Пакiнуўшы цела ля брамы хутара, паляцеў, каб як хутчэй паспець з таемнымi лекамi. Пасля выратавання мiлае яму асобы i вяртання дахаты, ён ужо не ўбачыў свайго цела, якое людзi знайшлi ды пахавалi, лiчачы, што ён памёр ад пошасцi. Няшчасны Саматнiцкi без цела быў нябачны, нiкому не мог i слова сказаць, бо, чуючы ягоны голас, усе жагналiся ад страху, мяркуючы, што здань з iмi размаўляе. Не маючы мажлiвасцi даведацца пра сваё цела, ён блукаў доўгi час незаўважаным, нарэшце знайшоў на дарозе нейкi труп, з якога толькi што душа вылецела, прымусiў сваiмi таемнымi лекамi цыркуляваць кроў, улез у чужое цела, вярнуўся на свой хутар i цяпер жыве там самотна: нiхто яго не пазнае, усе лiчаць яго нябожчыкам.
- Лепш бы зрабiў, - прамовiў гаспадар, - калi б ужо адышоў назаўсёды на той свет, чым блукаць па зямлi ў чужым целе.
- Хоча цi не хоча, - сказаў Мiкола, - аднак мусiць пакутаваць на зямлi i чакаць, пакуль праб'е гадзiна, прызначаная Богам.
Калi яны так размаўлялi, адчынiлiся раптам дзверы, i ўвайшоў незнаёмы: твар цёмны, пануры, зусiм бяскроўны, анiякага пачуцця на iм, нос тонкi, пакрыты сухою скураю, вусны без колеру, вочы без выразу, i, здаецца, iмгла нейкая iх ахутала. З плячэй незнаёмца спадаў сурдут, ахiнаючы яго схудалае цела.
- Так, пане Мiкола, - пачаў ён працяглым i манатонным голасам, - я той самы Саматнiцкi, пра якога ты толькi што казаў. Чужое цела - цяжар мне на гэтым свеце, не варта яно маiх клопатаў, але вочы душы далёка бачаць i вушы далёка чуюць: ведаю, пра што ты цяпер гаварыў; дзякуй, што пра мяне ўспамiнаў; чалавек у маiм стане не сустрэне на зямлi нi знаёмых, нi сяброў.
Усе моўчкi пазiралi на маркотную, нябачаную дагэтуль постаць. Маўчанне парушыў Мiкола:
- Ратуючы iншых ад смерцi, ты сам трапiў у большае няшчасце, чым смерць.
- Нiхто з iх не вiнаваты, што я так пакутую.
- Я калiсьцi ў Вiльнi ведаў Саматнiцкага, - сказаў Зянон. - Можа, ты маеш там кузена?
- Гэта я сам, але не такi, якiм быў колiсь.
- Цi даўно жывеш у гэтым краi?
- Ужо некалькi гадоў; i туды, дзе быў, не вярнуся: цяпер нiхто мяне там не пазнае. I яна не пазнае, - не паверыць, не пашкадуе, смяяцца будзе, як з вар'ята.
- Шмат розных выпрабаванняў было ў тваiм жыццi?
- Даследчык шукае таямнiцы, бяда шукае даследчыка. Зяноне, калi верыш, што я той самы, якога ты знаў колiсь у Вiльнi, прыйдзi заўтра ў маю хацiну - у мяне ёсць пра што расказаць i пра што прасiць. Бывайце. Думайце пра мяне, як вам заманецца.
Пасля ягонага адыходу госцi ў задуменнi пазiралi адзiн на аднаго, не разумеючы, што гэта значыць: з гаворкi здаецца ён тым самым Саматнiцкiм, знешнасць жа зусiм iншая.
- Бачыце, суседзi? - прамовiў Мiкола. - Як вам гэты госць? Усё спраўджваецца, аб чым я вам нядаўна казаў: твар, вусны, нос, вочы, валасы i ўсё тое, што мае гэтае цела, - не ягонае ўласнае, але ён той самы Саматнiцкi, бо i сам сябе так назваў i тое, што я казаў, пацвердзiў.
- Але здаецца, - сказаў Мацей, - што яго не прынялi на тым свеце, дык мусiў зноў вярнуцца на зямлю, бо ён нiбы нябожчык. Няма ў iм жыцця.
- Дзiўны госць, - сказаў гаспадар. - Я не затрымлiваў яго, бо, кажучы шчыра, ягоны прыход, быццам з таго свету, выклiкаў у мяне нейкае незразумелае пачуццё.
Увесь той вечар суседзi гаманiлi пра Саматнiцкага.
* * *
Дзень быў восеньскi, неба хмурнае, шумелi дрэвы над счарнелым дахам хутара, вецер падымаў у паветра жоўтую лiстоту. Саматнiцкi нерухома сядзеў ля акна, нiбы драўляны iдал. Зянон зайшоў у хату, спынiўся i доўга глядзеў на гаспадара, нарэшце, каб абудзiць яго, госць папытаўся голасна:
- Як маешся, пане Саматнiцкi?
I той раптоўна, нiбы сон адагнаўшы, ускочыў з месца i прамовiў:
- Дзякуй, што мяне наведаў. Я не прывiтаў такога добрага госця, бо быў у гэты час вельмi далёка.
- Пэўна, дзесьцi ў далёкай мiнуласцi, прыемна сяды-тады той край думкаю адведаць.
- Праўда, тут горш, але там, дзе быў, мiнулае i сучаснасць заўсёды аднастайныя: Адэля са спакойным тварам, з мiлаю ўсмешкаю бавiцца ў сябрыне вясёлых гасцей - гэты расказвае ёй, што чуў, той - шту прачытаў, якi новы твор выйшаў з друку, пра знакамiтых пiсьменнiкаў, пра лiтаратурную славу, як круцiцца то сюды, то туды Кола Фартуны, шту дзеецца ў вялiкiм свеце. I нiхто там пра мяне не ўспомнiў, i Адэля, размаўляючы то з гэтым, то з тым, пра мяне - нi слоўца.
- Гэта звычайная рэч: час сцiрае надпiсы на цвёрдым мармуры, а людскую памяць лёгкi ветрык развее, малая хмарка заслонiць.
- I я гэтага хацеў, ды лiчыў, што ў далёкiх краях новыя мясцiны, маляўнiчыя краявiды ды выпрабаваннi зменяць мае думкi i жаданнi: пабываў у стэпах, бачыў цуды, узiраўся ў таямнiцы прыроды, - аднак хмары i стэпавыя вятры не развеялi, не засланiлi маiх успамiнаў.
Читать дальше