- Н-не, - прызнаўся Люсьен.
- Я пазычу вам "Азарэннi". Слухайце, нам трэба яшчэ абавязкова сустрэцца. Калi вы не заняты ў чацвер, заходзьце да мяне гадзiне а трэцяй, я жыву на Манпарнасе, на вулiцы Кампань-Прэмьер, дом 9.
У наступны чацвер Люсьен быў у Бержэра, а ў маi ўжо пачаў хадзiць да яго ледзь не кожны дзень. Берлiяку яны дамовiлiся казаць, што бачацца раз на тыдзень: яны хацелi быць з iм i шчырыя, i не надта яго засмучаць. Але Берлiяк усё роўна быў не ў сабе; аднойчы ён, хiхiкаючы, сказаў Люсьену:
- Ну што, завялi ўжо шуры-муры? Ён табе пра занепакоенасць, ты яму пра самагубства, i пайшло: выдатна, чаго там!
Люсьен незалюбiў.
- Папрашу заўважыць, - чырванеючы, сказаў ён, - што пра маё самагубства першы сказаў якраз ты.
- О-хо-хо! - адказаў Берлiяк. - Ды гэта толькi, каб табе пасля сорамна не было, што ты сам расказаў.
Яны пачалi сустракацца радзей.
- Усё, што мне падабалася ў iм, - прызнаўся аднойчы Люсьен Бержэру, - усё гэта ён пазычаў у вас. Цяпер я гэта выдатна бачу.
- Берлiяк - малпа, - смеючыся, сказаў Бержэр, - гэта мяне да яго i вабiла. Вы, дарэчы, ведаеце, што яго бабка па мацi жыдоўка? Гэта шмат чаго праясняе.
- Вядома, - пагадзiўся Люсьен i потым дадаў: - Зрэшты, ён файны хлопец.
Бержэрава кватэра была поўная розных пацешных рэчаў: тут стаялi фарбаваныя драўляныя зэдлiкi ў выглядзе жаночых ног з сядзеннямi з чырвонага аксамiту, красавалiся мурынскiя статуэткi, ашчацiнены шыпамi пояс цноты з каванага жалеза, гiпсавыя грудзi, утырканыя маленькiмi лыжкамi, а на пiсьмовым стале ляжалi гiганцкая бронзавая блыха i ўкрадзены з касцярнi ў Мiстры манаскi чэрап, якiм гаспадар карыстаўся, як прэс-папье. Сцены замест шпалераў былi спрэс абклееныя лiстамi, у якiх паведамлялася пра смерць сюррэалiста Бержэра. Нягледзячы на гэта, кватэра пакiдала ўражанне разумнага камфорту, i Люсьену падабалася часам паляжаць на мяккай канапе ў палiльным пакоi. Але больш за ўсё яго здзiўляла мноства фацэцiй з падвохам, якiя былi сабраны ў Бержэра на адной этажэрцы; сярод iх былi замерзлая вадкасць, чхальны парашок, зудлiвая шчэць, нятонучы цукар, д'ябальскае дзярмо, нявесцiны падвязкi. Размаўляючы з Люсьенам, Бержэр браў дзярмо двума пальцамi i доўга, сур'ёзна яго разглядаў.
- Гэтыя жарты, - казаў ён, - маюць рэвалюцыйную сутнасць; яны хвалююць. У iх больш зруйнавальнай сiлы, чым у Поўным зборы твораў Ленiна.
Люсьен здзiўлена i зачаравана глядзеў то на яго прыгожы i неспакойны твар з запалымi вачыма, то на доўгiя i тонкiя пальцы, якiя так грацыёзна трымалi беззаганна зымiтаваны кал. Бержэр часта гутарыў з iм пра Рэмбо i пра "пастаяннае парушэнне пачуццяў".
- Калi вы, праходзячы па плошчы Згоды, здолееце выразна i ў любы час убачыць мурынку, якая, укленчыўшы, ссе абелiск, - вы зможаце нарэшце сказаць, што вам удалося разбурыць знешнi дэкор i вы - уратаваны.
Ён пазычыў яму пачытаць "Азарэннi", "Песнi Мальдарора" i творы маркiза дэ Сада. Люсьен шчыра стараўся ўсё ўразумець, але многае яшчэ не паддавалася яго ўсведамленню. Ён быў вельмi шакаваны, што Рэмбо, як аказалася, педэраст, i прызнаўся ў гэтым Бержэру. Але той рассмяяўся: "Ну i што? Хлопча?" Люсьену зрабiлася вельмi няёмка, ён пачырванеў i на нейкае iмгненне нават адчуў да Бержэра нянавiсць. Але ўрэшце перамог сябе i, падняўшы галаву, са шчыраю прастатой прызнаў:
- Я сказаў глупства.
Бержэр палашчыў яго па валасах; здавалася, Люсьенавы словы яго расчулiлi.
- Гэтыя вялiкiя, палахлiвыя вочы, - сказаў ён, - вочы маленькай козачкi... Сапраўды, Люсьен, вы сказалi глупства. Педэрастыя ў Рэмбо - якраз i ёсць найпершае i генiяльнае парушэнне яго пачуццяў. Менавiта гэтаму мы i абавязаныя, што чытаем яго паэмы. Верыць, што ёсць нейкiя спецыфiчныя аб'екты сексуальнай прыхiльнасцi i што гэтыя аб'екты - жанчыны, толькi таму што ў iх памiж ног ёсць дзiрка, - гэта гнюсная i наўмысная памылка ўсiх непахiсных. Вось, зiрнiце!
Ён выняў з шуфляды ў стале тузiн зжаўцелых здымкаў i кiнуў iх на каленi Люсьену. Люсьен убачыў жудасных голых шлюх, якiя смяялiся шчарбатымi ратамi i рассоўвалi свае падобныя да разбухлых губ ляжкi, выстаўляючы памiж ног нешта накшталт парослага iмхом языка.
- Я купiў гэты наборчык у Бу-Саадзе, за тры франкi, - сказаў Бержэр. - Дык вось, калi вы будзеце цалаваць гэтым бабам у заднiцу, вас усё роўна будуць лiчыць сынком з добрай сям'i i проста скажуць, што вы жывяце па-халасцяцку. Бо гэта - жанчыны, разумееце? А я вам кажу, што першае, што трэба зрабiць, - гэта пераканаць сябе, што аб'ектам сексуальнага пачуцця можа быць усё: швацкая машынка, прабiрка, конь цi чаравiк. Вось я, - сказаў ён з усмешкай, - я кахаўся з мухамi. А яшчэ ведаў аднаго марскога пехацiнца, якi спаў з качкамi. Браў, зацiскаў iм галаву ў шуфлядзе, потым моцна трымаў за лапы - i давай!
Читать дальше