Казаць Леановічу аб гэтых няўлоўных прыкметах, бадай што, і няварта было. Ён, просталінейны, мог і не зразумець. Таму Гораў даволі бездапаможна – ён і сам адчуў гэта і пачырванеў – сказаў яму:
– Вы дваранiн, капiтан Леановiч, вы павiнны паважаць традыцыi…
Леановіч ускіпеў:
– А адкуль маё дваранства ідзе, вы ведаеце? Чаму ў мяне да прозвішча прыдомак «Пора», ці, па-простаму, «Пара»?
– Не, не ведаю.
– Таму што ад бандзюкоў паходзiм, мiл-свет Юрый Аляксандравiч… У цараванне, здаецца, цара-цяляцi горад Магiлёў аддаўся ва ўладу баганоснага маскоўскага воiнства. Заўважце, сам. Ну, на знак удзячнасцi жыхароў уганорылi трымаць гарнiзон коштам самога ж вялiкага града. I сталi тут нашы лабiдуды думу думацi. «Гэта каб яшчэ батагамi, дык згода была б – усё жыццё з-пад батагоў не вылазiм. А грошыкi – тут ужо не. Дудкi».
Стук у дзверы прымусіў Леановіча змоўкнуць. I Гораў сказаў холадна:
– Заходзь.
Увайшоў Іван, той самы, з якім Гораў размаўляў на пароме. Грубы, чырвоны твар Івана, твар сапраўднага салдафона, быў мокры. З-пад салдацкай бесказыркі спадала пасма рэдкіх засівелых валасоў. I нягледзячы на тое, што ён быў мокры, хоць выціскай, што з шыняля капала на падлогу вада, – кожны пазнаў бы ў ім старога, бывалага салдата. Выраз твару казаў сам за сябе, выраз афіцыйнай адданасці і пачцівасці, праз які відавочна праглядала лёгкая пагарда і свая, незамаскаваная, думка аб усім.
– Чаго табе? – спытаў Леановіч.
– Ваша высакароддзе, вада прыбывае. Рака пайшла старыкам.
Гораў мог бы пабажыцца, што на твары Леановіча, працягам кароткага імгнення, мільганула радасць.
– Брашы больш, – з недапушчальнай фамільярнасцю сказаў капітан. – Што ж, за гадзіну залівені магло так раку наліць?
– Пэўна, у вярхоўях некалькі гадзін ліло, ваша высакароддзе. Вадамерная рэйка напалову пад вадой.
– Ну і што з таго?
Праз паўгадзіны яна схаваецца ўся. Старыцу залье. Будзем на востраве.
Ну і добра. Дні два можам не чакаць мяцежнікаў… Ідзі да д’ябла.
I, пабачыўшы, што салдат усё яшчэ стаіць, спытаў:
– Ну, чаго табе яшчэ?
– Прахожыя могуць сунуцца ў ваду на звычайным пераездзе цераз старык… Дазвольце мне каравул паставіць… Могуць патопнуць.
– Твая якая справа? – спытаў капітан. – Няхай не соваюцца ў ваду, няхай вяртаюцца ў Збароў і там начуюць… Ніякіх каравулаў.
– Слухаюся – ніякіх каравулаў,– сказаў Іван і выйшаў.
Леановіч яшчэ хвіліну маўчаў, гледзячы за акно, дзе ў сінім святле маланак буйна скакалі па зямлі густыя вадзяныя бізуны. Потым казаў далей:
– I вырашылі рэзаць кроўных братоў. Калі ваш продак сярод іх быў, дык я яму не пазайздрошчу. Таму што некалькі тысяч іх было, і ніхто не ўцёк… Пачалося з таго, што нехта са стральцоў на кірмашы пірог у бабы ўхапіў. I тут мой продак, як хрысціянін, не вытрымаў, выбег з ратушы з крыкам «Пара!..».
…Увесь Мікалаеўскі спуск касцямі закідалі – адсюль і пайшла новая назва: Касцярня… Колькі стральчыхі па іх пагаласілі, колькі дзеці! Нічога не зробіш, любоў да брата… А чаму? З-за пірага ўсё, родненькі, з-за пірага…
…З пірага і дваранства наша пачалося. Кароль польскі – бац, прывілей: даць Леановічам прыдомак «пара», а як на іхняй мове гэта дрэнна гучыць, то перарабіць яго на «пора». Весяліся, Марцэля! А потым у горад польскае войска, ды кожнага дваццатага жыхара – на слуп: няма чаго зламысныя змовы з Масквою заводзіць. Э-ех, павесяліліся.
– У вас ёсць народ, – ціха сказаў Гораў.– Ёсць павага да чалавека, любоў да яго. Хіба гэтага мала? Я ведаю, многа дрэннага рабілі і робяць улады, але ж людзі не вінны.
– Мы вельмі любім народ, – сказаў Леановіч, усміхаючыся кутком прыгожых губ. – Каб зручней залазіць яму ў кішэнь… Не-е, вы, Юрый Аляксандравіч, з вашай слінявай вераю ў чалавека ідзіце – ведаеце куды? Гэта быдла па галаве трэба біць. I ваша, і наша, і польскае, і ўсякае. Іншага яны не варты… Шкадаваць? Каго? За што? За тое, што яны мэкаюць і бобам сыплюць? За тое, што ў іх спіна прыстасавана для сядла? За тое, што іхнія зады самі пэндаляў просяць?.. Не-е, Юрый Аляксандравіч, будзем шчырымі… Ёсць мой мозг і мая рука, што кожнага здолее ўзяць за глотку. Я іду! Хіліся!.. I нікога не шкадуй для сваёй мэты… Пакуль у сілачку не ўваб’ешся, – маўчы, падпарадкоўвайся і паступова прывучай усіх баяцца цябе… А там – не шкадуй. Ні жанчын, ні дзяцей. Ідзі па трупах, і добра табе будзе. З людзьмі ўсякія сродкі добрыя. Здрада, атрута, данос, а пасля нож, бізун, турма… I не трэба саромецца.
Я не саромлюся. На прыгожыя словы – пляваць. Я такіх брыдот нараблю, што ўсіх ванітаваць будзе. Вас будзе ванітаваць, а я тым часам на кожнага пятлю накіну. I зацягну…
Читать дальше