- Усе азлобiлiся, - сказаў бацька. - Усе. Ты бачыла, якая бойка сёння была ў садзе? Мяняюцца людзi. Ва ўрадавым лагеры злых не было.
Эл збочыў на гравiйную дарогу, i жоўтыя агнi фар загайдалiся над яе палатном. Фруктовыя дрэвы нарэшце скончылiся, пайшлi баваўняныя палi. Яшчэ дваццаць мiль праехалi мiж бавоўнiку, круцячы i пятляючы палявымi дарогамi. Далей дарога пацягнулася ўздоўж зарослай хмызам рэчкi, потым павярнула на бетонны мосцiк i на другiм баку зноў пайшла берагам. Нарэшце фары асвятлiлi доўгi рад чырвоных таварных вагонаў без колаў i каля дарогi - вялiкi шчыт з надпiсам: "ПАТРАБУЮЦЦА ЗБОРШЧЫКI БАВОЎНЫ". Эл запаволiў ход. Том глядзеў праз шчылiну мiж бакавымi планкамi. Праз чвэрць мiлi пасля апошняга вагона Том пастукаў у сценку кабiны. Эл затармазiў машыну на абочыне i выйшаў.
- Ну, што яшчэ?
- Выключы матор i лезь сюды, - сказаў Том.
Эл сеў за руль, з'ехаў у кювет, выключыў фары i заглушыў матор. Потым залез на грузавiк цераз заднi борт.
- Так спакайней, - сказаў ён.
Том перабраўся цераз кацялкi i патэльнi да мацi i стаў на каленi.
- Слухайце, - сказаў ён. - Iм патрэбны зборшчыкi бавоўны. Я плакат бачыў. Я ўсё думаў, як так зрабiць, каб i з вамi мне застацца, i бяды на вас не наклiкаць. Калi твар зажыве, тады, можа, усё добра будзе, а цяпер небяспечна. Бачылi вагоны? У iх зборшчыкi жывуць. Магчыма, i вам праца знойдзецца. Можа б, вы нанялiся тут, а жылi б у вагонах?
- А з табой як? - строга запыталася мацi.
- Ты бачыла каля рэчкi густое кустоўе? Там можна схавацца, нiхто мяне не ўбачыць. А пад ноч будзеце прыносiць мне есцi. Непадалёк ёсць маставая труба. Я мог бы там спаць.
Бацька сказаў:
- Госпадзi, як мне ўжо хочацца хутчэй узяцца за гэту бавоўну! Праца знаёмая.
- У вагонах, напэўна, добра, - сказала мацi. - Чыста, суха. А ты думаеш, Том, у кустах у тых можна схавацца?
- Канешне. Па дарозе сюды я да iх прыглядаўся. Выберу добрае месца i адседжуся там. А як толькi зажыве твар, выйду.
- Шрам застанецца, - сказала мацi.
- Чорт з iм, у каго iх няма?
- Аднаго разу я сабраў чатырыста фунтаў, - сказаў бацька. - Тады, праўда, ураджай быў добры. Калi мы ўсе пойдзем на збор, можна крыху грошай зарабiць.
- I тады мяса купiм, - сказаў Эл. - А цяпер што рабiць будзем?
- Вернемся крыху назад i пераспiм ноч у грузавiку, - сказаў бацька. - А ранiцай пойдзем на працу. Я каробачкi нават у цемры бачу.
- А з Томам як? - запыталася мацi.
- Ты пра мяне не думай, ма. Я вазьму з сабой коўдру. Калi паедзеце назад, уважлiва глядзiце. Там ёсць маставая труба. Будзеце мне туды прыносiць хлеба цi бульбы або кашы - прынесяце i пакiнеце, а я буду прыходзiць i браць.
- Ай!
- Па-мойму, ён разумна гаворыць, - сказаў бацька.
- Вядома, разумна, - настойваў Том. - А калi твар крыху зажыве, я выйду i таксама збiраць бавоўну буду.
- Што ж, добра, - згадзiлася мацi. - Толькi будзь асцярожны. Не пападзiся каму-небудзь на вочы.
Том прабраўся ў заднi канец грузавiка.
- Я вазьму вось гэтую коўдру. Як назад паедзеце, ма, шукайце тую трубу.
- Толькi глядзi, не рызыкуй, - сказала мацi ўмольна. - Будзь асцярожны.
- Буду, - сказаў Том. - Абавязкова. - Ён пералез цераз заднi борт i пайшоў берагам. - Добрай ночы! - гукнуў ён.
Мацi бачыла, як яго постаць злiлася з цемрай i знiкла ў хмызняку каля рэчкi.
- Дай бог каб усё добра скончылася, - прамовiла мацi.
Эл запытаўся:
- Цяпер назад паедзем?
- Давай, - сказаў бацька.
- Ты толькi едзь паволi, - папрасiла мацi. - Хачу ўбачыць тую трубу, пра якую ён гаварыў. Абавязкова трэба ўбачыць.
Дарога была вузкая, i Элу давялося добра паманеўраваць, перш чым ён развярнуў машыну. Ён паволi павёў яе назад да таварных вагонаў. Святло фар выхапiла з цемры сходкi каля шырокiх дзвярэй. У вагонах было цёмна. Навокал нiдзе нi душы. Эл выключыў фары.
- Вы з дзядзькам Джонам лезьце наверх, - сказаў ён Ружы Сарона. - А я буду спаць у кабiне.
Дзядзька Джон памог Ружы Сарона пералезцi цераз борт. Мацi ссунула ў кучу посуд. Усе ўлеглiся ў задняй частцы машыны, цесна прыцiснуўшыся адзiн да аднаго.
У адным з вагонаў, захлiпаючыся, зайшлося плачам дзiця. Аднекуль выбег сабака i, прынюхваючыся да слядоў i сапучы, памалу абышоў вакол грузавiка Джоўдаў. З рэчкi даносiлася цiхае цурчанне вады.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ СЁМЫ
Патрабуюцца зборшчыкi бавоўны - плакаты ўздоўж дарогi, лiсткi, аранжавыя лiсткi: Патрабуюцца зборшчыкi бавоўны.
Сюды, па гэтай дарозе, напiсана на iх.
Цёмна-зялёныя сцяблы ўжо задравянелi, ацяжэлыя каробачкi ўчэпiста трымаюць свой груз. Белае валакно выпiрае з iх, як зерне з кукурузнага катаха.
Читать дальше