— Ідзіце адгэтуль! Якая вам справа да мяне? Чаго вы лезеце не ў сваё жыццё?
А голас дрыжэў, дрыжэў на нейкай апошняй нітачцы трывання, і мажліва, скажы Уладзя ці паспрабуй сказаць яшчэ хоць слова, ён бы расплакаўся. Мы ўсе адчувалі гэта, і гэта адчуваў сам Уладзя, і яму, апрача ўсіх іншых пачуццяў, пра якія можна было толькі здагадвацца, было яшчэ вельмі сорамна. Хай сабе мы і сябры, але што можа быць больш зневажальным для цябе за твае ж слёзы?
Уладзя прабег паўз нас. Ніхто не памкнуўся затрымаць яго хоць словам.
— Я сука.
Ядвіся кусала вусны, яны чырванелі і рабіліся большыя.
— Усё будзе добра, — нечакана вырвалася ў мяне, і я паўтарыў, як мантру: — Вось пабачыце, усё будзе добра.
— Хадзем, званок зараз, — незадаволена нагадаў Юрась, быццам мы тут займаліся нейкай дзіцячай гульнёй і маглі прапусціць нешта надта значнае.
Уладзя быў у класе — сядзеў на сваім месцы, таропка, нізка-нізка схіліўшыся над сшыткам, пісаў. Віялета стаяла над ім, заглядвала ў сшытак, нахіліўшыся так, што яе белыя кудзеркі краналіся галавы і шыі хлопца. Яна азірнулася на нас, і ў яе позірку была не перавага, не. Яна глядзела так, як можна было глядзець на якую здохлую мыш пад нагамі, — грэбліва, з гідлівасцю. Я раптам зразумеў, што гэта гідлівасць і грэблівасць імгненна могуць перарасці ў нянавісць. Усё будзе залежаць ад Уладзі...
Ён да канца тыдня хадзіў, бы пад зямлёй. І так не актыўнічаў у класных рухах, а цяпер і не размаўляў ні з кім. І на занятках яго не было чуваць. Хатнія заданні рабіў сяк-так, паспеў адхапіць дзве «пары». Але я бачыў — ён па-ранейшаму рабіў хатнія заданні для Віялеты. Мы з Юрасём хадзілі ў школу без яго — ён не чакаў нас, выходзіў раней, мы бачылі яго за сотню крокаў наперадзе, і самотная постаць у рэдкім ланцужку людзей на тратуары выклікала ў мяне сорам — я ж помню, што абяцаў яго маці: ніколі не кідаць сябра. У суботу ўвечары я не вытрымаў, патэлефанаваў. Ён адказаў на выклік.
— Уладзь, ты як?
— Зараз я на лецішчы. Вось, раней хацеў вас запрасіць. Калі атрымаецца, наступным разам?
— Ну, канечне, ты адно свісні, як бацькі дабро дадуць! — заспяшаўся я. — А ты сам? Усё норм?
— Ды трохі адпусціла. — Уладзя памаўчаў, загаварыў далей: — Цяжка. Цяжка ўбачыць у тым вобразе, у які закахаўся, жывога чалавека.. Ядвіся. я разумею, што павінен быць ёй удзячны, праўда. Тыцнула носам літаральна ва ўнітаз. Віялета — чалавек. З костак і мяса. А калі незваротна пабачыў, што. каханая — найперш чалавек, дык і ўчынкі яе, і словы, і паводзіны пачаў бачыць, як чалавечыя. Крыўдна, што не бачыў раней. Дурань я. Разумееш, яе словы, дзеянні для мяне існавалі асобна ад яе самой, усё адно гэта не яна казала і рабіла, а нехта іншы. ну, яны не мелі ніякага значэння. для мяне. А калі спакваля сталі звязвацца, дык. характар намаляваўся. І чалавек з характарам, жывы такі чалавек. І зусім непрывабны, хітры, хлуслівы, грэблівы і эгаістычны. Я такі дурань.
— Ніякі ты не дурань! — горача запратэставаў я. — Тут я выпадкам падслухаў, як маці з сяброўкай дзялілася сакрэтам. Ну, там у іх на працы нейкі трыкутнік любоўны, такія жарсці! Дык вось, я слухаў і думаў: ну і дурнота! І дарослыя ж людзі, а такія глупствы вырабляюць! Во, значыць, закаханасць — такая хвароба, што першага-лепшага напаткае.
Падслуханую размову я выдумаў — нічога я не чуў. Фільмы ж розныя глядзіш, дык бачыш, на што закаханыя здольныя. Але ж Уладзю пра фільмы казаць не будзеш, жывыя людзі яны і ёсць жывыя, так больш пераканаўча.
— Ага, цяпер разумею, — весялей адказаў Уладзя. — Некалі давялося прачытаць стары «баян»: тым розніцца геаметрычны трыкутнік ад трыкутніка кахання, што ў геаметрычным толькі адзін кут можа быць тупым.
Я засмяяўся, быццам гэтага «баяна» папраўдзе не чуў раней.
— Знаеш, мая бабуля Марыля ведае адну цудоўную формулу. Думаў — проста словы, а вось калі іх не тое што паўтараць, а мець заўсёдна на ўвазе, дык гучаць зусім не бессэнсоўна. Хочаш, скажу?
— Скажы, — зацікавіўся Уладзя.
— Усё будзе добра.
— Так проста?
— Ну. дык і проста. Але — усё будзе добра, скажы?
— Скажу. Усё будзе добра!
У панядзелак Уладзя чакаў нас з Юрасём. Мы зноў ішлі ўтрох. Ядвісю пабачылі на лаўцы ў двары школы, падышлі і селі, выцягнуўшы ногі, бо лаўка была нізкая. Павіталіся. Маўчалі.
Уладзя сеў ля Ядвісі, крануўся пальцамі яе рукі, якую яна паклала на калені.
— Ты не перажывай, — сказаў ён з кволай усмешкай. — Я. Карацей, нешта адбылося, і я. у суботу, на лецішчы, там. там такая вольніца, дык і я адчуў сябе свабодным. Крутое пачуццё — быць свабодным.
Читать дальше