Напэўна, і ў хрысціянаў быў бы прагрэс, але ён меў бы гуманныя мэты.
Уцякаюць з Прагі масава немцы. Не немцы бягуць у страшную Нямеччыну да недабіткаў у разбураныя гарады, у голад. «Там з кожным днём будзе лепей,— казала мне Ольга Пэтрыўна, сястра Лесі Украінкі,— а там, дзе вы хочаце застацца, ніколі добра не будзе, ніколі...» Як часта я цяпер яе ўспамінаю, але ратунку няма. Мой «сацыяліст» быў шчаслівы, што ўсе паехалі й мая асоба ў яго праўным, супружаскім распараджэнні, а рэшта не мае значэння. Толькі паэты, як птушкі, адчуваюць будучае й церпяць ужо авансам. Здаецца мне — ступаю па нажах і крывавяць мне ступні.
Нехта прынёс нам з чэхаў кусок мяса, парадзілі купіць у запас хлеба. Вечарам маладыя чэхі ходзяць, зрываюць нямецкія напісы на вуліцах і разбіваюць іх аб брук. У нас Вялікдзень, якраз Вялікая Пятніца. Прыйшоў да нас інж. Лось. Ён вельмі разумны ўкраінец, жанаты з чэшкаю, але цяпер другое зарысоўваецца на палітычным гарызонце, і чэшка памалу яго выганяе, ёсць дзеці. Калі б украінка, дык яна пайшла б з ім ахвотна далей на змаганне — чэшцы патрэбныя толькі выгоды й люксус у жыцці, а на гэтае — перспектываў ніякіх...
Мне прыпомнілася другая чэшка, жонка доктара Янкі Станкевіча, спецыяліста па Ай-кітабах [147] Кітабы (Аль-Кітабы) — кнігі, напісаныя на беларускай мове арабскім пісьмом. Ствараліся з XVI ст. татарамі, што жылі на Беларусі.
. Яна з ім як найвярнейшы сябра. Цудоўна ведае нашую мову, і тры сыны яе — гэта тры палкія беларускія патрыёты. Не кожная беларуска зраўняецца з ёю ў адданасці ў служэнні нашай Бацькаўшчыне. Дай ёй Бог здароўе!
Назаўтра ў Вялікую Суботу йдзем з Юраю ў цэркву да споведзі велікоднай і да прычасця. Трывожна... Мая споведзь болей падобная на палітычную размову з айцом Ісакіем, мы з ім сябе разумеем, зыходзімся на славянстве. Выходзім з сынам за руку з цэрквы. Сонейка, усюды сцягі нацыянальныя амерыканскія, англійскія, савецкія. На Гусавым пляцу народ. За малую хвіліну там будзе бой, і танкі разаб’юць старую памятную ратушу й слаўны чэшскі Арлой, гадзіннік з 12 апосталамі, якія выходзяць апавяшчаць гадзіны. Кажуць, у сярэднявеччы асляпілі чэхі таго майстра, каб болей Арлоя нідзе не стварыў. Нехта казаў, што гэта быў яўрэй. Магчыма.
Яшчэ мінуту мы затрымаліся б і было б па нас. Нашае шчасце. Чэхі ўжо недзе змагаюцца за радыёвысыланне. Усюды сцягі, сцягі... Малады нямецкі ваяка выводзіць за руку з аўто дзяўчо ў вэлюме з букетам кветак. Як не ў пару... Ужо болей ніхто па вуліцах не ходзіць, усюды робяцца барыкады, страляніна. Мужа ўзялі на медпункт у касцёле. Я хаджу да яго, і ён замірае са страху, як вярнуся дамоў пад стрэламі. Толькі я адна не баюся, іду, і кулі мінаюць мяне. Людзі вырываюць каменні з бруку, барыкады растуць, я стаю ў дзвярох нашага дому, сорамна сяння не быць з людзьмі. Так некалькі дзён. Прыйшоў муж нарэшце. Рана гаворыць радыё. Уласаўцы й чэхі дружна хочуць бараніць Прагу, то ізноў устрывожаным голасам немцы просяць уласаўцаў іх не пакідаць. Змяніліся адразу ролі. У нашай частцы Прагі яшчэ даволі спакойна. Рана я чую праз радыё, што савецкія танкі на перыферыі Прагі! Мне жудасна, усё прачытанае пра іх, пачутае, перажытае родзічамі ўстае прад вачыма, здаецца, смерць выцягнула па мяне свае кастлявыя рукі і я цяпер у яе поўнай уладзе. Ах, Янка...
За пару гадзін танкі на нашай вуліцы. Сядзяць на іх маладыя запыленыя байцы, у іх вясёлыя міны пераможцаў. Афіцэры нешта камандуюць, яны важнічаюць, ледзь гавораць з людзьмі. А людзі вітаюць іх, на танкі сыплюцца кветкі, залазяць дзяўчаты ў народных убраннях — май! Юра ўжо пазнаёміўся з нейкім афіцэрам, прывёў яго ў хату, ён мне не падабаецца. Нечаму ў нас затрымоўваецца нейкі малы штаб. У нас Вялікдзень, і я стаўлю, што маю, на стол, а яны прыносяць з кухні сваё й гарэлку. Смяюцца з нашых чарачак, просяць шклянкі. Я чую, як маёр кажа салдатам, каб нічога не чапалі ў нас у хаце, што нельга!
Вонку чэхі лупяць немцаў малых і старых. Маёр кажа мне, каб я сказала ім, што такога рабіць нельга, пабітага, ляжачага не б’юць. Я разумею, што гэта толькі словы, бо чаму ж гэта ён сам ім не скажа, а ён паглядае толькі. На голых плячох немцаў рагі ад бізуноў, яны разбіраюць барыкады. Вечарам наш малы штаб ад’язджае. Назаўтра чэхі жануць немцаў вуліцамі. Усім ім выпалілі смалой «гакэнкройцы» [148] Hakenkreuz (ням.) — свастыка.
на лобе. Між імі і жанчыны, і ад пачатку вайны ведамыя нам антыфашысты. Чэхі іх б’юць. Б’юць іх, галоўнае, калабаранты, тыя, якія супрацоўнічалі з імі. Лупяць неміласэрна...
Читать дальше