П'ем гарбату, пад канапкi. Не ведаю, цi павiнна я пра нешта пытацца. I тады яна сама пачынае расказваць, што выклёўваецца ёй кантракт у Празе. Ужо атрымала першае паведамленне i, магчыма, гэта будзе гадавое прабыванне i праца на радыё "Свабода". Калi добра павядзецца, яна паедзе ўжо на тым тыднi.
XL
Гэтую мясцiну называюць урочышчам. Курапаты. Мабыць, назва нейкай вёскi. Невялiкi лес каля абвадной дарогi. Адразу за дарогай панельныя камянiцы. Немы i да ўсяго абыякавы бетонны квартал.
Аня патэлефанавала ўчора i сказала, што iдзе на манiфестацыю. Шэсце з цэнтра горада ў Курапаты, у Дзень задушных. Мой перадапошнi дзень у Беларусi. Можа, ён будзе найлепшым развiтаннем з гэтым краем, яго людзьмi. Тымi, што жывуць i што памерлi.
Курапаты адкрыў Пазьняк у канцы сямiдзесятых, i для многiх беларусаў гэта знак адраджэння. З магiлаў, дзе бальшавiкi замардавалi ў трыццатыя гады тысячы людзей, беларусы, узялiся адраджаць сваю самасць.
Мiнула два дзесяткi гадоў, i вось пашыраюць дарогу. Гэта, бадай што, толькi зачэпка, каб паспяхова заасфальтаваць памяць. Людзi пратэстуюць, але iх няшмат. Улады ведаюць пра гэта i тым смялей спрабуюць ужо цяпер запабегчы будучым дыскусiям i расплатным разборкам.
Я iду на шэсце, каб паглядзець, цi ёсць яшчэ гарт, каб супрацiвiцца караедам i збэшчанай iмi памяцi пакаленняў. А можа, iду толькi таму, што Аня патэлефанавала мне i я не магла ёй адмовiць.
Паход на Курапаты пачынаецца ад Акадэмii Навук. Надвор'е лiстападаўскае. Слотнае i шэрае. Толькi цяпер я ўсведамляю, што ў Менску цэлы год сапраўды мала сонца. Большасць месяцаў у годзе - пахмурныя i шэрыя днi. Найгоршыя смуткi агортваюць тут чалавека ўвосень. Балоцiстая краiна, поўная дэпрэсii i алавянай аўры.
Нехта дае мне палаючы знiч. Iду з iм, саграваючыся задушным святлом. Штохвiлiны паветра разрывае гук звона, якi нясуць наперадзе калоны. Memento mori.
Шэсце ў маўчаннi даходзiць да дарогi на Вiцебск. Паварочваем на абвадную дарогу, за якою вiдаць навалы згорнутай бульдозерамi зямлi. Рабочыя, што круцяцца вакол машын, абыякава пазiраюць на нас. Шэсце закончыцца, ацiхне звон, i рабочыя напэўна ж прыступяць да пашырэння дарогi. Заасфальтуюць лес крыжоў, якi вырас тут за апошнiя тыднi на знак пратэсту. Усё як панарама смутку i непапраўнасцi. Праз хвiлiну мiльгае думка, як ратунак, як апошняя дошка ратунку. Я ж адгэтуль паслязаўтра выеду i страсу з сябе гэты самнамбулiчны бяскрай. Але гэта зноў жа толькi абвадная думка, як пакуса. Бо такiх сiтуацый i людзей не бракуе i ў нас.
Мае боты члапаюць, гразь, балота... У раскапанай зямлi пад нагамi касцей, аднак, не вiдаць, не вiдаць у ёй i мартыралагiчных плямаў. Звычайная зямля. Шэрая, брудна-рудая, не выклiкае эмоцыяў. Выклiкае адзiна жаданне выйсцi на якi-небудзь ходнiк i ступаць па чыстым, вымытым тратуары.
Падыходзiм да лесу. Ускрай яго група маладых людзей паставiла палатку. У брудным лагеры вiдаць параскiданыя бутэлькi. Як праваслаўны звычай выпiвання за памерлых на iх магiлах. Няўжо i ў такiм месцы гэта ўсё яшчэ звычай.
Узгадваецца адзiн выпадак з пахаваннем паўгода таму назад. Быў канец лютага альбо пачатак сакавiка. Памерла Анiна бабуля, i я пайшла з ёю на пахаванне. Бадай што нават не толькi з прычыны спачування сiмпатычнай каляжанцы i яе бацькам, але, мусiць, таксама i з цiкавасцi, як выглядае тут пахаванне. Гэта ж частка культуры штодзённага жыцця, гэта люстра ўсiх iншых абрадаў, свецкiх i рэлiгiйных - гэтых сямейных, гэтых грамадскiх. Я купiла прыстойны букет яркiх хрызантэмаў з чорнай стужкай i ў цэлафане з густоўнай чорнай аблямоўкай. Пад'ехала на таксi да дома, куды часта забягала адведаць Аню. У адным пакоiку iх цеснай кватэры жыла яе бабця, якая ўжо амаль не падымалася з ложка. Было ёй за восемдзесят. Аднаго разу я кiнула вокам у прачыненыя дзверы ў той пакоiк i ўбачыла, як старэнькая падымалася з пасцелi i сядала на край ложка. Яе позiрк на хвiлiну затрымаўся на мне. У яе запалых вачах я ўбачыла, як яшчэ тлеюць iскрынкi жыцця. Так, як бы я ўбачыла ўсе моманты, якiя давялося ёй правесцi на зямлi - дзяцiнства над нейкай ракою, смех у лесе, пацалунак хлопца, потым нейкi агонь, дым, багнiшча i панурыя нетрышчы, крык, плач, шэрая будная праца i апушчаныя ў мыльны шум далонi, што палошчуць цi мыюць нейкае ашмоцце. Як фiльм, секундная iмпрэсiя без канкрэтнага сцэнару. Нават не вобразы, а толькi ўражаннi ад вобразаў. Я была вельмi ўзрушаная ўбачаным у тую хвiлiну. Дзверы зачынiлiся, i Анiна мацi зноў укладвала старэнькую ў пасцель, папраўляючы ёй падушкi.
Аня сказала, што бабуля калiсьцi была даволi важным чалавекам у партыi. Шмат гадоў працавала ў кантрольнай камiсii i ведала цэлыя пакаленнi розных дзеячаў. Нават Машэрава ведала асабiста.
Читать дальше