Неразумна, нерэалiстычна ўсё гэта, Роберт, цi праўда? "Пасвi авечак маiх", а яны ўзгадоўваюць адных толькi ваўкоў. З чым вы вярнулiся дамоў пасля вайны? З дынамiтам? Знакамiтая цацка; я добра разумею тваю палкую нянавiсць да гэтага свету, у якiм не было месца нi для Фэрдзi, нi для Эдыт, не знайшлося месца для майго бацькi, для Гроля, для хлопчыка, iмя якога мы так i не змаглi даведацца, для паляка, якi падняў руку на Вакеру. Значыцца, ты збiраеш статыстычныя даныя, гэтак як iншыя збiраюць мадоннаў у барочным стылi, ты склаў вунь цэлую картатэку формул, i майму пляменнiку, сыну Эдыт, ужо надакучыў пах вапны: ён шукае формулу сваёй будучынi недзе ў iншым месцы, а не ў залапленых мурах абацтва. Што яму ўдасца знайсцi? Цi зможаш ты даць яму неабходную формулу? Можа, ён прачытае яе на твары свайго новага брата, бацькам якога ты хочаш зрабiцца? Твая праўда, Роберт: бацькам немагчыма быць, iм можна толькi зрабiцца; пра голас крывi - гэта ўсё выдумана, толькi той iншы голас праўдзiвы... з гэтай вось прычыны я так i не ажанiўся: у мяне было замала адвагi, каб паверыць у тое, што я магу зрабiцца бацькам; я не змог бы вытрываць, калi б мае дзецi зрабiлiся мне гэткiя самыя чужыя, як зрабiўся Ота тваiм бацькам; нават успамiны пра маiх мацi i бацьку не дадалi мне адвагi; а ты ж таксама яшчэ не ведаеш, якiмi стануць Ёзэф i Рут, якога прычасця яны пакаштуюць; нават у дачыненнi да дзяцей Эдыт i да сябе самога ты не можаш быць упэўнены; не, не, Роберт, ты абавязкова зразумееш, чаму я не адмаўляюся ад свайго нумара ў гатэлi i не пасяляюся ў доме, дзе жыў Ота i дзе загiнула Эдыт; я не здолеў бы штодня бачыць паштовую скрыню, у якую той хлопец укiдаў цыдулкi-пасланнi ад цябе... там усё яшчэ тая самая скрыня?
- Hе, - адказаў Роберт, - мы паставiлi новыя дзверы: тыя былi ўсе пасечаныя бомбавымi асколкамi, толькi брук каля ўвахода застаўся той самы яго ногi хадзiлi па гэтым бруку.
- I ты думаеш пра хлопца, калi ходзiш па гэтым бруку?
- Праўда, - адказаў Роберт, - думаю пра ўсё тое, i, вiдаць, гэта адна з прычын, чаму я збiраю статыстычныя формулы... Чаму ж ты не прыязджаў раней?
- Бо мне было боязна, што горад не падасца мне досыць чужым; дваццаць два гады - iзаляцыя добрая, а хiба тое, што мы маем сказаць адзiн аднаму, Роберт, не змесцiцца на адной паштоўцы? Я ахвотна жыў бы побач з табою, але не тут; мне ўвесь час боязна, а людзi, якiх я тут напаткаў... можа, гэта мне толькi здаецца, але яны не менш дрэнныя, чым тыя, якiх я пакiнуў тады.
- Магчыма, ты i не памыляешся...
- Што сталася з людзьмi, гэткiмi, як Эндэрс? Цi памятаеш ты яго - рыжы такi быў?.. Мiлы хлапчыска, зусiм не гвалтаўнiк - а што рабiлi такiя людзi, як ён, у вайну, што яны робяць цяпер?
- Мажлiва, ты Эндэрса недаацэньваеш: ён быў не толькi мiлы хлопец, але... ён нiводнага разу не пакаштаваў бычынага прычысця - чаму б нам не назваць гэта проста, як тое рабiла Эдыт? Эндэрс цяпер пробашчам, пасля вайны ён прамовiў некалькi казаняў, якiх я не магу забыць; калi б я паўтарыў ягоныя словы, гэта б гучала не надта добра, але калi iх вымаўляў ён, зусiм iншая рэч.
- А што ён робiць цяпер?
- Яго запiхнулi ў такую глухую вёску, дзе нават чыгункi няма, i там ён прамаўляе казанi над галовамi сялян i дзяцей-школьнiкаў; у iх няма нянавiсцi да яго, яны папросту яго не разумеюць, нават на свой спосаб шануюць яго як пачцiвага дурня - хiба ж ён не паўтарае iм увесь час, што ўсе людзi - браты? Яны ўсё ведаюць лепей i, напэўна, пытаюцца самi ў сябе: "Цi не камунiст ён?" Нiчога iншага iм у галаву i не прыходзiць; колькасць звыклых схемаў паменшала; нiхто б не дадумаўся лiчыць твайго бацьку камунiстам; нават Нэтлiнгер не быў такi дурны - а сёння б iнакш твайго бацьку i не назвалi. Эндэрс пасвiў бы з ахвотай авечак, а яму даюць адных казлоў; ён падазроная асоба, бо занадта часта гаворыць пра Нагорнае Казанне; можа, калi-небудзь вырашаць, што гэта ўвогуле пазнейшая ўстаноўка i зусiм яе скрэсляць... нам варта было б наведаць Эндэрса, Шрэла, i калi мы вячэрнiм аўтобусам будзем вяртацца на станцыю, мы будзем везцi з сабою больш роспачы, чым суцяшэння; я лепей пачуваў бы сябе на Месяцы, чым у такой вёсцы... мы наведаем яго, каб папрактавацца ў мiласэрнасцi; вязняў трэба наведваць... а чаму табе ў галаву прыйшоў Эндэрс?
- Проста я раздумваў, каго б мне хацелася ўбачыць; ты забыўся, што я мусiў знiкнуць адсюль, яшчэ не скончыўшы школы; але баюся я тых спатканняў пасля таго як убачыў сястру Фэрдзi.
- Ты бачыў яе?
- Бачыў. У яе лiманадным кiёску на канцавым прыпынку адзiнаццатага трамвая. А ты што, нiколi там не бываў?
- Hе. Баюся, што Груфэльштрасэ магла б падацца мне зусiм чужой.
Читать дальше