- А цяпер шаноўны гер superitendent, - завяршае ён, - задавайце Вашыя пытаньнi абвiнавачаным, каб гэтыя сваiмi адказамi маглi выявiць, цi трымаюцца яны сваiх iлжывых вераваньняў альбо цi не хацелi б яны лепей вярнуцца да вучэньня Лютэра, як яно выкладзена ў Аўгсбургскiм веравызнаньнi, i да гольштайнскага царкоўнага парадку.
У поўным даверы да сiлы Гасподняй, якая коней робiць кульгавымi й ламае восi ў калёсах галандзкiх iлжэпрапаведнiкаў, пачынае Айцэн свой допыт, хiтра плануючы пры гэтым паступова перайсьцi ад агульнага да спэцыфiчнага, так што ў канцы няшчасныя ератыкi павiснуць-такi ўсе на вострых круках лютэраўскай дыялектыкi. Але гэтыя выяўляюць сваю цьвёрдахрыбетнасьць, адказваюць на ягоныя добра аргумэнтаваныя словы дзёрзка альбо зусiм не адказаваюць i нават заяўляюць, што нiхто не саштурхне iх убок зь iхняй веры, нават гер супэрiнтэндэнт не саштурхне, як бы на iх нi напiраў.
Такога роду супрацiў, прызнае Айцэн, прыняты высакародным i шматшаноўным шталерам у дрэнны бок, супроць абвiнавачаных, але й супроць яго, якi гэта церпiць. I ён рашае не ўдавацца больш у дыспуты й добранькiя ўмаўленьнi; яго прапаведнiкi мусяць сагнуцца, як i гэты ератычны зброд; а ён, Бог сьведка, i так зрабiў для абвiнавачаных многа, калi павёў iх, зыходзячы з тэкстаў Сьвятога Пiсаньня i сутнасьцi нашага Госпада Iсуса Хрыста, да чыстых крынiц веры; цяпер яны будуць мусiць альбо напiцца, альбо ўтапiцца. Яны павiнны будуць прызнаць i згадзiцца з хрышчэньнем i тайнасьцю эўхарыстыi, як i iншыя, альбо прыняць на сябе наступствы, зь якiх высылка за межы герцагства, бадай, самае лагоднае. А таму падымiся, наморшчы лоб i пытайся ў абвiнавачаных, ad primum, цi ўсе людзi, за выключэньнем Хрыста, зачатыя i народжаныя ў спадчынным грэху i, вынiкам, цi ўсе яны дзецi зла, - так альбо не?
Катэс адчувае, што ўсё пастаўлена на руб i што той у сваёй чорнай хабiце ўчапiўся i больш ня выпусьцiць з лап сваiх пытаньняў. Таму кажа:
- Мы не разумеем, чаму мы ад Адама павiнны быць грэшныя, i мы ня можам прызнаць, што былi зачатыя ў грэху. На дзетках няма нiякага грэху, каб яны мелi ўшчэрб у сваёй шчаснасьцi. Таксама й тое, што хвароба й сьмерць павiнны йсьцi ад грэху, застаецца нам незразумелым; гэта так у прыродзе, а чалавек пастаўлены ў прыроду як Адам i Ева.
- Ерась, праклятая ерась, - заяўляе Айцэн i чакае, пакуль судовы пiсар надзейна запiша гэта на паперу. Пасьля, на бэнэфiс шматшаноўнаму геру шталеру й каб ён, як недасьведчны парафiянiн, таксама зразумеў, пра што тут iдзе, ён пытаецца, ad secundum, цi ня прызнаюць усё-такi абвiнавачаныя, што малых дзяцей трэба хрысьцiць i што хрышчэньне iм карыснае й патрэбнае, - так альбо не?
- Напiсана, - кажа Катэс, - што мы жывём толькi па веры. Item, толькi той, хто верыць i дзеля веры гэтай хрысьцiцца, той будзе шчасны. А дзетак, якiя пакуль яшчэ ня ведаюць нi дабра, нi зла, нельга хрысьцiць.
- Чартоўшчына, пахiбная i заганная, - дыктуе Айцэн пiсару й пасьля гэтага хоча ведаць ад абвiнавачаных, ad tertium, цi Хрыстос праз пакуту, якую ён прыняў дзеля нас, цi праз сваю ахвяру ўзяў на сябе й нашу вiну, так што мы цяпер адзiна празь веру ў яго ачышчаны ад грэху й можам быць шчаснымi, - так альбо не?
- Калi мы ўсё валiм на Хрыста, - кажа Катэс, - дык гэтым адкрываем дарогу грэху. Мы павiнны рабiць нешта й ад сябе, каб стацца шчаснымi, i чалавек павiнен гэтаксама шукаць Бога, як Бог шукае чалавека.
- Блюзьнерства, асуды вартае, - канстатуе Айцэн, i пакуль пiсар i гэта акуратненька заносiць на паперу, патрабуе сказаць, ad quartum, цi лiчаць абвiнавачаныя, што Iсус Хрыстос на сьвятой вячэры сапраўды кармiў нас сваiм целам i паiў крывёю, - так альбо не?
- Хлеб i вiно, - кажа Катэс, - мы прымаем у памяць пра Хрыста, яны застаюцца хлебам i вiном. Усё астатняе толькi прымхi й папiзм.
- Ерась, д'ябальская ерась! - голас зрываецца ў Айцэна. Але тым ня меней ён яшчэ хоча прадэманстраваць шматшаноўнаму й высакароднаму Каспару Гоеру, куды вядуць гэтыя агiдныя ўхiленьнi ад адзiнашчасьцедайнага вучэньня in praxi, бо зусiм такi яшчэ не асьветлена, як адно залежыць ад другога, сьвецкая ўлада ад сапраўднай веры, i таму пытаецца ў абвiнавачаных, зусiм ахрыпла ад пабожнай руплiвасьцi, цi ad quintum, паводле iх сапраўдны хрысьцiянiн можа дзейнiчаць i як сьвецкае начальства й са спакойным сумленьнем займаць высокую пасаду i ў гэтым сваiм стане цi можа быць шчасным i, ad sextum, цi хрысьцiяне ва ўсiх справах, якiя паводле слова Божага належаць начальствам, павiнны праявiць iм паслушэнства й цi, ad septimum, духоўнае царства Хрыста стаiць у супярэчнасьцi з царствамi сьвецкiмi й сьвецкiмi ўладамi, - так альбо не?
Читать дальше