У артыкуле Ёгансэн падае ўказанне на тое, што Агасфер iдэнтычны з "лiфляндскiм прарокам" Юргенам з Мэйсэна. "Фактычна, пiша Ёгансэн, паралелi ў апiсаннi гамбургскага Агасфера i лiфляндскага прарока i прапаведнiка настолькi вiдавочныя, што не можа быць нiякiх сумненняў у iдэнтычнасцi абодвух асобаў". Нават часавае супадзенне iх выступлення настолькi эклатантнае, што проста мiжвольна абедзьве асобы злiваюцца ў адзiн вобраз.
Ёгансэн прыводзiць старадаўняе даступнае азнаямленню апiсанне Агасфера з 1602 года ў Родэ з выдрукаванай у Данцыгу народнай кнiжкi пра Вечнага Жыда, паводле якой Паўль фон Айцэн, у той час студэнт з Вiтэнбэрга, зiмой 1547 года ў Гамбургу "ў кiрсе падчас казанi ўбачыў чалавека, якi ўяўляў з сябе вельмi высокую асобу са звiслымi на плечы валасамi, якi стаяў насупраць катэдры босы; якi з такой увагай слухаў казань, што ў iм нельга было адчуць анiякага руху; толькi, калi было выслоўлена iмя Iсуса Хрыста, ён схiлiў галаву на грудзi i ўздыхнуў вельмi глыбока; i нiякай iншай вопраткi на iм не было ў тую суровую зiму, апрача пары штаноў з падранымi калашынамi, курты па каленi i паўзверх яе палiто да пятаў".
Я цытую гэта паведамленне, якое Вам, гер калега, па ўсёй верагоднасцi, знаёмае, якое дае базiс для параўнання з сучаснымi паведамленнямi пра прарокаў Юргена альбо Ёрга з Мэйсэна. Так Ёган Рэнэр, пазнейшы хранiст горада Брэмена, якi жыў з 1556 па 1558 г. у Лiфляндыi, пiша: "I быў у гэты час адiн такi ў Рызе, на iмя Ёрген Мэйсэнскi, а хадзiў ён распранута i боса, не хацеў таксама есцi i пiцi, а да таго працаваў. Памянёны заклiкаў месцiчаў штодзённа да пакаяння. Але ён быў таксама дзевяць гадоў таму назад (г.зн. 1547!) тут у Рызе i заклiкаў людства да пакаяння, i, цi не пакараў яго Бог агнём, калi яго заклiкi нiчога не далi, прапаў".
Пасля чаго ў Рызе сапраўды выбухнуў вялiкi агонь - пажар, у якiм згарэлi Домскi сабор i большая частка горада. Узiму 1557/1578 гг. Ёрг зноў знаходзiцца ў Лiфляндыi, пра што паведамляе рэвельскi пастар i хранiст Балтазар Русаў (Chronica der Provinz Lyfflandt, Bаrth, 1584), а менавiта: "Таго ж года ўзiму ў Лiфляндыю праз Польшчу i Прусiю прыбыў чалавек вельмi дзiўны, а хадiў ён зусiм боса, гола i раздзета, апранута толькi ў вярэту, меў доўгiя валасы нiжэй плячэй. Некаторыя мелi яго за вар'ята, некаторыя за фанатыка, а некаторыя маўлялi, што гэта цудоўная азнака Божая, i што нешта такое адбудзецца".
Што адбылося, дык гэта нашэсце Iвана Жахлiвага на Лiфляндыю. Тыльман Бракель, лiфляндскi паэт у сваёй улётцы "Хрысцiянская гутарка пра жудаснае разбурэнне Лiфляндыi праз маскавiтаў", дарэчы, пiша:
Апошнi знак даброцi Боскай:
Павiнен муж-вар'ят прыйсцi,
На плошчах люду абвясцiць
Пакайцеся, пакуль не позна,
Бо страшны будзе Божы суд,
Бо ўмыецца крывёю люд,
Яму ж не верылi, ды з войскам
Прыйшоў маскаль на ўлонне наша,
I - перапоўнiлася чаша.
Ёгансэн цытуе крынiцы, паводле якiх прарок Ёрг быў забiты неадукаванай чэрняй пад Дэрптам, непадалёк ад рускай мяжы, сумняваецца ў крынiцах, але i ставiць пытанне: што, зрэшты, трэба было прапаведнiку пакаяння на рускай мяжы? I што меў на ўме хранiст Русаў, пiшучы, што Ёрг прапаў недзе памiж Рэвелем i Нарвай? Ёгансэн знаходзiць таксама пэўную iдэнтычнасць асобы Агасфера-Ёрга з Васiлём Блажэным (Васiлём Шчасным), юродам, якi шпурляў камянямi ў чорта i пагражаў Iвану Жахлiваму Божай карай, iмем якога названы сабор на Краснай (Прыгожай) плошчы ў Маскве. Апрача таго, заўважае Ёгансэн, юрод Васiль быў шавец, як i Агасфер.
Але чаму - пра гэта i Вы, паважаны гер калега Лёйхтэнтрагер, даўно маглi б спытацца, - чаму прарок Юрген падчас свайго побыту ў Гамбургу назваўся Агасферам? Калi ў астатнiм ён падарожнiчаў пад сваiм уласным iмем!
Ёгансэн дае гэтаму праўдападобнае тлумачэнне. Ён пераносiць сустрэчу Юргена з Айцэнам, якi паводле Ёгансэна "быў асобаю, чыя даставернасць не можа быць пастаўлена пад пытанне", у Мiкалаеўскую кiрху, дзе яшчэ ў 1547 годзе знаходзiлася вялiкая карцiна, на якой былi ўвасоблены персiдскi цар Агасфер са сваёй яўрэйскай каханкай Эстэрай; карцiна была ў 1555 годзе знiшчана, калi, паводле хронiкi горада Гамбурга, маланка ўдарыла "ў Нiклавуса кiрку разом з малёванем конiга Агасфэрума i Гэстэрай, пабiўшы i оклад на ковалкi". Юрген, "нерозумовы чловек", лiчыць Ёгансэн, быў так уражаны карцiнай, што прыняў цара за яўрэя Агасфера. "Калi гэта так, высноўвае ён, дык iмя Агасфер для Вечнага Жыда можа быць растлумачана толькi ў гэтай сувязi".
Мае калегi ў iнстытуце i я схiльныя iсцi за Ёгансэнавай тэзай, бо яна дае, паводле нашага стаўлення да праблемы, ключавы доказ таго, што Агасфер, якога спаткаў у Гамбургу пазнейшы суперiнтэндэнт Шлезвiга Паўль фон Айцэн, быў чалавек смяротны, як Вы i я, i менавiта таму не вечны яўрэй.
Читать дальше