- Толькi ад кахання, - адказаў ён, - толькi ад яго. Вам няма чаго турбавацца, i вялiкi дзякуй за тое, што мяне паклiкалi.
Ужо нясмачныя былi яму i гарбата, i хлеб, i масла, i селядцы; пятнiца, рыбны дзень; нават цыгарэта была яму нясмачная; ён абышоў усе будынкi абацтва, пасля завярнуў за галоўны касцёл да прытулку пiлiгрымаў, шукаючы ўсюды тых месцаў, якiя б маглi мець важнае значэнне з пункту гледжання статыкi; але ён знайшоў толькi адну, адну-адзiную маленькую лiтару "iкс" у пiўнiцы прытулку; немагчыма было зблытаць з якiм iншым бацькаў почырк таксама як бацькаў твар, бацькаву хаду, усмешку, строгую ветлiвасць бацькавых рухаў тады, калi ён налiваў вiно альбо перадаваў над сталом хлеб; яго маленькi "iкс"; доктар Роберт Фэмель, кантора статычных разлiкаў.
- Прашу, прашу цябе, - вымавiла Марыяна, - апамятайся!
- Я ўжо апамятаўся, - адказаў ён, адпусцiў педаль газу, паставiў левую нагу на педаль счаплення, а правай нацiснуў на тормаз; скрыгочучы, вiхляючы ў абодва бакi, машына падсунулася да самай лiтары "е" ў слове "смерць", падняўшы пыл, тармазы завiскаталi, да машыны, размахваючы рукамi, беглi спалоханыя пешаходы; памiж словам "смерць" i скрыжаванымi косткамi паявiўся стомлены начны вартаўнiк з кацялком кавы ў руках.
- О Божа! - сказала Марыяна. - Навошта было мяне так палохаць?
- Даруй, - сказаў ён цiха, - прашу цябе, даруй; мяне нешта панесла.
Ён хутка развярнуўся i паехаў назад, перш чым натоўп пешаходаў паспеў абступiць машыну; чатыры кiламетры ён, абняўшы адною рукой Марыяну, павольна ехаў паўз пляцоўкi для гольфу, на якiх трэнiраваныя жанчыны, трэнiраваныя мужчыны iмкнулiся дабрацца да шаснаццатай, семнаццатай, васемнаццатай ямкi.
- Даруй, - сказаў я, - я праўда - больш такога рабiць не буду.
Ён звярнуў з аўтабана i паехаў паўз маляўнiчыя палi, паўз цiхiя лясныя ўскрайкi.
"XYZ" - гэта былi тыя самыя лiтары, якiя ён бачыў на фотакопiях эскiзаў велiчынёю з дзве паштоўкi: вечарамi бацька ператасоўваў iх, ныбi карты для гульнi; дом для выдаўца на ўскраiне лесу - "XxX"; разбудова гмаху таварыства "Сас'етас" - "YxY"; дом для настаўнiка на беразе ракi - адзiн "Y"; тыя самыя лiтары памiж нагою святога Iаана i нагою святога Пятра.
Ён павольна ехаў сярод палеткаў, на якiх круглявыя буракi выглядалi ўжо з-пад буйнага зялёнага лiсця; iржышчы, паплавы, за якiмi быў ужо вiдзён узгорак Казакен.
- Чаму ты не хочаш мне пра ўсё расказаць? - спыталася Марыяна.
- Бо я сам яшчэ гэтага не разумею, бо не магу сам яшчэ паверыць у гэта; мажлiва, гэта проста паскудны сон; мажлiва, я змагу табе пазней гэта растлумачыць, а можа, i нiколi не здолею.
- Але быць архiтэктарам ты ўжо не хочаш?
- Не, - адказаў ён.
- I з гэтае прычыны ты ляцеў на шчыты?
- Мажлiва, - адказаў ён.
- Я заўсёды ненавiдзела людзей, якiя не ведаюць, што такое грошы, сказала Марыяна, - якiя з шалёнай хуткасцю пруць на машынах проста на шчыты, дзе напiсана "СМЕРЦЬ", якiя нi за што нi пра што палохаюць пешаходаў, што выйшлi прайсцiся i заслужылi адпачынак пасля працоўнага дня.
- У мяне была прычына iмчацца проста на шчыты.
Ён ехаў павольней, а на пясчанай дарозе каля падножжа ўзгорка Казакен спынiўся: машына стала пад разлапiстымi галiнамi хвоi.
- Навошта ты тут спынiўся? - спытала яна.
- Хадзем, пройдземся трошкi, - адказаў ён.
- Пазнавата ўжо, - запярэчыла яна, - твой дзядуля хутчэй за ўсё прыедзе цягнiком а палове пятай, а ўжо дваццаць на пятую.
Ёзэф вылез з машыны, прайшоў некалькi крокаў угару i, прыклаўшы руку да лба, зiрнуў у бок Дэнклiнгена.
- Напраўду, - сказаў ён, - бачу, як цягнiк выходзiць з Додрынгена; тая самая пыхкаўка, што i ў гады майго маленства: i прыбывае таксама, як i тады. Хадзем, чвэрць гадзiны яны, напэўна, пачакаюць.
Ён вярнуўся да машыны, дапамог Марыяне вылезцi, пацягнуў яе за сабою ўгору - пясчанаю дарогай; на палянцы яны селi; Ёзэф паказаў у бок раўнiны, яго палец рухаўся разам з цягнiком, якi тым часам iмчаў цераз бурачныя палеткi памiж iржышчаў i лугоў у напрамку Кiслiнгена.
- Ты нават не можаш сабе ўявiць, - сказаў ён, - як добра я ведаю гэтыя вёскi; як часта мы прыязджалi менавiта гэтым цягнiком; пасля таго як памерла мама, мы амаль увесь час жылi ў Штэлiнгене альбо ў Гёрлiнгене, а ў Кiслiнгене я хадзiў у школу; вечарамi мы беглi да цягнiка, на якiм з горада прыязджаў дзядуля - бачыш, вунь з таго цягнiка, што якраз цяпер выязджае з Дэнклiнгена; дзiўна, але мне заўсёды здавалася, што мы бедныя; пакуль была жывая мама i з намi жыла бабуля, нам давалi есцi менш, чым знаёмым дзецям, i мне нiколi не дазвалялi насiць добрага адзення, а толькi перашытае са старога - i мы мусiлi быць сведкамi таго, як яна налева i направа дарыла добрыя рэчы чужым людзям: хлеб, масла i мёд з кляштара i з маёнткаў; мы ж мусiлi есцi штучны мёд.
Читать дальше