Збяры грошай хоць трохi, абавязкова! Зiмой у Калiфорнii работы няма. Набiвай мяшок, пакуль яшчэ вiдно. А вунь той, я заўважыў, падкiнуў у мяшок два камякi зямлi.
Ну i што? Я толькi выпраўляю яго фальшывую вагу.
У мяне тут вось запiсана - трыста дванаццаць фунтаў.
Усё правiльна.
Глянь, ён мне i слова не сказаў! Няйначай, вага ў яго фальшывая. Што ж, дзянёк выдаўся ўдачны.
Кажуць, сюды едзе яшчэ тысяча чалавек. Заўтра за кожны рад будуць бiцца. Выхоплiваць каробачкi адзiн у аднаго з-пад рук.
Патрабуюцца зборшчыкi. Чым больш зборшчыкаў, тым хутчэй у бавоўнаачышчальную машыну.
А зараз дамоў, у палявы лагер.
Божа мой, на вячэру ў нас сёння будзе бакавiна! Мы зарабiлi на бакавiну! Вазьмi малога за руку, бачыш, як ён знясiлiўся? Бяжы ў краму, вазьмi чатыры фунты бакавiны. Старая нам сёння напячэ смачных праснакоў, калi яшчэ на нагах трымаецца.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ВОСЬМЫ
Таварныя вагоны, iх было дванаццаць, стаялi без колаў на невялiкай паляне каля рэчкi, выстраiўшыся ў два рады, па шэсць у кожным, тарцамi адзiн да аднаго. Ад вялiкiх рассоўных дзвярэй iшлi ўнiз сходкi - шчыты, збiтыя з дошак. Нядрэннае жыллё - дахi не працякаюць, скразнякоў няма, i размясцiлiся тут дваццаць чатыры сям'i - па адной у кожнай палове вагона. Вокнаў не было, але шырокiя дзверы стаялi расчыненыя. У некаторых вагонах паловы аддзялялiся адна ад адной брызентавым полагам, у астатнiх мяжу адзначала лiнiя дзвярэй.
Джоўдаў пасялiлi ў палове аднаго з крайнiх вагонаў. Нехта з ранейшых жыхароў прыладзiў тут да газавага бiтона пячную трубу i вывеў яе вонкi праз дзiрку ў сценцы. У канцах вагона было цёмна нават пры адчыненых дзвярах, хоць яны i былi шырокiя. Мацi павесiла брызент пасярэдзiне вагона.
- Тут добра, - сказала яна. - Лепш нiдзе не было, калi не лiчыць урадавага лагера.
Кожны вечар яна раскладала на падлозе матрацы i кожную ранiцу згортвала iх зноў. Кожны дзень яны iшлi на поле збiраць бавоўну, i кожны вечар у iх было мяса на вячэру. Аднае суботы яны з'ездзiлi ў Туларэ i купiлi там жалезную печку, новыя кабiнезоны Элу, бацьку, Уiнфiлду i дзядзьку Джону i сукенку мацеры, а яе святочную сукенку аддалi Ружы Сарона.
- Яна так распаўнела, - сказала мацi. - Купiць ёй новае - дарэмна грошы трацiць.
Джоўдам пашчасцiла. Яны прыехалi сюды ў час i паспелi заняць месца ў вагоне. Уся паляна была цяпер застаўлена палаткамi тых, хто прыехаў пазней, а тыя, хто жыў у вагонах, лiчылiся старажыламi i ў нейкай ступенi мясцовай арыстакратыяй.
Мiма паляны цякла вузкая рэчка, то вынiкаючы з вербняку, то зноў хаваючыся ў iм. Ад кожнага вагона да яе збягала добра ўтаптаная дарожка. Мiж вагонаў былi працягнуты вяроўкi, i кожны дзень на iх сушылася бялiзна.
Аднойчы вечарам Джоўды вярталiся з поля, несучы пад пахай складзеныя баваўняныя мяшкi. Па дарозе зайшлi ў краму каля скрыжавання дарог. У краме было шмат пакупнiкоў.
- Ну, колькi сёння?
- Зарабiлi някепска. Тры даляры з паловай. Даўжэй бы тут затрымацца. З малых добрыя зборшчыкi выйдуць. Мацi сшыла iм кожнаму па мяшэчку. Вялiкiя iм цягаць не пад сiлу. Набяруць у свае i высыпаюць у нашы. Са старых кашуль сшыла. Добра працуюць - стараюцца.
Мацi падышла да мяснога прылаўка, паднесла палец да губ, падзьмула на яго, засяроджана разважаючы.
- Я ўзяла б свiных адбiўных, - сказала яна. - Па чым яны?
- Трыццаць цэнтаў фунт, мэм.
- Дайце тры фунты. I яшчэ супавага мяса якi-небудзь добры кавалак. Заўтра дачка мая зварыць. I бутэльку малака ёй. Яна страшэнна яго любiць. Чакае дзiцяцi. Медсястра сказала ёй больш малака пiць. Так, што яшчэ?.. Не, бульба ў нас ёсць.
З бляшанкай сiропу ў руцэ да яе падышоў бацька.
- Возьмем гэта, - сказаў ён. - Да аладак.
Мацi нахмурылася:
- Ага, так, што ж... бяры. Вось яшчэ гэта палiчыце. Так... лярду ў нас хопiць.
Падышла Руцi з двума вялiкiмi пачкамi сухога таннага печыва - у запытальным позiрку туга, i ад таго, цi кiўне мацi галавой, цi адмоўна пакруцiць ёю, туга гэтая магла перарасцi ў роспач цi змянiцца радасным узрушэннем.
- Ма? - Руцi падняла абодва пачкi, паказваючы iх i зверху i знiзу, каб яны i мацi спадабалiся.
- Пакладзi на месца...
У вачах у Руцi затрымцела роспач. Бацька сказаў:
- Яны ўсяго па пяць цэнтаў. Малыя сёння добра папрацавалi.
- Што ж, - сказала мацi, i ў вачах у Руцi засвяцiлася радасць, - добра.
Руцi павярнулася i кiнулася да выхаду. Па дарозе яна схапiла Ўiнфiлда i пацягнула яго на двор, у вячэрняе сутонне.
Дзядзька Джон памацаў пальцамi парусiнавыя пальчаткi з нашыўкамi з жоўтай скуры на далонях, прымерыў iх, зняў i паклаў на месца. Потым спакваля наблiзiўся да палiц са спiртным i паглыбiўся ў вывучэнне этыкетак на бутэльках. Мацi заўважыла гэта.
Читать дальше