V
У фiнансавае ўпраўленне Кёстэр паехаў у сваiм старым касцюме. Ён хацеў паспрабаваць знiзiць нашыя падаткi. Мы з Ленцам засталiся ў майстэрнi ўдвух.
- За справу, Готфрыд, - сказаў я. - Бярэмся за тоўсты "кадзiлак"!
Напярэдаднi вечарам з'явiлася наша аб'ява. Сёння мы ўжо маглi чакаць клiентаў - калi ўвогуле хтосьцi прыйдзе. Трэба было падрыхтаваць машыну.
Спачатку мы пакрылi лак палiтурай. Дзякуючы гэтаму машына адмыслова заблiшчала i, здавалася, падаражэла на сотню марак. Потым заправiлi машыну самым лепшым маслам, якое мелi. Поршнi былi не лепшай якасцi i крыху стукалi. Мы знялi гэты шум, густа змазалi iх маслам, i машына запрацавала зусiм цiха. Мы густа змазалi яшчэ механiзм перадачы i ў дыферэнцыял, каб цалкам зняць шум.
Потым выехалi. Непадалёк пачаўся ўчастак вельмi пабiтай дарогi. Яго мы праехалi з хуткасцю 50 кiламетраў. Верх барабанiў. Мы спусцiлi з кiхаў чвэрць атмасферы i паспрабавалi яшчэ раз. Цяпер было лепей. Выпусцiлi яшчэ чвэрць. Цяпер нiчога не варухнулася.
Вярнулiся, змазалi скрыпучы капот, зрабiлi гумавыя пракладкi, залiлi ў радыятар гарачай вады, каб матор адразу схапiўся, абмылi машыну з распырсквальнiка знiзу, каб яна блiшчала i там. Потым Готфрыд падняў рукi да неба.
- Прыходзь жа, блаславёны пакупнiк. Прыходзь, дарагi ўладальнiк кашалька! Мы палка чакаем цябе, як жанiх чакае маладую!
Маладая затрымлiвалася. Таму мы загналi пекаравага каня на яму i пачалi здымаць пярэднюю вось. Гадзiны дзве мы працавалi моўчкi. Потым я пачуў, як каля калонкi Юп засвiстаў мелодыю песнi: "Слухай, што iдзе знадворку..."
Я вылез з ямы i зiрнуў у акно. Маленькi прысадзiсты чалавек хадзiў вакол "кадзiлака". Ён здаваўся дабрадзейным i салiдным буржуа.
- Зiрнi, Готфрыд, - шапнуў я. - Цi не маладая прыйшла?
- А хто ж, - вызначыў Ленц з першага погляду. - Глянь на твар. Ён ужо недаверлiвы, пакуль няма нiкога. Давай! Я застануся тут у рэзерве. Прыйду на дапамогу, калi адзiн не справiшся. Помнi мае прыёмы!
- Добра!
Я вылез.
Чалавек сустрэў мяне позiркам разумных чорных вачэй.
Я прадставiўся:
- Локамп.
- Блюменталь.
Гэта быў першы прыём: прадставiцца. Ленц сцвярджаў, што гэта стварае адразу больш iнтымную атмасферу. Другi прыём: пачынаць вельмi стрымана i выслухаць клiента, каб ударыць у адпаведны час.
- Вы наконт "кадзiлака", пан Блюменталь? - спытаў я.
Блюменталь кiўнуў.
- Вось ён, - сказаў я i паказаў на машыну.
- Я бачу, - адказаў Блюменталь.
Я хутка зiрнуў на яго. "Увага, - падумаў я. - Хiтрун".
Мы пайшлi праз двор. Я адкрыў дзверцы машыны i завёў матор. Потым памаўчаў, каб даць Блюменталю час на агледзiны. Ён, пэўна, знойдзе, што пакрытыкаваць. Тады i я пачну.
Але Блюменталь не аглядаў машыны. Ён не крытыкаваў. Ён увесь час маўчаў, стоячы як iдал. Мне нiчога не заставалася, як самому пачынаць наўгад.
Я пачаў паволi i сiстэматычна расказваць пра "кадзiлак", як мацi пра роднае дзiця, стараючыся заўважыць, цi цямiць той што-небудзь. Калi ён спецыялiст, тады трэба было б больш падрабязна спынiцца на маторы i шасi. Калi ён не разбiраецца ў машыне - на камфорце i розных дробязях.
Але ён i цяпер не выдаў сябе. Ён даваў мне выгаварыцца, пакуль я сам сабе не здаўся надзьмутым шарыкам.
- Навошта вам машына? Для язды ў горадзе цi для дальнiх вандровак? спытаў я нарэшце, каб знайсцi нейкi пункт апоры.
- Для самых розных патрэб, - адказаў Блюменталь.
- Зразумела! А вы самi будзеце вадзiць цi шафёр?
- Як калi.
Як калi... Чалавек выдаваў адказы, як папугай. Здавалася, што ён належаў да нейкага Ордэна маўчальнiкаў.
Каб узбадзёрыць яго, я прапанаваў яму праверыць тое-сёе ў машыне. Звычайна гэта аблягчала кантакт з клiентам. Я баяўся, што ён засне.
- Верх адкрываецца i падымаецца надзвычай лёгка для такой аграмадзiны, сказаў я. - Паспрабуйце самi. Вы справiцеся адной рукой.
Але Блюменталь адмовiўся спрабаваць. Ён бачыць i так. Я з шумам ляпнуў дзверцамi i пацягаў за ручкi...
- Вось бачыце, ўсё як мае быць. Жалезна. Паспрабуйце самi.
Блюменталь не захацеў. Ён лiчыў, што так i павiнна быць. Надзвычай цвёрды арэшак!
Я паказаў яму шыбы.
- Вельмi лёгка падымаюцца i апускаюцца. На любым узроўнi сядзяць мёртва.
Ён брывом не варухнуў.
- Да таго ж шкло не б'ецца, - працягваў я, ужо ў лёгкiм адчаi. - Перавага, якую нельга пераацанiць. У нашай майстэрнi стаiць "форд"... - Я расказаў пра няшчасны выпадак з жонкай пекара, крыху прыўкрасiўшы яго, дадаўшы туды яшчэ адно дзiця.
Думкi i пачуццi Блюменталя былi замкнёныя ў сталёвы сейф.
- Шкло, якое не б'ецца, стаiць ва ўсiх машынах, - перабiў ён мяне. - Тут нiчога незвычайнага.
Читать дальше