Гуга павольна адступiў яшчэ далей назад, калi яна абыходзiла калону па дарозе ў залу для снедання; ён яе баяўся; надта часта ён бачыў, як яе лагодныя вочы рабiлiся суровымi, калi яна заставалася з iм сам-насам: яна лавiла яго на сходах, заказвала яму прынесцi малако ў нумар, дзе яна сустракала яго з цыгарэтай у роце, потым вырывала ў яго з рук шклянку з малаком, смеючыся вылiвала малако ва ўнiтаз, напаўняла шклянку каньяком i з гэтай шклянкай у руцэ пачынала наступаць на яго, у той час як ён задам адыходзiў да дзвярэй.
- Цi табе яшчэ нi адна жывая душа не казала, што ў цябе твар варты золата, чыстага золата, ты, неразумны хлопча. Чаму ты не хочаш стаць божай авечкай маёй новай рэлiгii? Я зраблю цябе вялiкiм, багатым, i яны будуць укленчваць перад табою ў яшчэ больш раскошных, чым гэты, гатэлях! Хiба ты працуеш тут досыць доўга, каб ведаць, што iхнюю нуду можна запоўнiць толькi новай рэлiгiяй - i чым дурнейшай, тым лепш? Iдзi сабе - ты занадта дурны.
Ён глядзеў ёй услед, а яна з нерухомым тварам давала кельнеру магчымасць адчынiць ёй дзверы ў залу для снедання; сэрца яго ўсё яшчэ бiлася ненармальна хутка, калi ён выходзiў з-за калоны i павольна спускаўся ўнiз да рэстарана.
- Кiлiшак каньяку ў бiльярдную для пана доктара, вялiкi.
- Тут нейкая сварка праз твайго пана доктара...
- Якая такая сварка?
- Hе ведаю. Здаецца, яго тэрмiнова шукаюць, твайго доктара. Вось, бяры свой каньяк i - змывайся хутчэй. Самае меншае семнаццаць старых i маладых баб ганяюцца за табой; давай, бо ўжо нейкая зноў спускаецца сюды.
Яна выглядала так, быццам пiла на сняданак чыстую жоўць; была апранутая ў залацiстую сукенку, насiла залацiстыя чаравiкi, залацiстую шапачку i муфту з iльвiнае шкуры. Яе выгляд выклiкаў агiду, а некаторыя госцi з забабонамi нават закрывалi твар рукою, калi яна з'яўлялася. Пакаёўкi кiдалi працу праз яе, кельнеры не хацелi яе абслугоўваць, але ён, Гуга, калi ёй удавалася яго злавiць, мусiў гадзiнамi гуляць з ёю ў карты; пальцы ў яе былi нiбы курыныя кiпцi; па-людску выглядала толькi цыгарэта ў яе вуснах. "Каханне, мой хлопча... я нiколi не спазнала, што гэта такое; не было нiводнага чалавека, якi здолеў бы не выказаць сваёй агiды перада мною; мая мацi праклiнала мяне сем разоў на дзень, выкрыквала мне сваю агiду проста ў твар; у мяне была прыгожая i маладая мацi, малады i прыгожы быў бацька, былi мае браты i сёстры; яны б атруцiлi мяне, каб толькi здолелi набрацца смеласцi на гэта; яны называлi мяне: Гэткае-што-не-павiнна-было-нарадзiцца - мы жылi высока, у жоўтай вiле пад сталеплавiльняю; увечары тысячы рабочых выходзiлi з заводскай брамы, iх чакалi з усмешкамi дзяўчаты i жанкi; смеючыся, яны iшлi ўнiз па гразкай вулiцы; я ж бачу, чую, маю адчуваннi нюху, дотыку, як усе астатнiя людзi, умею пiсаць, чытаць, лiчыць i адрознiваць на смак - ты першы чалавек, якi вытрымлiвае побач са мною больш як паўгадзiны, чуеш ты, першы!"
Следам за ёй цягнуўся страх, подых няшчасця; яна кiнула ключ ад нумара на прылавак, крыкнула служку, што стаяў там замест Ёхэна: "Гуга, дзе гэта Гуга?"; i калi хлопец пацiснуў плячыма, яна рушыла да дзвярэй-круцёлкi; прыдзвернiк, што адчынiў iх перад ёю, апусцiў вочы долу, а яна, апынуўшыся на вулiцы, адразу насунула на твар вэлюм.
"У гатэлi я яго не нашу, - казала яна Гугу, - няхай тут нешта ўбачаць за свае грошы, няхай глядзяць мне ў твар за мае грошы; але тыя, што на вулiцы, яны гэтага не заслужылi".
- Я прынёс каньяк, пане доктар.
- Дзякуй табе, Гуга.
Гуга любiў гэтага чалавека; доктар Фэмель прыходзiў шторанiцы а палове дзесятай i вызваляў яго да адзiнаццацi, надаваў яму адчуванне вечнасцi; хiба не было так заўсёды, хiба не стаяў ён ужо стагоддзi пры гэтых лакiравана-белых дзвярах, заклаўшы рукi за спiну, назiраючы за цiхай гульнёй, слухаючы аповяд, якi пераносiў яго на шэсцьдесят год назад, потым на дваццаць уперад, зноў на дзесяць назад, а пасля раптоўна перакiдалi яго ў рэчаiснасць таго лiстка календара, што вiсеў на сцяне? Белае на зялёным, чырвонае на зялёным, бела-чырвонае на зялёным, i заўсёды ў прасторы, абмежаванай борцiкамi, усяго на гэтых двух квадратных метрах зялёнага сукна; яно было чыстае, сухое, дакладнае, памiж паловай на дзесятую i адзiнаццаццю; два, тры разы сысцi ўнiз па вялiкi кiлiшак каньяку; час не быў тут анiякай велiчынёю, з якой можна было б што-небудзь прачытаць; ён усмоктваўся гэтай прастакутнай зялёнай прамакаткай; дарэмна бiлi гадзiннiкi, дарэмна рухалiся стрэлкi, бессэнсоўна намагаючыся ўцячы адна ад адной; усё спынялася, пакiдалася на месцы, калi прыходзiў Фэмель - якраз у той час, калi было найболей працы: старыя госцi ад'язджаюць, прыязджаюць новыя; ён мусiў стаяць тут, аж пакуль гадзiннiк на вежы сабора Святога Севярына не праб'е адзiнаццатую? Прасторы, пазбаўленыя паветра; гадзiннiкi, пазбаўленыя часу; ён апускаўся тут на дно акiянаў; рэчаiснасць сюды не даходзiла, прыцiскалася звонку, нiбы да шкла акварыума цi да вiтрыны крамы; яна губляла свае вымярэннi, захоўваючы толькi адно-адзiнае: была плоская, быццам выразаная з аркуша дзiцячых выцiнанак, яны ўсе мелi часовае ўбранне, як тыя выразаныя папяровыя лялькi; яны бездапаможна бiлiся аб сцены, што былi таўсцейшыя за цэлыя стагоддзi са шкла; удалечынi быў цень сабора Святога Севярына, яшчэ далей - вакзал i нерэальныя цягнiкi: "хутк." i "пас.", "прыг." i "баг."; чамаданы везлiся да пагранiчных станцый; рэальныя былi толькi тры бiльярдныя шары, што каталiся па зялёнай прамакатцы, утвараючы штораз новую фiгуру: Фэмель ударам кiя ствараў бясконцасць, што ўтрымлiвалася ў тысячах формул на двух квадратных метрах, а голас ягоны губляўся ў часе.
Читать дальше