Пераклалі Кацярына Маціеўская і Ганна Янкута
Sub conservatione formae specificae salva anima.
Пры захаванні пэўнай формы душа застаецца жывою (лац.)
Раймунд Лулій*
Я паходжу з роду, слыннага сілаю фантазіі і палам жарсці. Мяне называлі вар’ятам, аднак яшчэ невядома, ці не ёсць вар’яцтва найвышэйшым розумам і ці не бярэ ўсё слаўнае і мудрае пачатак з запалёнае думкі, з асаблівага настрою розуму, узнесенага цаною страты звычайнага інтэлекту. Тыя, хто бачыць сны наяве, абазнаныя шмат у якіх рэчах, што недасяжныя для тых, хто бачыць сны адно ўначы. Скрозь туманныя летуценні яны зазіраюць у вечнасць і, прачнуўшыся, трымцяць ад адчування, што ім выпала стаяць на краі вялікае таямніцы. Урыўкамі да іх даходзяць крыхі мудрасці, якія ёсць дабром, і крыху больш – звычайныя веды, якія ёсць ліхам. Тым не менш без стырна і без компасу яны пранікаюць у неасяжны акіян «святла невымоўнага» і зноў, як у прыгодах нубійскага географа*, «agressi sunt mare tenebrarum, quid in eo esset exploraturi» . [21] Уваходзяць у мора цемры*, каб даследаваць, што ў ім (лац.).
Што ж, няхай кажуць, што я вар’ят. Прынамсі, я прызнаю, што ёсць дзве адрозныя формы майго псіхічнага існавання – бясспрэчны стан яснага розуму, якому належыць памяць пра падзеі, што склалі першы перыяд майго жыцця, і стан ценю й сумневаў, якія адносяцца да майго цяперашняга жыцця і згадак пра тое, што адбылося ў другой вялікай эры майго існавання. Такім чынам, давайце веры ўсяму, што я буду апавядаць пра першы перыяд, а што да пазнейшага перыяду, то стаўцеся да ўсяго роўна з такім даверам, як яно таго заслугоўвае, або сумнявайцеся, а калі сумнявацца вы не можаце, то ўявіце, што гэта – Эдыпава загадка.
Тая, каго я кахаў у юнацтве і пра якую цяпер ясна і спакойна пішу гэтыя ўспаміны, была адзінаю дачкою адзінае сястры маёй даўно ўжо спачылай маці. Маю кузіну звалі Элеанораю. Усё жыццё мы пражылі разам, сагрэтыя трапічным сонцам Даліны Шматколерных Траваў. Ніводзін чужы след не з’яўляўся ў той даліне, бо ляжала яна далёка-далёка, за ланцугом велізарных узвышшаў, што шчыльна навісалі наўкола, не прапускаючы сонечнае святло ў самыя прыгожыя яе закуткі. Ніводнае сцяжынкі не было пратаптана ў яе ваколіцах, і, каб трапіць у наш шчаслівы дом, трэба было прабрацца праз лісце тысячаў лясных дрэваў, да смерці растоптваючы хараство многіх мільёнаў духмяных кветак. Вось чаму мы жылі самотна, нічога не ведаючы пра свет па-за далінаю – я, мая кузіна ды яе маці.
З панурых земляў, што слаліся па-за высокімі гарамі, што з усіх бакоў абступілі наш край, прасочвалася вузенькая і глыбокая рачулка, ярчэйшая за ўсё на свеце, акрамя вачэй Элеаноры; і, крадучыся звілістым шляхам, яна знікала ў цяністай шчыліне гор, між узвышшаў, яшчэ больш панурых за тыя, з якіх яна брала пачатак. Мы назвалі яе Ракою Маўчання, бо здавалася, быццам плынь яе валодала нейкай сілай бязгучнасцi. Ніякага цурчання не чулася ад яе, лілася яна так лагодна, што перламутравыя каменьчыкі, на якія мы так любілі глядзець, нерухома ляжалі ў глыбіні, кожны на адным і тым жа месцы, выпраменьваючы велічнае ззянне.
Берагі той ракі і яе шматлікіх бліскучых ручаёў, што лёгка рухаліся да рэчышча праз пакручастыя сцежкі, гэтаксама як і неасяжная прастора, што распасцерлася ад самых глыбокіх краёў да самага дна, высланага галькай, – гэтыя мясціны, як і ўся паверхня даліны, ад рэчкі да гор, што апярэзвалі яе, былі засланыя мяккаю зялёнаю травою, густою, нізкаю, беззаганна роўнаю, напоўненаю водарам ванілі і так прыгожа ўсеянаю паўсюль жоўтымі казяльцамі, белымі стакроткамі, пурпурнымі фіялкамі і рубінавымі асфадэлямі, што ўсё гэтае бязмернае хараство хвалявала нашыя сэрцы, гучна апавядаючы пра каханне і славу Усявышняга.
Дзе-нідзе сярод гэтае травы, нібы дзівосныя сны, узвышаліся незвычайныя дрэвы, чые высокія тонкія камлі стаялі не проста, а грацыёзна хіліліся да святла, што апоўдні разлівалася ў самае сэрца даліны. Кара іх стракацела яркім бляскам, у якім чаргаваліся водбліскі чарноты й срэбра, і была яна пяшчотнейшая за ўсё, акрамя шчок Элеаноры, і калі б не пышная зеляніна вялізных лістоў, якія спадалі з вершалінаў даўгімі хісткімі радамі, падлашчваючыся да лёгкага ветрыку, то можна было прыняць тыя дрэвы за гіганцкіх сірыйскіх змеяў, што аддавалі пашану свайму ўладару – Сонцу.
Трымаючыся за рукі, пятнаццаць гадоў блукалі мы з Элеанораю па той даліне, пакуль каханне не запанавала ў нашых сэрцах. Сталася тое аднаго вечара на зыходзе трэцяга пяцігоддзя яе жыцця і чацвертага – майго, калі мы сядзелі пад змеепадобнымі дрэвамі, сціскаючы адно аднаго ў абдымках, і глядзелі на ваду ў Рацэ Маўчання, на нашыя адлюстраванні ў ёй. Мы не прамовілі ні слова ў той цудоўны дзень, і нават вымаўленае намі назаўтра было нешматлікім і нясмелым. Мы выклікалі бога Эрота з тае хвалі і цяпер адчувалі, што ён абудзіў у нас палкасць, закладзеную яшчэ ў нашых продках. Жарсці, якімі вякамі быў адзначаны наш род, сабраліся, перапоўненыя фантазіямі, і пранесліся шалёнаю асалодаю над Далінаю Шматколерных Траваў. Усё ў ёй змянілася. Незвычайныя цудоўныя кветкі, падобныя да зорак, распусціліся на дрэвах, тых, якія раней ніколі не ведалі квецені. Зяленіва смарагдавага кіліма стала яшчэ больш насычаным, а калі адна за адною звялі белыя стакроткі, замест іх параспускаліся дзясяткі рубінавых асфадэляў. Жыццё пачало з’яўляцца ўсюды, куды б нашая нага ні ступала, – высокі фламінга, дагэтуль не бачаны, разам з іншымі вясёлымі яркімі птушкамі выхваляўся перад намі сваім пунсовым апярэннем. Залатыя і срэбныя рыбкі заплюхаліся ў рацэ, з лона якое паціху пачало раздавацца цурчанне, што ўрэшце ператварылася ў мелодыю калыханкі, прыгажэйшую за Эолаву арфу, саладзейшую за ўсё на свеце, акрамя голасу Элеаноры. І вялізнае воблака, якое мы бачылі толькі блізу Геспера*, прыплыло адтуль, выпраменьваючы барвовыя і залатыя водбліскі, і, мірна ўладкаваўшыся па-над намі, дзень пры дні пачало апускацца усё ніжэй, аж пакуль краямі не ўлеглася на вершаліны гор, ператвараючы іх цьмянасць у велічнасць і замыкаючы нас у чароўнай вязніцы пышнасці й прыгажосці.
Читать дальше