», Дзік паспрабаваў падняцца, але адразу ж абсунуўся на падлогу. Давялося зноў браць на рукі і несці. Падсцілка была даўно падбіта і пераслана чыстым, я асцярожна паклаў яго, усе паселі наўкруга, хто дзе прыткнуўся, гаварыць не маглося. Да адчынення лячэбніцы заставалася амаль уся ноч, а што можам зрабіць мы болей? Чым дапамагчы?
— Дадзім яму чаго-небудзь смачнага! — дадумалася Іна і прынесла прыхаваную для школы цукерку.
Сабака ляжаў мордаю на хату і не зрабіў ніводнага руху да запрапанаванай спакусы. Не ўзяў есці, хоць каля самага носа паравала міска з улюбёнай поліўкаю. Толькі калі падсунулі грэтага малака, хлебтануў цераз сілу і заплюшчыў незапухшае вока.
Разгульваўся маразок за акном. Ноч знікала, мне было пара на цягнік. На развітанне нагнуўся над Дзікам, пагладзіў каля вушэй:
— Праўся!
Вока расплюшчылася, хвост слаба варухнуўся: «Выбачай, маўляў, нават за парог правесці не магу».
Ноч у вагоне перабывалася з дакорамі самому сабе. Дома — бяда, а ты едзеш некуды. Аднак паездкі нельга было адкладаць, усё дамоўлена загадзя, людзі чакаюць.
Сну — ані блізка! Шчымела трывога, здавалася, я перажываў ужо нешта падобнае і менавіта звязанае з сабакам. Нарэшце, успомніў — Урсон! — гэта быў мой першы гадаванец. Разам з ім прыгадаліся і ўсе іншыя сабакі майго маленства.
У бліжнім панскім двары была цэлая гайня, дзесяцера, калі не больш сабак. Праход і праезд каля двара быў наглуха перакрыты. У выпадку парушэння забароненай зоны высыпалі ўсе, лупілі з людзей порткі, даставалі за морду каня, ледзь не ўскоквалі ў драбіны. А не дай божа перацягнуць каторага пужкаю: брэх ператвараўся ў енк і гвалт.
Трымалі ж іх гаспадары, каб пільнавалі саду ад начлежнікаў, сад быў вялікі і кепска дагледжаны, аднак багаты на славутыя слуцкія бэры і антонаўкі.
Пасля рэвалюцыі мае сяльчане, прусцы, падзялілі маёнтак, размеркавалі зямлю на душы. Саду і саміх паноў не зачапілі, яны з'ехалі, здаецца, у Польшчу. Асірацелыя сабакі пагаўкалі-пагаўкалі дый папрыставалі жыць да хутаранцаў — вартаўнікамі.
Прыбілася і да маіх бацькоў сучка. Калматая, хвалістага чорнага воласу, з рудымі лапамі — курта, хвост ёй упалавінілі няйначай за недастойныя паводзіны: шастала, дзе не дазволена, таму і зарабіла імя — Шаста. Яна-то і была старэйшая над сабачай дворняй, завадатарка, першая ўздымала галас, кідалася рваць кожнага, у каго была патрэба прачыніць брамку на панскую сядзібу, і даўжэй за ўсіх аббрэхвала сялянскія вазы з сенам і дрыўмі.
Читать дальше