- Пат, - сказаў я хутка, цалкам заблытаны, - Пат, табе, напэўна, холадна, табе трэба выпiць, я бачыў знадворку, што ў Арлова гарыць святло, я схаджу да яго, у гэтых расейцаў заўсёды ёсць гарбата, я ў iмгненне вярнуся... - Я адчуў, што ўва мне ўздымаецца гарачая хваля. - Гэтага я да смерцi не забуду, - сказаў я ад дзвярэй i хутка пайшоў па калiдоры.
Арлоў яшчэ не спаў. Ён сядзеў перад абразом Багамацеры ў кутку пакоя. Перад абразом гарэла лампадка. Вочы яго пачырванелi. На стале кiпёў маленькi самавар.
- Прабачце, калi ласка, - сказаў я. - Непрадугледжанае здарэнне - цi не далi б вы мне кроплю гарачай гарбаты?
Расейцы прызвычаiлiся да непрадугледжаных здарэнняў. Ён даў мне дзве шклянкi, цукру, а на талерку паклаў пiражкоў.
- Вельмi рады быць вам карысным, - сказаў ён. - Дазвольце прапанаваць вам... сам бываў у падобных... некалькi зерняў кавы... пажаваць...
- Дзякую, - сказаў я. - Шчыра дзякую. Я ахвотна вазьму...
- Калi будзеце мець яшчэ якую патрэбу, - сказаў ён, i ў гэты момант я ўбачыў у iм сапраўды высакароднага чалавека, - я яшчэ не кладуся спаць. Буду рады...
Я яшчэ ў калiдоры разжаваў кафейныя зярняты. Яны адбiвалi пах спiртнога. Пат сядзела каля святла i пудрылася. Я на хвiлiнку спынiўся каля дзвярэй. Мяне вельмi кранула: вось яна сядзiць, уважлiва глядзiцца ў маленькае люстэрка i водзiць пушком па скронях.
- Выпi гарбаты, - сказаў я. - Гарачая.
Яна ўзяла кубачак. Я глядзеў, як яна п'е.
- Чорт ведае, што сёння здарылася, Пат.
- I я ведаю, - адказала яна.
- Праўда? А я - не.
- I не трэба, Робi. Ты i так ведаеш зашмат. Таму i не можаш быць як след шчаслiвым.
- Магчыма, - сказаў я. - Але ж гэта нядобра, што з таго часу, як мы знаёмыя, я ўсё больш дурнею.
- Добра! Было б яшчэ горш, калi б ты ўвесь час разумнеў.
- Мудра, - сказаў я. - Ты па-майстэрску дапамагаеш выбрацца з тупiка. Але мне здаецца, што тут накапiлася шмат усяго...
Яна паставiла кубачак на стол. Я адлёгся на ложку. У мяне было адчуванне, быццам я вярнуўся дадому з далёкай цяжкай дарогi.
Заспявалi птушкi. Грукнулi нечыя дзверы, пайшла на працу фраў Бэндэр, сястра з дома дзiцяцi. Я глянуў на гадзiннiк. Праз паўгадзiны на кухнi з'явiцца Фрыда, тады нам непрыкметна не выбрацца адсюль. Пат яшчэ спала. Яна дыхала глыбока i роўна. Грэх было будзiць яе. Але трэба.
- Пат...
Яна, сонная, штось прамармытала.
- Пат... - я праклiнаў усе мэбляваныя пакоi свету. - Пат, пара. Табе трэба апранацца, я дапамагу.
Яна расплюшчыла вочы i засмяялася, яшчэ сонная, як дзiця.
Я, прачнуўшыся, нiколi не бываў вясёлы.
- Пат... фраў Залеўскi ўжо чысцiць зубы.
- Я сёння застануся ў цябе...
- Тут?
- Тут.
Я ўстаў.
- Блiскучая iдэя... але твае рэчы... вячэрняя сукенка i туфлi...
- Вось я i застануся да вечара.
- А дома?
- Што ж, патэлефануем, што я дзе-небудзь заначавала.
- Так i зробiм. Есцi хочаш?
- Пакуль што не.
- На ўсякi выпадак я сцiбру некалькi свежых булачак. Падносчык падвесiў кошык каля дзвярэй. Пайду, пакуль не позна.
Калi я вярнуўся, Пат стаяла каля акна. Яна была абута ў серабрыстыя туфелькi. Мяккае ранiшняе святло, як фата, накрывала ёй плечы.
- Забудзем, што было ўчора, добра, Пат?
Яна згодна кiўнула, не паварочваючы галавы.
- Мы проста больш не пойдзем у кампанiю. Сапраўднае каханне не трывае сведак. Тады ў нас не будзе сварак i прыпадкаў рэўнасцi. Няхай iх лiха забярэ - Броера i ўсiх астатнiх разам з iм. Праўда?
- Праўда, - сказала яна. - I тую Маркавiц таксама.
- Маркавiц? Пра каго ты гаворыш?
- А пра тую, з якой ты сядзеў у "Каскадзе" ў бары.
- А-а, - сказаў я, раптам чамусьцi ўзрадаваны, - ты пра гэну...
Я пакорпаўся ў кiшэнях.
- Зiрнi на гэта. Хоць якая ды карысць ёсць ад учарашняга. Я выйграў у покер кучу грошай. Можна вечарам пайсцi куды-небудзь, га? Толькi без кампанii. Мы пра iх забылiся, праўда?
Яна кiўнула.
Сонца выходзiла з-за даху Дома прафсаюзаў. Шыбы загарэлiся. Валасы Пат напоўнiлiся святлом, сонца пазалацiла ёй плечы.
- Я забыўся, чым займаецца гэты Броер? Хто ён па прафесii?
- Архiтэктар.
- Архiтэктар, - сказаў я, крыху збянтэжаны. Куды прыемней было б пачуць, што ён нiхто... - Архiтэктар - невялiкая шышка, праўда, Пат?
- Праўда, дарагi.
- Нiчога асаблiвага, праўда?
- Абсалютна нiчога, - пераканана сказала яна, павярнулася да мяне i засмяялася. - Архiтэктар - гэта нiшто, нуль. Дрэнь!
- А гэта каморка... яна не вельмi ўбогая, га, Пат? У iншых, вядома, лепшыя...
- Яна шыкоўная, гэтая каморка, - перабiла мяне Пат. - Гэта цудоўная каморка, дальбог, я не бачыла лепшай, дарагi!
- А я, Пат, у мяне ёсць недахопы, я ўсяго толькi таксiст, але...
Читать дальше