Пат села наперадзе каля Кёстэра. "Карл" зароў. Выхлапныя газы блакiтна-белымi воблачкамi закруцiлiся ў паветры. Матор яшчэ не разагрэўся. Ланцугi, ляскаючы, пачалi няспешна падмiнаць пад сябе снег. "Карл" з пырханнем. грукатам i вуркатаннем споўз унiз да вёскi i прабег па галоўнай вулiцы, як прыгорблены воўк, сярод конскага тупату i звону шаргуноў.
Мы выехалi з вёскi. Быў надвячорак, заснежаныя палi, асветленыя нiзкiм сонцам, паблiсквалi ружовымi iскрамi. Некалькi стагоў сена, амаль занесеныя белым снегам, стаялi пад гарой. Апошнiя лыжнiкi маленькiмi кропкамi скочвалiся ў далiну. Пры гэтым яны праслiзгвалi па чырвоным сонцы, якое вялiзным шарам яшчэ раз паказалася з-за адхону, - вялiзны ком сухога жару.
- Вы ўчора тут праязджалi? - спытала Пат.
- Праязджалi.
Машына ўскараскалася на вяршыню першай гары. Кёстэр спынiўся. Вiд адсюль зверху быў дзiвосны. Напярэдаднi, калi мы з цяжкасцю прабiралiся праз ледзяны сiнi вечар, мы глядзелi толькi на дарогу.
За горнымi скаламi адкрывалася маляўнiчая далiна. Абрысы далёкiх гор рэзка i выразна вылучалiся на фоне светла-зялёнага неба. Яны свяцiлiся золатам. Залацiстыя плямы, нiбы пыл, ляжалi на заснежаных адхонах вяршынь. Горныя схiлы з кожнай хвiлiнай усё больш набывалi шыкоўны светла-ружовы колер, а сiнiя ценi рабiлiся ўсё цямнейшымi. Сонца стаяла якраз памiж дзвюма полымнымi вяршынямi, а шырокая далiна са сваiмi пагоркамi i схiламi здавалася магутным, нямым, блiскучым парадам перад уладаром, якi вось-вось схаваецца за небакраем. Фiялетавая стужка дарогi вiлася вакол пагоркаў, знiкала, зноў з'яўлялася, зацямнялася на паваротах, прабягала мiма вёсак i ўпiралася якраз на перавале ў небасхiл.
- Так далёка ад вёскi я яшчэ нiколi не была, - сказала Пат. - Гэта дарога вядзе дадому?
- Так.
Яна маўчала, глядзела ўнiз. Потым выйшла з машыны i засланiла даланёй вочы ад сонца.
- А колькi да горада? - спытала яна.
- Каля тысячы кiламетраў. У маi мы паедзем дадому. Ота забярэ нас.
- У маi, - паўтарыла яна. - Божа мой, у маi.
Сонца паволi садзiлася. Далiна ажывала. Ценi, якiя да гэтага нерухома хавалiся ў складках зямлi, пачалi бясшумна вылазiць i паўзцi ўсё вышэй, нiбы сiнiя агромнiстыя павукi. Пахаладала.
- Трэба вяртацца, Пат, - сказаў я.
Яна зiрнула на мяне, i яе твар раптам перамянiўся, нiбы ад болю. Я iмгненна заўважыў, што ёй усё вядома. Яна ведае, што ўжо нiколi не перасячэ гэты бязлiтасны горны ланцуг на гарызонце, яна гэта ведае, але хоча схаваць, так, як i мы хочам схаваць гэта ад яе, але на нейкае iмгненне яна страцiла пiльнасць, i ўвесь зямны боль выглянуў з яе вачэй.
- Давайце яшчэ крыху праедзем, - сказала яна. - Зусiм крышачку ўнiз.
- Паехалi, - сказаў я, зiрнуўшы спачатку на Кёстэра.
Яна села каля мяне на задняе сядзенне, я абняў яе i накрыў нас коўдрай. Машына павольна пачала спускацца ўнiз, у далiну, у ценi.
- Робi, каханы, - шаптала Пат мне на вуха, - здаецца, мы едзем дадому, назад у наша жыццё.
- Праўда, - сказаў я i нацягнуў на яе коўдру да шыi. Чым нiжэй мы спускалiся, тым цямней рабiлася. Пат была ўся ўхутана ў коўдры. Яна засунула руку мне пад сарочку на грудзi, я адчуваў яе руку целам, а потым яе дыханне, яе вусны, а потым - слёзы.
Асцярожна, каб яна не заўважыла развароты, Кёстэр павярнуў машыну да рыначнай плошчы наступнай вёскi, апiсаўшы вялiзную дугу, i мы паволi паехалi назад.
Калi мы дабралiся да вяршынi, сонца ўжо зайшло. На ўсходзе памiж воблакамi ўжо плыў бледны i чысты месяц. Мы ехалi назад, ланцугi аднастайна стукалi, перабiраючы зямлю. Зрабiлася вельмi цiха, я сядзеў нерухома, адчуваючы слёзы Пат сэрцам, быццам там крывянiла рана.
Праз гадзiну я сядзеў у холе. Пат пайшла ў свой пакой, а Кёстэр накiраваўся на метэаралагiчную станцыю, каб даведацца пра надвор'е. На дварэ сцямнела, вакол месяца пралегла светлая палоска, за вокнамi панаваў вечар, шэры i мяккi, як аксамiт. Неўзабаве падышоў Антонiа i сеў за мой столiк. За адным з суседнiх столiкаў сядзеў чалавек, круглы, як гарматнае ядро, у грубым шарсцяным пiнжаку i кароценькiх штанах-гольфах. У яго быў твар немаўляцi з адтапыранымi вуснамi i халоднымi вачыма. Круглая чырвоная лысiна блiшчала, як бiльярдны шар. Побач з iм сядзела хударлявая жанчына з глыбокiмi ценямi пад вачыма, з пакутлiвым журботным тварам. Таўстун быў ажыўлены, яго галава ўвесь час круцiлася, ружовыя ручкi ўвесь час абводзiлi плаўныя кругi.
- Цудоўна тут наверсе, проста шыкоўна! Гэтая панарама, гэта паветра, гэта абслуга! Тут сапраўды добра...
- Бернгард, - цiха прамовiла жанчына.
- Дальбог, мне хоць раз так пажыць бы спешчана, так дагледжана... - Ён тлуста рагатнуў. - Ну, хоць ты пакарыстайся...
Читать дальше