Цяпер я дазволiў сабе крыху раскашаваць; я дамовiўся з карчмаром на вулiцы Вавэн, i ён, уранку i ўвечары, пасылаў мне розныя смачныя стравы. Пасыльны званiў, але я не падыходзiў да дзвярэй, i толькi счакаўшы колькi хвiлiн, крыху адчыняў iх i бачыў пакiнуты на пляцоўцы доўгi кош з поўнымi талеркамi, над якiмi падымалася пара.
27 кастрычнiка, а шостай гадзiне вечара, у мяне заставалася семнаццаць з паловай франкаў. Я ўзяў рэвальвер, пачак з пiсьмамi i выйшаў. Дзверы я паклапацiўся не зачыняць, каб пасля, калi зраблю сваю справу, як мага хутчэй вярнуцца дадому. Адчуваў я сябе нядобра: у мяне стылi рукi, у галаве пульсавала кроў i ў вачах свярбела. Я паўзiраўся вакол, убачыў вiтрыны, гасцiнiцу "Эколь", канцылярскую лаўку, дзе звычайна купляў алоўкi, - i нiчога не пазнаў. "На якой гэта я вулiцы?" - спытаў я ў сябе. На бульвары Манпарнас быў натоўп. Людзi штурхалi мяне, пынялi, бiлi локцямi i ўдаралi плячыма. Мяне несла i гайдала чалавечая плынь, але мне не ставала сiлы праслiзнуць памiж iмi. Раптам я, нiбы збоку, убачыў сябе ў гэтым натоўпе - я быў такi мiзэрны, такi страшэнна самотны. Як бы яны маглi зрабiць мне балюча, каб захацелi! Мне было страшна ад таго, што ў кiшэнi ў мяне рэвальвер. Мне здавалася, што зараз яны здагадаюцца, што ў мяне там. Яны паглядзяць на мяне строгiм вокам i потым, нiбы з жартаўлiвым абурэннем, скажуць: "Ай-ай-ай... што ж гэта вы..." - i ўчэпяцца сваiмi чалавечымi лапамi. Лiнчаваць! Яны будуць падкiдаць мяне над галовамi, i я буду зноў ападаць iм на рукi, як лялька. Я палiчыў, што будзе разумней адкласцi выкананне плана на заўтра. Я пайшоў абедаць у кавярню "Пад купалам", што каштавала мне шаснаццаць франкаў восемдзесят. Семдзесят сантымаў, якiя ў мяне заставалiся, я выкiнуў у ручай.
Наступныя тры днi я заставаўся ў сваiм пакоi, нiчога не еў i не спаў. Я зачынiў усе аканiцы i не адважваўся нi запалiць электрычнасцi, нi падысцi да акна. У панядзелак нехта працяжна пазванiў мне ў дзверы. Я затаiў дыханне i крыху счакаў. Праз хвiлiну пазванiлi зноў. Я на дыбачках падышоў да дзвярэй i прыпаў да замочнай шчылiны вокам. Мне ўдалося разгледзець толькi кавалак чорнай тканiны i гузiк. Тып пазванiў яшчэ i спусцiўся па лесвiцы: я так i не ведаю, хто гэта быў. Уначы мне снiлiся незвычайныя свежыя сны, пальмы, цякла вада, па-над нейкiм купалам раскiнулася фiялетавае неба. Смагi ў мяне не было - час ад часу я пiў з-пад крана над ракавiнай. Але мне вельмi хацелася есцi. Апроч таго, мне зноў прымроiлася тая чарнявая шлюха. Гэта было ў нейкiм замку, якi я нiбы збудаваў сабе на Чорных Плато, за дваццаць вёрст ад блiжэйшых вёсак. Яна была голая, i мы былi абсалютна адны. Прыгражаючы рэвальверам, я прымусiў яе стаць на каленi i загадаў бегаць на карачках; потым прывязаў да слупа i пасля доўгiх тлумачэнняў, што зараз буду рабiць, зрашацiў яе кулямi. Гэты сон настолькi мяне ўсхваляваў, што я мусiў здаволiцца. Потым я нерухома ляжаў у змроку, i ў галаве ў мяне было пуста. Мэбля раптам пачала рыпець. Была пятая гадзiна ранiцы. Я аддаў бы, здавалася, усё, каб пакiнуць гэты пакой, але не мог выйсцi на вулiцу, бо там былi людзi.
Настаў дзень. Есцi ўжо не хацелася, але цяпер чамусьцi я пачаў пацець: кашуля на мне была ўся мокрая. На дварэ ззяла сонца. I тады мне падумалася: "У зачыненым з усiх бакоў пакоi Ён зашыўся ў змроку. Вось ужо тры днi, як Ён не есць i не спiць. Нехта званiў у дзверы, але Ён не адчынiў. А хутка Ён выйдзе на вулiцу i заб'е". Я выклiкаў у самога сябе страх. А шостай гадзiне вечара вярнуўся голад. Я шалеў ад злосцi, як сляпы натыкаўся паўсюль на мэблю, потым запалiў святло ў пакоях, у кухнi i ў прыбiральнi, пачаў спяваць на ўсю глотку, вымыў рукi i выйшаў. Мне спатрэбiлiся добрыя дзве хвiлiны, каб закiнуць у скрынку ўсе пiсьмы. Я соваў iх пачкамi па дзесяць штук. Некалькi канвертаў, вiдаць, папсавалiся. Потым я прайшоў па бульвары Манпарнас i апынуўся на вулiцы Адэсы. Спынiўшыся каля люстра на нейкай крамцы, што гандлявала кашулямi, я ўбачыў свой твар i падумаў: "Гэта будзе сённяшнiм вечарам".
Я стаў ля пачатку вулiцы Адэсы, непадалёк ад газавага лiхтара, i пачаў чакаць. Мiма прайшлi дзве жанчыны. Яны трымалi адна адну пад ручку, i бландзiнка казала:
- Яны завесiлi дыванамi ўсе вокны, а паказ рабiлi самi ж з тамтэйшай знацi.
- Яны там усе што - галота? - спытала другая.
- Не трэба быць галотай, каб пагадзiцца на працу, за якую штодзень плацяць па пяць луiдораў.
- Пяць луiдораў? - прамовiла брунетка, уражаная сумай. I, праходзячы каля мяне, дадала: - Дый iм, напэўна, было забаўна пахадзiць у строях сваiх продкаў.
Яны пайшлi далей. Мне было холадна, але па целе ручаямi лiў пот. Праз пэўны час я заўважыў, што да мяне наблiжаюцца тры мужчыны; я даў iм прайсцi: мне трэба было шасцярых. Той, што iшоў злева, зiрнуў на мяне i шчоўкнуў языком. Я адвёў вочы.
Читать дальше